Школа добрых пачуццяў

- 10:48Навіны рэгіёнаў

Любоў, міласэрнасць, дабрыня, шчырасць, спагада… Апошнім часам мы сталі часцей звяртацца да гэтых слоў. Нібыта зразумелі нарэшце, што чалавек нараджаецца і жыве для таго, каб рабіць найперш добрыя справы. Прыклад гэтага — аб’яднанне па інтарэсах “Добрыя сэрцайкі”, якое працуе ў сярэдняй школе № 2 Маларыты.

Аднайменны атрад міла­сэрнасці быў сфарміраваны ў 2009 го­дзе па ініцыятыве праваслаўнага сястрынства міласэрнасці ў гонар абраза Божай Маці “Усіх тужлівых Радасць”, што існуе пры храме Мікалая Цудатворца ў райцэнтры. У склад атрада тады ўвайшлі вучні 3—4 класаў. Кіраўнікамі сталі настаўнікі пачатковых класаў Таццяна Яцура і Тамара Тарноўская. Неабходную дапамогу аказвала ветэран педагагічнай працы Неаніла Германюк. Атрадам апекавалася старшая сяс­тра сястрынства міласэрнасці Любоў Колпікава.

Сёння аб’яднанне па інтарэсах наведваюць 30 хлоп­чыкаў і дзяўчынак трох узроставых груп — вучні 2, 6 і 10 класаў. Самыя актыўныя ўдзельнікі “Добрых сэрцайкаў” — Дар’я Крэнь, Софія Яцура, Ганна Глушчык, Арына Матузка, Славяна Увароўская, Юлія Лісіцкая, Іван і Аляксандр Кукліцкія, Наталля Сацюк. Яны наведваюць аб’яднанне ўжо некалькі гадоў.

— “Добрыя сэрцайкі” далучаюць дзяцей да канкрэтнай міласэрнай дзейнасці, вучаць суперажыванню, спагадзе і дабрыні, скіроўваюць да карысных  учынкаў, — расказвае Тамара Тарноўская. — Наш дэвіз: “Мы людзі не тады, калі дыхаем, а пакуль любім”.

Атрадаўцы займаюцца найперш справамі міласэр­насці і асветніцкай дзейнасцю. Акрамя таго, арганізоўваюць і праводзяць мерапрыемствы  праваслаўнай накіраванасці, падчас якіх расказваюць пра гісторыю ўзнікнення пэўнага рэлігійнага свята, чытаюц­ь вершы, спяваюць, рыхтуюць невялікія інсцэніроўкі. Школьнікі дапамагаюць пажылым, адзінокім, хворым людзям і інвалідам. У пачатку любой задуманай справы дзеці бяруць у святара благаславенне. Гэта натхняе і надае сілы.

Са сваімі канцэртамі-віншаваннямі “Добрыя сэр­цайкі” пабывалі ў многіх арганізацыях і ўстановах, на прадпрыемствах. Так, яны не раз наведалі Маларыцкі раённы ЦКРНіР, Маларыцкі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Ма­ла­рыцкую цэнтральную раённую бальніцу, пагранічную камендатуру “Маларыта”, Маларыцкую раённую бібліятэку, а таксама ўдзельнічалі ў розных раённых і гарадскіх мерапрыемствах.

— Вельмі часта пасля нашых выступленняў на вачах гледачоў мы бачым слёзы, — гаворыць Тамара Тарноўская. — Гэта сведчыць пра тое, што дабрыня, якую мы нясём, знаходзіць водгук у людскіх сэрцах. Мы займаемся міласэрнасцю не дзеля нейкай славы ці заахвочвання, а па поклічы душы. Атрадаўцы добра разумеюць: прысвячаючы некалькі гадзін у тыдзень іншым людзям, не толькі мяняеш іх жыццё, напаўняючы яго новым зместам, але і мяняеш сваё, становішся больш добрым і чулым. Вядомы педагог Васіль Сухамлінскі гаварыў: “Калі добрыя пачуцці не выхаваны ў дзяцінстве, то іх ніколі ўжо не выхаваеш”. Кожны чалавек у маленстве павінен прайсці эмацыянальную школу — школу добрых пачуццяў.

Сёлета аб’яднанне па інтарэсах “Добрыя сэрцайкі” стала лаўрэатам абласнога конкурсу “Духоўныя каштоўнасці рэгіёна ў змесце дзейнасці музея”, які праводзіўся ў рамках рэспубліканскай акцыі “Я гэты край Радзімаю заву”. Дзейнасць валанцёраў адзначана таксама граматамі Маларыцкага благачыння.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.