Школа, дзе “паспяхова быць паспяховым”

Сярэдняя школа № 13 Жлобіна — добра вядомая ўстанова адукацыі ў рэспубліцы. Яна славіцца як сваімі педагогамі (імёны Віталія Васільевіча Гузава, Алены Аляксандраўны Ананчыкавай, Дзмітрыя Барысавіча Доўнара ведае ўся педагагічная грамадскасць краіны), так і дасягненнямі навучэнцаў. За апошнія 10 гадоў 87 выхаванцаў школы сталі лаўрэатамі прэміі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. 22 разы гэтая прэмія прысуджалася настаўнікам установы. За мінулы навучальны год 9 школьнікаў заваявалі дыпломы рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах. Зразумела, за ўсім гэтым стаіць карпатлівая праца саміх вучняў і іх педагогаў. Пра тое, якая работа наладжана ва ўстанове адукацыі для прафесійнага росту і самарэалізацыі педагогаў, нашаму карэспандэнту расказвае дырэктар жлобінскай школы № 13 Клаўдзія Васільеўна ГУЗАВА.

— У нашай школе “паспяхова быць паспяховым”, і мы імкнёмся ствараць для гэтага ўсе ўмовы. Са 123 педагагічных работнікаў нашага калектыву — 1 заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь і 4 выдатнікі адукацыі. Наша школа адзіная на Гомельшчыне, дзе працуюць 3 настаўнікі-метадысты, яны ж з’яўляюцца членамі рэспубліканскага клуба “Крыштальны журавель”. Гэта настаўнікі працоўнага навучання В.В.Гузаў, Д.Б.Доўнар і настаўніца фізікі намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А.А.Ананчыкава, якая з’яўляецца старшынёй абласнога клуба “Зорнае крыло”. Раённымі трэнерамі каманд па падрыхтоўцы навучэнцаў да прадметных алімпіяд з’яўляюцца Л.І.Лупсякова, С.В.Цярэшчанка, В.В.Гузаў, Д.Б.Доўнар, Т.Ф.Любіна. Як кіраўнік я стаўлю перад сабой найперш задачу стварэння ўмоў для павышэння прафесійнага майстэрства педагогаў і іх самарэалізацыі.

— Клаўдзія Васільеўна, раскажыце больш падрабязна пра тое, па якіх напрамках вядзецца гэтая работа.

— У рабоце нашага калектыву можна вылучыць наступныя напрамкі: работа з навучэнцамі, удзел у эксперыментальнай, інавацыйнай дзейнасці, удзел у конкурсах педмайстэрства рознага ўзроўню, аўтарскія распрацоўкі вучэбна-метадычных дапаможнікаў, экспертыза і рэцэнзаванне праграм і вучэбных дапаможнікаў, грамадская дзейнасць.

Удасканаленне педагагічнага майстэрства адбываецца з устойлівай зваротнай сувяззю: чым больш даеш — тым больш атрымліваеш. І прынцып “роўны навучае роўнага” ў нашых умовах удаецца рэалізаваць лепш за ўсё. Нашы настаўнікі-метадысты, з’яўляючыся стваральнікамі ўласных сістэм работы, ахвотна дзеляцца сваім вопытам і напрацоўкамі з педагогамі як нашай школы, так і школ вобласці, рэспублікі. Прынцып “роўны навучае роўнага” рэалізоўваецца праз правядзенне майстар-класаў, педагагічных майстэрань, тэматыка якіх разнастайная, а навыкі педагогаў, на развіццё якіх накіраваны гэтыя мерапрыемствы, актуальныя (фарміраванне і развіццё навыкаў рэалізацыі кампетэнтнаснага падыходу, кантрольна-ацэначнай і праектнай дзейнасці, развіццё прадметных кампетэнцый настаўнікаў і ўменняў работы з навучэнцамі пры падрыхтоўцы да алімпіяд і ЦТ). Ужо на працягу 5 гадоў на базе нашай школы праводзяцца курсы павышэння кваліфікацыі настаўнікаў працоўнага навучання па асваенні аўтарскай адукацыйнай праграмы В.В.Гузава “Развіццё прафесійных кампетэнцый настаўніка працоўнага навучання”.

Настаўнікі-метадысты з’яўляюцца аўтарамі і суаўтарамі вучэбна-метадычных дапаможнікаў і артыкулаў, прымаюць удзел у экспертызе, рэцэнзаванні праграм, тэстаў цэнтралізаванага тэсціравання, вучэбных дапаможнікаў і кніг. У напрамку апрабацыі вучэбнага дапаможніка “Мая Радзіма — Беларусь” працавала намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце А.Р.Ермакова. Калектыў настаўнікаў матэматыкі прымаў удзел у абмеркаванні вучэбных праграм 2017 года.

Нашы настаўнікі прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах педмайстэрства. Яны заўсёды сярод пераможцаў раённых метадычных конкурсаў. В.В.Гузаў, стаўшы лаўрэатам рэспубліканскага этапу конкурсу “Настаўнік года — 2004”, перадаў эстафету ў 2011 годзе А.А.Ананчыкавай і ў 2017 годзе Д.Б.Доўнару. Лаўрэатам абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года — 2006” стала Т.В.Гірнік, фіналістам абласнога конкурсу “Педагог-псіхолаг года” — Т.М.Говар. Удзельнікамі абласнога этапу конкурсу “Настаўнік года — 2017” былі А.С.Белаглазаў і В.Г.Дубіна. Мяркую, па дасягненнях нашых педагогаў у розных спаборніцтвах можна гаварыць пра наладжаную сістэму каманднай работы школы.

— Для фарміравання творчага, мэтанакіраванага, канкурэнтаздольнага навучэнца важным з’яўляецца навучыць яго вучыцца. А навучыць гэтаму можа толькі той чалавек, які сам валодае падобным уменнем. Ці не так?

— Гэта сапраўды так. Калі раней адукацыю атрымлівалі на ўсё жыццё, то ў сучасным свеце неабходна вучыцца на працягу ўсяго жыцця. Таму ўжо ў школьным узросце трэба сфарміраваць у дзіцяці прывычку пастаянна вучыцца і ўдасканальвацца. І толькі ўласным прыкладам педагог можа яе выпрацаваць. Улічваючы гэта, адміністрацыяй было прынята рашэнне арганізаваць пастаянна дзеючы семінар “Актуальныя формы арганізацыі, правядзення вучэбных заняткаў”, мэтай якога з’яўляецца павышэнне ўзроўню прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў па актуальных пытаннях адукацыі.

Работу з педагогамі А.А.Ананчыкава арганізоўвае ў актыўнай форме. Праводзяцца ўрокі для дарослых, майстар-класы, трэнінгі і педагагічныя майстэрні па тэмах: “Інавацыйныя формы арганізацыі ўзаемадзеяння навучэнцаў на факультатыўных занятках па дапрофільнай падрыхтоўцы”, “Кампетэнтнасна арыентаваныя заданні ва ўрочнай і пазаўрочнай дзейнасці як спосаб фарміравання метапрадметных вынікаў навучэнцаў” і інш.

— А якое месца адводзіцца самаадукацыі настаўнікаў?

— Самаадукацыя з’яўляецца адным з вектараў бесперапыннай адукацыі педагогаў. Усё большай папулярнасцю карыстаецца дыстанцыйнае навучанне. Па выніках дыстанцыйных курсаў “Стратэгія актыўнай ацэнкі” сертыфікаты атрымалі Т.А.Баравікова, Н.М.Гладкая, Т.В.Сахашчык, А.І.Брэль. Настаўнікі інфарматыкі В.Ф.Траццяк, Н.В.Гарадзецкая асвоілі мову праграмавання Scratch і пачалі выкладаць яе малодшым школьнікам. Настаўніца фізікі А.А.Ананчыкава атрымала міжнародныя сертыфікаты Швейцарыі, Германіі, Польшчы і Расіі па методыцы выкладання фізікі і сама з’яўляецца выкладчыкам дыстанцыйных курсаў па актыўнай ацэнцы ў нашай краіне і па фарміруючым ацэньванні ў Расіі.

— Якая работа праводзіцца ў школе з маладымі спецыялістамі?

— Сёлета ў нашай школе працуюць 3 маладыя спецыялісты. Для пачаткоўцаў створана школа маладога настаўніка. За кожным з іх замацаваны вопытны педагог, які арганізоўвае цьютарскае суправаджэнне. Два месяцы мы даём магчымасць маладым спецыялістам адаптавацца да калектыву — як педагагічнага, так і вучнёўскага. Для іх праводзяцца індывідуальныя кансультацыі, яны прымаюць удзел у майстар-класах, якія праходзяць у канікулярны час, у педагагічных майстэрнях, што арганізоўваюцца ў межах пастаянна дзеючага семінара.

Затым настаўнікі-куратары, па дамоўленасці, прыходзяць на ўрок да маладога спецыяліста. Прычым загадзя абмяркоўваюцца тыя моманты, на якія будзе звяртацца ўвага. Напрыканцы першага года работы маладыя спецыялісты абавязкова праводзяць адкрыты ўрок, які рыхтуюць сумесна з вопытным настаўнікам. І, як правіла, пачынаючыя педагогі застаюцца ў нас працаваць, а сыходзяць толькі ў дэкрэтны адпачынак.

— Клаўдзія Васільеўна, інавацыйная і эксперыментальная дзейнасць у многім садзейнічае прафесійнаму росту педагогаў. Над якім праектам працуюць настаўнікі сёлета?

— Урадлівай глебай для праяўлення творчасці настаўнікаў і навучэнцаў стала эксперыментальная дзейнасць па апрабацыі мадэлі дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі навучэнцаў на другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Мы разумелі, што перад намі стаіць цікавая і адначасова складаная задача: неабходна паглядзець на сваю прафесію звонку і зрабіць аналіз кампетэнцый педагога. Паўстала пытанне: якія формы і сродкі навучання школьнікаў выбраць? Улічваючы некаторыя асаблівасці сучаснага пакалення навучэнцаў (кліпавае мысленне, нізкі ўзровень камунікатыўнай кампетэнцыі, патрэба ў змене відаў дзейнасці і інш.), творчая група настаўнікаў вырашыла зрабіць акцэнт на дзейсным падыходзе. У межах праекта на другой ступені навучання для вучняў былі арганізаваны факультатыўныя заняткі “Пазнай сябе”, “Сямейная педагогіка”, “Асновы практычнага чалавеказнаўства”, “Педагагічныя ролі настаўніка”. У практычным модулі гэтых заняткаў цвёрдую пазіцыю заняло праектнае навучанне.

Паглыбляючыся ў праект, мы знаходзім новыя магчымасці яго рэалізацыі. Гэта і валанцёрскі рух, і стварэнне адпаведнай адукацыйнай прасторы, яркай часткай якой з’яўляецца музей гісторыі народнай адукацыі Жлобіншчыны.

Пасля двух гадоў работы ў эксперыменце адзначу, што эфект ад дапрофільнай педагагічнай падрыхтоўкі ёсць: яна матывуе навучэнцаў на ўсвядомлены выбар прафесіі, адаптуе іх да профільнага навучання, садзейнічае асобаснаму развіццю, фарміруе павагу да працы педагога.

Цікавым у апрабацыі праекта з’яўляецца тое, што эксперыментальная пляцоўка стала штуршком да ўкаранення новых форм метадычнай работы. Замацавалася такая інавацыйная форма работы, як урок для дарослых. Мы адкрылі для сябе і такі цікавы сродак для наведвання ўрока, як карта назірання, паглыбляемся ў тэхналогію даследавання ўрока Lesson Study.

Такім чынам, гэты праект аказаўся аднолькава карысным і для навучэнцаў, і для педагогаў, і для адміністрацыі. Ён дазволіў пашырыць гарызонты нашай дзейнасці, і мы бачым далейшыя напрамкі развіцця.

— Дзякуй за размову.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.