Школа, дзе хочацца вучыць і вучыцца

- 10:11Адукацыйная прастора

Самая сучасная і тэхнічна забяспечаная школа адкрылася ў Бабруйску 1 верасня. Павіншаваць дзяцей і іх бацькоў з такой знамянальнай падзеяй сабраліся ганаровыя госці з Мінска і Магілёва, а паглядзець на ўрачыстую лінейку ў новай навучальнай установе прыйшоў увесь мікрараён. І гэта нядзіўна, бо апошні раз школа ў Бабруйску адкрывалася больш за 20 гадоў назад — у 1995 годзе.

— Новая школа — гэта радасць для дзяцей, гэта падзея, якую даўно чакалі, і лепшага падарунка для жыхароў мікрараёна, асабліва ў Год малой радзімы, наўрад ці можна знайсці, — падкрэсліла начальнік упраўлення адукацыі Бабруйскага гарвыканкама Вікторыя Амялюсік. — Школа добра тэхнічна ўкамплектавана: 31 інтэрактыўная дошка, 13 мультыбордаў, 7 тэлевізараў з дыяганаллю экрана 43 цалі… На стале ў кожнага настаўніка ёсць камп’ютар, а ў вучняў — электронныя дзённікі і асабістыя карткі. Больш таго, тут упершыню ў горадзе рэалізуецца праект “Электронная школа” з поўным камплектам сэрвісаў.

Школа мае фізкультурна-аздараўленчы профіль: дзве спартыўныя, трэнажорная, харэаграфічная і гімнастычная залы, дзве баскетбольныя і тры валейбольныя пляцоўкі, скаладром. Хутка будзе адкрыты басейн з 50-метровымі дарожкамі, які змогуць наведваць усе жыхары мікразоны. Таксама ў школе абсталяваны два лінгафонныя класы, ёсць медыцынскі блок — стаматалагічны, працэдурны і медыцынскі кабінеты.

Асаблівую ўвагу праекціроўшчыкі надалі стварэнню безбар’ернага асяроддзя: для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі ёсць ліфты і пандусы, спецыяльным чынам абсталяваныя прыбіральні. А для самых маленькіх выхаванцаў школы, першакласнікаў, ёсць lego-клас, які дадасць нагляднасці ў працэсе вывучэння азбукі і рашэння матэматычных задачак.

У Магілёўскай вобласці школ, пабудаваных па такім праекце, толькі 2: у Магілёве і Крычаве. Бабруйская школа атрымалася па-асабліваму цёплай і ўтульнай. Шмат у чым гэтаму спрыяе ўнутранае афармленне інтэр’ераў: яркія і наглядныя малюнкі і добра падабраныя каляровыя рашэнні “запрашаюць” вучыцца і ствараюць камфортную, сяброўскую атмасферу. Добра аформлена і прышкольная тэрыторыя. У найбліжэйшай будучыні яна стане яшчэ прыгажэй: з’явяцца зялёныя газоны і насаджэнні, новыя кветнікі і раслінныя кампазіцыі.

Яшчэ адна адметная асаблівасць установы адукацыі — адзіная школьная форма для вучняў. Усе касцюмы выкананы ў цёмна-сіняй каляровай гаме, дапоўненай яркім аранжавым гальштукам і шаўронам з эмблемай школы. Дарэчы, лагатып школы ўпрыгожыў і шыльду з назвай установы адукацыі. Гэта асобная нагода для гонару вучняў і адміністрацыі школы.

— На нашым лагатыпе намаляваны дзяўчынка і хлопчык, якія трымаюць у руках Парастак ведаў, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 34 Бабруйска Ірына Мікалаеўна Матузава. — Дзеці намаляваныя на фоне зямнога шара як сімвал таго, што атрыманыя ў школе веды яны змогуць прымяніць у любой кропцы свету. Вядома ж, мы не змаглі пакінуць эмблему без любімага персанажа бабруйчан — маленькага бабраняці. З упэўненасцю магу сказаць, што новая школа — самая лепшая, прыгожая, сучасная, прасторная і ўнікальная. Гэта школа для тых, хто хоча вучыцца і вучыць.

Ірына Мікалаеўна — настаўнік вышэйшай катэгорыі, педагог з 20-гадовым стажам, пераможца прэстыжных конкурсаў прафесійнага майстэрства, член рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”. Некалькі разоў станавілася лепшым настаўнікам Бабруйска, Магілёўскай вобласці, а таксама прымала ўдзел у рэспубліканскім конкурсе “Настаўнік года Беларусі — 2014”. У тым, што пад яе кіраўніцтвам школа будзе пастаянна развівацца і дасягаць новых поспехаў — няма сумненняў.

Новая ўстанова адукацыі разлічана на 1020 месцаў — а гэта больш як 40 укамплектаваных класаў. Напрыклад, тут адзначана рэкордная колькасць 5-х класаў — 8. Дарэчы, першакласнікаў таксама нямала — набрана 7 класаў. Тут працуюць 65 настаўнікаў. Па словах Ірыны Мікалаеўны, усе педагогі — маладыя, крэатыўныя, якія хочуць працаваць і выпрабоўваць у навучальным працэсе новыя тэхналогіі, якімі школа добра аснашчана. Абслугоўваннем установы зоймуцца 70 чалавек тэхнічнага персаналу.

Ганаровыя госці, якія прынялі ўдзел ва ўрачыстай лінейцы і адкрыцці новай школы, адзначалі, што развіццё сацыяльнай інфраструктуры — першачарговая задача для стварэння камфортных умоў пражывання чалавека. Асабліва важна гэта для падрастаючага пакалення на этапе станаўлення асобы.

— 1 верасня ў кожнага яшчэ са школьных часоў выклікае самыя прыемныя і кранальныя ўспаміны, — адзначыў намеснік прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Яўгенавіч Кухараў. — Удвая прыемна, што сёння гэтае свята прымеркавана да адкрыцця новай навучальнай установы. Асабліва гэты дзень павінен запомніцца першакласнікам, якія першы раз пераступаюць парог школы. У іх наперадзе доўгі шлях станаўлення асобы, атрымання ведаў і ўменняў, дзякуючы якім дзеці павінны ўсвядоміць і знайсці сябе. Асаблівыя словы падзякі — настаўнікам, якія сваёй штодзённай працай, аддаючы душу і сэрца, ствараюць падмурак нашай дзяржавы і многа робяць для таго, каб нашы дзеці атрымалі добрыя веды, выхаванне, уменні і навыкі. Хацелася б адзначыць і вучняў выпускных класаў — у іх застаўся год, каб прааналізаваць і сістэматызаваць усе атрыманыя веды, зрабіць свой выбар і вызначыцца, як яны будуць будаваць сваё далейшае жыццё.

Шчырыя і цёплыя віншаванні з Днём ведаў і адкрыццём новай навучальнай установы атрымалі жыхары Бабруйска ад старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Віктаравіча Даманеўскага. Ён звярнуўся да вучняў з просьбай берагчы і прымнажаць тое, што ім было даручана старэйшымі, якія зрабілі ўсё магчымае, каб падрастаючаму пакаленню было зручна і камфортна атрымліваць новыя веды, рознабакова развівацца і паказваць добрыя вынікі.

— У новай школе для навучальнага працэсу ўсё створана так, што проста немагчыма не авалодваць тымі ведамі, якія будуць даваць педагогі, — падкрэсліў кіраўнік рэгіёна. — Асобная падзяка настаўнікам, бо іх работа вельмі важная і адказная, таму што школа нароўні з сям’ёй — асноўныя інстытуты, якія выхоўваюць і гадуюць грамадзян нашай краіны. Менавіта гэтыя інстытуты ствараюць сапраўдных патрыётаў, здольных шанаваць усё і ўсіх. Жадаю, каб усе, хто сёння сеў за парты, адказна падышлі да свайго далейшага лёсу. Няхай нашы дзеці растуць пісьменнымі і падрыхтаванымі да самастойнага жыцця.

Дарэчы, ганаровыя госці прыйшлі на наваселле з добрымі і шчодрымі падарункамі. Так, ад Савета міністраў Рэспублікі Беларусь бабруйскай школе былі прэзентаваны сертыфікаты на набыццё інтэрактыўнай панэлі для навучальных заняткаў і 10 камплектаў робататэхнікі для lego-класа. Магілёўскі аблвыканкам выдзеліў сродкі на праграмна-апаратны комплекс для аўтаматызацыі адукацыйнага працэсу па праекце “Электронная школа”, Бабруйскі гарвыканкам — на інтэрактыўны нахілены стол, ААТ “ААБ Беларусбанк” — на рэалізацыю праекта “Карта навучэнца” і грашовы сертыфікат на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстановы.

Па словах старшыні праўлення банка Віктара Міхайлавіча Ананіча, праект “Карта навучэнца”, да якога далучаны ўжо больш за 100 беларускіх навучальных устаноў, рэалізуецца ў рэспубліцы з 2013 года. Ён дапамагае хлопчыкам і дзяўчынкам спасцігаць азы фінансавай дасведчанасці, дае доступ у бібліятэку, магчымасць кантраляваць выдадзеныя бацькамі грошы, а тым у сваю чаргу — кантраляваць дзяцей, якія наведваюць школу.

У завяршэнні цырымоніі адкрыцця на тэрыторыі школы была закладзена капсула часу з пасланнем першакласнікаў 2018 года.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.