На фота — ветэран педагагічнай працы Расціслаў Раманавіч Цімафеенка, сын удзельніка Гомельскай падпольнай арганізацыі Рамана Іларыёнавіча Цімафеенкі, імем якога названа адна з вуліц Гомеля. Дзяўчынка побач — вучаніца 4 класа гомельскай сярэдняй школы № 67, прапрапрапраўнучка знакамітага Васіля Ісакавіча Талаша — Насця Дрыго. Яны сустрэліся на форуме “Гомель памятае подзвіг”.

Сур’ёзная дзяўчынка гаворыць, што пра подзвіг легендарнага Дзеда Талаша даведалася ад свайго таты Максіма. У сям’і пра вялікага Дзеда Талаша і яго подзвігі не забываюць:
— Ён у 73 гады ўзяў зброю і пайшоў ваяваць. Гэта адбылося яшчэ ў грамадзянскую вайну, восенню 1919 года, калі ў яго родныя Навасёлкі прыйшлі белапалякі. У 98 гадоў, ужо ў Вялікую Айчынную, ён быў на вайне і арганізаваў амаль 300 чалавек у партызанскім атрадзе. Мне хочацца яшчэ больш даведацца пра прапрапрапрадзядулю.
Расціслаў Раманавіч Цімафеенка доўгія гады выкладаў у Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту філасофію. Калі пачалася вайна, ён толькі скончыў 5 клас школы. Ваяваць, кажа, не прыйшлося, але што такое вайна, паспеў добра адчуць:
— Майго бацьку Рамана Іларыёнавіча пакінулі адным з кіраўнікоў гомельскага падполля. Мама хацела застацца з ім, але да нас прыйшоў сакратар Гомельскага падпольнага гаркама Камуністычнай партыі начальнік штаба гомельскага падпольнага злучэння Емяльян Барыкін. І ў маёй прысутнасці сказаў маці: “Лёля, каб вас у 24 гадзіны ў Гомелі не было. Не хачу вас бачыць павешанымі на слупах”. Нас пагрузілі ў цяплушкі і адправілі ў Паволжа (Саратаўская вобласць). Там на ўсю вёску былі два мужчыны: старшыня сельсавета і інвалід без нагі. Усё рабілі жанчыны і дзеці: касілі, аралі, сеялі. Памятаю, як нашы рускія бабы, атрымаўшы пахаванку, галасілі, а потым, пакінуўшы ў хаце дзяцей, ішлі ў калгасы і вырошчвалі хлеб для арміі. Гэтым самым зрабілі свой уклад у перамогу. Калі мы вярнуліся з эвакуацыі, паехалі нарыхтоўваць дровы для школы ў вёску Хальч недалёка ад Жлобіна. Там я ўбачыў, як пяць жанчын, накінуўшы на сябе хамуты, цягнулі за сабой плуг, за які трымаўся дзед без нагі, на дзеравяшцы. Так яны аралі зямлю. Пра гэта нельга забываць. Пра гэта трэба гаварыць. Я паставіў бы манумент гэтым жанчынам.
У Гомелі за перыяд акупацыі (19.08.1941—26.11.1943) нямецка-фашысцкія захопнікі знішчылі звыш 20 вуліц, больш за 5 тысяч дамоў. На цэнтральных вуліцах горада над Сожам ацалела ўсяго некалькі напалову разбураных будынкаў. Толькі ў Гомелі, як нагадаў дырэктар Дзяржаўнага архіва Гомельскай вобласці Андрэй Сушчэвіч, у гады вайны было знішчана больш за 53,5 тысячы жыхароў. З іх больш як тры тысячы — дзеці. Амаль 19 тысяч грамадзян горада было сагнана ў нямецкае рабства:
— За кожнай лічбай — лёс чалавека. Лёс моцнага пакалення, якое змагло перажыць гэты жах, перамагчы і аднавіць з руін і попелу нашу Беларусь. Гісторыя Вялікай Айчыннай вайны яшчэ не напісана. Кожны год даследчыкі, супрацоўнікі архіваў і музеяў, пошукавікі знаходзяць новыя дакументы.
У зале гомельскай школы № 67, дзе праходзіў патрыятычны форум “Гомель памятае подзвіг”, — педагогі, якія займаюцца ва ўстановах адукацыі абласнога цэнтра выхаваўчай і ваенна-патрыятычнай работай. Загадчык аддзела Гомельскага гарадскога цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Людміла Прыскока адзначае, што ўпраўленне адукацыі Гомельскага гарвыканкама абвясціла старт грамадзянска-патрыятычнага праекта “Школа Героя” сярод устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі:

— Праект будзе стартаваць у верасні 2022 года. Мы хочам, каб ён дапамог кожнаму школьніку нагадаць пра людзей, імёны якіх ушанаваны на памятных дошках, у назвах школ. А можа, і тых, пра каго мы пакуль вельмі мала ведаем. У рамках праекта мы ініцыіравалі правядзенне акцыі “Настаўнік у салдацкім шынялі”. Гэта акцыя не абмежавана пэўнымі датамі, і ў наступным навучальным годзе ва ўстановах адукацыі з’явяцца новыя памятныя таблічкі. У выніку правядзення пошукавай работы сталі вядомымі імёны больш як ста гомельскіх педагогаў — удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны.
Гавораць васьмікласнікі сярэдняй школы № 67 Гомеля:
Ганна Шолах трымае ў руках партрэт стрыечнага прадзядулі Міхаіла Федасеевіча Шацілы:
— Мне тата расказаў, што дзед быў лётчыкам, камандзірам авіяцыйнага палка. Ён Герой Савецкага Саюза, збіў 120 варожых самалётаў. І я пра гэта буду сваім дзецям расказваць.
Кацярына Васілеўская прыйшла з партрэтам свайго прадзядулі Паўла Мікалаевіча Сельвіча:
— Мая бабуля расказала, што ён атрымаў медалі “За адвагу” і “За мужнасць”. Ужо ў 1986 годзе яго знайшоў ордэн Вялікай Айчыннай вайны другой ступені. Я ганаруся прадзядулем.
Дзяніс Гайманаў ад бацькі ведае пра прадзеда Піліпа Сяргеевіча Старыкава:
— Прадзед не любіў успамінаць пра вайну. Ён удзельнічаў у дзвюх войнах: савецка-фінскай і Вялікай Айчыннай. Быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Яго кантузіла разарваным снарадам. Таксама быў узнагароджаны медалём “За адвагу”. А яшчэ мая прабабуля Вера Іванаўна Старыкава працавала ў тыле і была ўзнагароджана медалём “За працоўную доблесць”.
Да таго ж у межах агульнарэспубліканскай акцыі “Беларусь памятае” ў нашым горадзе праводзіцца інтэрнэт-марафон “#ГомельПомнитПодвиг”. Самымі актыўнымі яго ўдзельнікамі сталі ўстановы адукацыі Гомеля. У фармаце прамых уключэнняў гамяльчане дзеляцца ўспамінамі пра родных, якія мелі самае рознае дачыненне да падзей Вялікай Айчыннай вайны, прысвячаюць ім вершы і песні. Дарэчы, самаму малодшаму ўдзельніку марафона — пяць гадоў, а самаму старэйшаму — больш за 100. Мы запрашаем усіх далучыцца да інтэрнэт-марафону “#ГомельПомнитПодвиг”. Дасылайце відэа з аповедамі, добрымі пажаданнямі ў адрас герояў, запісы выканання мастацкіх твораў пра Вялікую Айчынную вайну.
Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.





