Школа — гэта мая сям’я

- 13:48Людзі адукацыі

У цэнтры невялікага пасёлка Разанцы, што на Мсціслаўшчыне, стаіць двухпавярховы будынак, да якога кожную раніцу сцякаюцца ручайкі дзяцей з розных вёсак. Гэта школа, дзе, як і ў бацькоўскім доме, кожнага любяць, паважаюць, цэняць, дзе вучаць быць шчаслівымі і паспяховымі. Я і мае калегі ўпэўнены, што наш школьны дом — гэта не будынак, не кабінеты, а дух, мара, ідэя, якія захапляюць настаўнікаў, вучняў, бацькоў. Толькі захоплены, з іскрай у вачах дырэктар можа стварыць калектыў аднадумцаў, якія імкнуцца зрабіць школьнае жыццё насычаным і цікавым.

Мне пашчасціла працаваць у калектыве, якім кіруе малады дырэктар Арцём Валер’евіч Барташэвіч. Ён мэтанакіраваны, творчы, ініцыятыўны педагог, валодае выдатнымі арганізатарскімі здольнасцямі, працавіты і добрасумленны. Гляджу на яго і здзіў­ляюся, як ён усё паспявае: правесці ўрокі фізкультуры, штодзённыя секцыі, падрыхтаваць дзяцей да ўдзелу ў  спартыўных спаборніцтвах па гандболе, футболе, валейболе, правесці пася­джэнне, педсавет, даць добрую параду, а яшчэ заўсёды быць пазітыўным чалавекам.

Аднойчы запытала: “Як з усім спраўляецеся, Арцём Валер’евіч? Ці цяжка быць дырэктарам адной з паспяховых школ раёна?”

— А ведаеце, у гэтым мне дапамагае дэмакратычны стыль кіравання, які арыентуе калектыў на даверлівыя адносіны і крытычную ацэнку ўласнай дзейнасці. Калі любіш сваю справу, цяжкае становіцца лёгкім. Мая школа — гэта мая сям’я. Як яе не любіць? Калі мы разам — усе цяжкасці можна пераадолець, — гаворыць малады дырэктар.

Менавіта тут, на роднай мсціслаў­скай зямлі, дзе Арцём Барташэвіч вырас, скончыў школу, і выявіўся яго педагагічны талент — рыхтаваць спартсменаў.

— Я з захапленнем глядзеў, як баць­ка вёў спартыўныя секцыі, і хацеў быць падобным да яго, — кажа Арцём Валер’евіч. — Гадзінамі бавіў час у спартыўнай зале, таму пытанне аб выбары прафесіі перада мной не стаяла. Вучоба ў МДУ імя А.А.Куляшова давалася лёгка. Мае педагогі вучылі не толькі думаць, разважаць, адстойваць свой пункт гле­джання, карпатліва працаваць, але і разумець дзіця, беражліва ставіцца да яго духоўнага свету.

Педагагічную дзейнасць Арцём Ва­лер’евіч пачаў у 2010 годзе, а ў 2012-м лёс прывёў яго ў Разанцы. Дасканала валодаючы прадметам, настаўнік выхоўвае ў дзецях павагу і любоў да спорту і здаровага ладу жыцця.

— Не менш важна знайсці падыход да кожнага вучня, дапамагчы паверыць у сябе, — адзначае Арцём Барташэвіч.

З 2013 года гандбольная каманда пад кіраўніцтвам сямейнага тандэма Валерыя Станіслававіча Барташэвіча і Арцёма Валер’евіча Барташэвіча, таленавітых трэнераў, настаўнікаў фізічнай культуры і здароўя, штогод прыносіць перамогі ў спаборніцтвах раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўню. Наш дырэктар умее настроіць каманду на перамогу.

Прафесіяналізм і асабовыя якасці здабылі Арцёму Валер’евічу  аўтарытэт сярод настаўнікаў і вучняў. Вынікова­сць дзейнасці неаднаразова адзначалася аддзе­лам па адукацыі Мсціслаўскага райвыкан­кама, галоўным упраўленнем па адукацыі Магілёў­скага аблвыканкама.

За 10 гадоў плённай працы ён двойчы атрымліваў званне “Лепшы па прафесіі”, а ў 2013 годзе быў названы “Чалавекам года”.

Клопат пра здароўе ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу з’яўляецца галоўным кірункам работы Арцёма Барташэвіча. Ён часта кажа, што “здароўе — усё, але ўсё без здароўя — нішто”. Дырэктар умела згуртаваў калектыў у справе стварэння мадэлі школы здароўя.

…Калі паглядзець на неба ў ясны дзень, то можна ўбачыць  самалёт, за якім па бязмежнай сіні цягнецца белы шлейф. Як і той самалёт, ёсць людзі на зямлі, якія пакідаюць за сабой след добрых спраў. Вось і ў нашага Арцёма Валер’евіча з’явілася ўжо цэлае пакаленне паслядоўнікаў — настаўнікаў і навучэнцаў, якія выбіраюць спорт і здаровы лад жыцця.

Тамара ЕРАСЦЕНКА,
настаўніца беларускай мовы
і літаратуры Разанцаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы.