Школа фарміруе светапогляд

- 9:30Актуально, Апошнія запісы

Міністр адукацыі Ігар Карпенка наведаў сярэднюю школу № 93 Мінска, дзе азнаёміўся з арганізацыяй выхаваўча­-адукацыйнага асяроддзя і правёў сустрэчу з педагогамі і дырэктарскім корпусам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Савецкага і Першамайскага раёнаў сталіцы.

У сетцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Савецкага раёна Мінска 6 гімназій і 15 школ. Для арганізацыі адукацыйнага працэсу для дзяцей з асаб­лівасцямі псіхафізічнага развіцця адкрыта 9 спецыяльных класаў, 34 інтэграваныя класы. У раёне функцыянуюць 3 спецыялізаваныя класы па спорце, адкрыты 61 профільны клас з вывучэннем прадметаў на павышаным узроўні, ёсць класы педагагічнай накіраванасці.

На тэрыторыі раёна функцыянуюць 40 устаноў дашкольнай адукацыі, 2 установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. У фізкультурна-спартыўным цэнтры дзяцей і моладзі адкрыта 119 аб’яднанняў. На базе 9 устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі створана 11 рэсурсных цэнтраў. Доля настаўнікаў, якія маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, складае 65%. 11 педагогаў маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”.

У адукацыйную сетку Першамайскага раёна ўваходзяць 84 установы адукацыі: 5 гімназій, 22 сярэднія школы, 1 пачатковая школа, 1 вучэбна-педагагічны комплекс “дзіцячы сад — пачатковая школа”, 1 кадэцкае вучылішча; 48 устаноў дашкольнай адукацыі, 3 установы спецыяльнай адукацыі, 2 — дадатковай адукацыі, ёсць сацыяльна-педагагічны цэнтр з прытулкам. З 1 верасня ўведзена ў эксплуатацыю сярэдняя школа № 225 Мінска.

У раёне адкрыты 51 профільны клас. У пяці ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі функцыянуюць 12 спецыялізаваных па спорце класаў. Адкрыты 28 класаў з беларускай мовай навучання і выхавання. Доля настаўнікаў, якія маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю, складае 74,4%, 8 педагогаў маюць кваліфікацыйную катэгорыю “настаўнік-метадыст”.

Сярэдняя школа № 93 Мінска была адкрыта ў 2019 годзе. У школе вучыцца больш за 1100 навучэнцаў, адкрыты спецыялізаваныя па спорце класы, ёсць класы ваенна-патрыятычнай накіраванасці (на павышаным узроўні тут вывучаецца матэматыка і гісторыя Беларусі). Школа складаецца з трох карпусоў. Тут абсталяваны спартыўная, гімнастычная, трэнажорная і харэаграфічная залы, ёсць басейн (з малой і вялікай чашамі). Тэрыторыя школы абсталявана тэніснай, валейбольнай, хакейнай і спартыўна-гульнявой пляцоўкамі, ёсць вялікі адкрыты стадыён. У навучальнай установе створана безбар’ернае асяроддзе для навучання дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі.

Кіраўнік ведамства наведаў факультатыўныя заняткі “Гатовы Радзіме служыць” у 11 класе, пабываў на пазакласным мерапрыемстве, прысвечаным Году народнага адзінства, у 5 “Г” класе, паглядзеў, як працуе інтэрактыўная пляцоўка ў рамках работы аб’яднання дадатковай адукацыі “Клуб юных ратавальнікаў-пажарных”, зайшоў у пакой службы медыяцыі і інтэрактыўнай вучэбнай прасторы.

У размове з педагогамі і дырэктарамі міністр падкрэсліў сацыяльную накірава­насць сістэмы адукацыі. “Сістэма адукацыі — гэта не перадача інфармацыі, назапашанага вопыту з пакалення ў пакаленне. Гэта ў першую чаргу фарміраванне светапогляду, выхаванне дзіцяці. Нават шырэй — забеспячэнне дзяцінства. Якая б ні была сям’я, яна, безумоўна, першасная ў пытаннях адукацыі, выхавання свайго дзіцяці, але школа дае значна больш. Яна сацыялізуе асобу, забяспечвае кожнаму дзіцяці годнае дзяцінства”, — адзначыў Ігар Карпенка падчас сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю.

Міністр адзначыў, што трэба рэалізоўваць тыя нормы і навацыі, якія закладзены ў новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі і Канцэпцыі развіцця сістэмы адукацыі да 2030 года, прычым комплексна падысці да вырашэння гэтых пытанняў.

Ігар Карпенка:“Сістэма адукацыі — гэта не перадача інфармацыі, назапашанага вопыту з пакалення ў пакаленне. Гэта ў першую чаргу фарміраванне светапогляду, выхаванне дзіцяці. Нават шырэй — забеспячэнне дзяцінства”.

Падчас сустрэчы з настаўнікамі і дырэктарамі Ігар Карпенка таксама закрануў арганізацыю вучэбнага працэсу, акрэдытацыю ўстаноў адукацыі, увядзенне цэнтралізаванага экзамену і іншыя новаўвядзенні пры паступленні ва ўніверсітэты. “Новую форму выніковай атэстацыі навучэнцаў плануецца назваць цэнтралізаваным экзаменам. Яго агульныя прынцыпы ідэнтычныя прынцыпам, якія выкарыстоўваюцца ў цяперашні час пры арганізацыі ЦТ. Па выніках ЦЭ ў атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі будзе выстаўлена сярэдняе арыфметычнае ад гадавой адзнакі і выніку ЦЭ”, — растлумачыў міністр.

 Гаварылася пра правілы атэстацыі настаўнікаў, праблемы класнага кіраўніцтва, паўнамоцтвы дырэктара школы, наладжванне дзейснага міжпрадметнага ўзаемадзеяння. Дырэктары ў сваю чаргу задавалі пытанні па пазабюджэтнай дзейнасці, санітарных нормах, харчаванні вучняў, аснашчэнні кабінетаў працоўнага навучання (дзякавалі за новыя кабінеты фізікі, хіміі, біялогіі). Гаварылася пра пашырэнне прафесійных магчымасцей для дзяцей-інвалідаў, абмяркоўваліся шляхі ўдасканалення работы з бацькамі.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.