Школа добрага чараўніка

З чаго пачынаецца тэатр? Лічыце, што з вешалкі? А вось і няпраўда! Са шкарпэтак. Па меншай меры, лялечны тэатр “Чараўнік” сярэдняй школы № 31 Магілёва для многіх першаклашак стартаваў менавіта з іх — рознакаляровых шкарпэтак, апранутых на руку.

— Пакуль дзеці маленькія, ім здаецца, што тэатр лялек — гэта магчы­масць увесь дзень гуляць з цацкамі. Таму ўсе першаклашкі, пачуўшы, што можна навед­ваць нашы рэпетыцыі, выказваюць стапрацэнтнае жаданне быць акцёрамі. Але хутка разу­меюць, што не ў казку трапілі: у школе ў казкі не вераць, іх ствараюць уласнымі рукамі! — расказвае настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 31 Магілёва Ірына Ігараўна Караткевіч.

Дзесяць гадоў назад яна разам са сваёй калегай Марынай Віктараўнай Валько заснавала тэатр “Чараўнік”. Рыхтуючыся да адкрытага ўрока, настаўніцы падумалі: а чаму б не паставіць з вучнямі спектакль, а каб было цікавей, зрабіць не простую пастаноўку, а лялечную! Ідэя спадабалася. Увасабляць яе ў жыццё спадабалася яшчэ больш… Так і закруцілася: настольныя лялькі, каркасныя, паркетныя, афішы, дэкарацыі, рэпетыцыі — сур’ёзнае тэатральнае жыццё.

Марына Віктараўна і Ірына Ігараўна здольны падрыхтаваць увесь патрэбны рэквізіт для новай пастаноўкі за ты­дзень. Але яны не былі б педагогамі, калі б усё рабілі самі… Па меры сталення, усё большую дапамогу ім аказваюць вучні, якія ў тэатры “Чараўнік” праходзяць шлях ад нулявых пачаткоўцаў да сур’ёзных працаўнікоў сцэны.

Спачатку, пакуль вучні малодшых класаў толькі знаёмяцца з закулісным жыццём, іх вучаць выразаць і склейваць самых простых лялечак з паперы, тых, што можна зрабіць самастойна за адзін урок, а потым панесці дадому маме: лялькі для тэатра ценяў, для настольнага пальчыкавага тэатра.

Далей праграма крыху ўскладняецца: да канца першага класа навучэнцы знаёмяцца з мімічнай лялькай, якую робяць са шкарпэтак. Тэхнічна стварыць яе, нават для шасцігодкі, — невялікая задача. Складаней навучыцца кіраваць: сінхранізаваць уласную міміку і рухі рукі, якая адкрывае і закрывае раток лялькі. Гэта больш сур’ёзны ўзровень узаемадзеяння з прадметам, які становіцца выдатнай падрыхтоўкай да наступнага этапу ў жыцці маленькіх тэатралаў… знаёмства з лялькай-пальчаткай, ці, як яе яшчэ называюць, бі-ба-бо…

У школе ў казкі не вераць, іх ствараюць уласнымі рукамі!

— І вось тады пачынаюцца скаргі, — усміхаецца Ірына Ігараўна. — Спачатку мы проста паказваем малышам, як на­дзець ляльку на руку, як яе правільна трымаць, куды ўставіць пальчыкі, як ківаць галавой… І амаль адразу нашы навучэнцы пачынаюць пакутаваць: і пальчыкі ў іх баляць, і няёмка ім, і нязручна… Таму спачатку мы працуем з лялькамі-пальчаткамі літаральна па адной мінуце, рыхтуючы дзіцячыя рукі да больш сур’ёзнай работы. Паступова, вельмі павольна, павялічваем гэты час да сямі мінут.

Так, пакрысе, да малодшых школьнікаў прыходзіць усведамленне, што тэатр — гэта не цацкі, гэта таксама праца, часам нялёгкая. І тыя, хто да яе не гатовы, каму надакучыла, хто адчувае ў сабе прагу да іншых сфер дзейнасці, сыходзяць. Да 3 класа касцяк “Чараўніка” поўнасцю фарміруецца. І так, спрацаванай камандай, яны пераходзяць на новы ўзровень — работу на вялікую публіку ў актавай зале.

Справа ў тым, што лялькі для настольнага тэатра, а таксама самыя простыя бі-ба-бо выкарыстоўваюцца, толькі каб паказваць пастаноўкі ў невялічкіх па памерах аўдыторыях. Здалёк яны элементарна нябачныя. Затое бачны лялькі са скульптурнага тэкстылю — на каркасе з дроту, абгорнутыя сінтэпонам і абцягнутыя панчохамі, з выразнымі тварамі — здалёк выгляда­юць нібы жывыя. Гэтых штучных артыстаў ро­бяць самі настаўнікі, а дзеці па магчымасці ім дапамагаюць.

Наперадзе ў іх самае складанае — паркетныя лялькі, высокія, у рост дзіцяці. Не кожны трэцякласнік можа справіцца з імі. Нават фізічна многім не хапае сіл, каб кіраваць паркетным артыстам. Звычайна да гэтага ўзроўню хлопчыкі і дзяўчынкі дарастаюць толькі ў 4 класе, тады ўсё супадае: і практыка, і тэатральныя навыкі, і фізічнае развіццё…

— Вядома, часам мы з вучнямі вяртаемся назад, да асноў, узгадваем, як праца­ваць з самым простым рэквізітам, аднаўляем старыя спектаклі, — працягвае Ірына Ігараўна. — За час існавання нашага лялечнага тэатра мы пераканаліся, што можам усё! Мы праглядзелі столькі майстар-класаў па шыцці цацак, столькі лялек стварылі, што, здаецца, маглі б вырабляць іх нават з заплюшчанымі вачыма. І гэта толькі адзін аспект працы з нашым тэатрам, толькі “вешалка”… Але якая! Тая, з якой усё пачынаецца!

Віталіна НЕСЦЯРОВІЧ.