Школа — гэта жыццё, прызванне і радасць

- 10:27Людзі адукацыі

З чаго пачынаецца школа? Вы не памыліцеся, калі скажаце, што любая школа пачынаецца з… кіраўніка! Менавіта кіраўнік падобны да рэжысёра, які стварае дзіўны спектакль, хоць сам не заўсёды выступае на сцэне. Яго роля заўсёды больш творчая, чым адміністрацыйная. Яго ўпэўненасць у поспеху заражае аптымізмам, прымушае паверыць у свае сілы кожнага педагога і кожнага навучэнца!

Святлана Міхайлаўна Сацукевіч. Гэтае імя звязана з выдатнай сярэдняй школай № 34 Мінска, якая размяшчаецца ў маляўнічым мікрараёне сталіцы Зялёны Луг на вуліцы П.А.Мірашнічэнкі. З 2014 года Святлана Міхайлаўна з’яўляецца кіраўніком нашай школы.

Калісьці, шмат гадоў назад, яна вырашыла стаць настаўніцай. 35 гадоў педагагічнай працы. Гэта многа ці мала? Напэўна, для любога чалавека гэта не проста перыяд у жыцці, а велізарны шлях, поўны ўзлётаў і падзенняў, радасцей і няшчасцяў, перамог і няўдач… І яна стала не проста настаўніцай, а настаўніцай, якая пастаянна ўдасканальвае сваё майстэрства, свой педагагічны талент! Яна заўсёды была ў ліку тых настаўнікаў, якія сумяшчаюць у сабе вялізны выкладчыцкі вопыт, велічэзны аб’ём ведаў і па-сапраўднаму творчыя душэўныя адносіны да самога працэсу навучання школьнікаў. Пра такіх людзей кажуць, што яны працуюць з агеньчыкам, аддаючы ўсяго сябе справе.

Тры гады назад Святлана Міхайлаўна пераступіла парог нашай школы ў якасці дырэктара. І з гэтага моманту яна праявіла сваё майстэрства і лепшыя якасці кіраўніка, што дазволіла педагагічнаму калектыву вырасці ў дружную і згуртаваную каманду, здольную вырашаць любыя пытанні навучання і выхавання падрастаючага пакалення. Цудоўныя арганізатарскія здольнасці, веданне псіхалогіі людзей дапамагаюць ёй захапіць педагагічны калектыў агульнай справай. Яна не баіцца ўкараняць новае ў адукацыйны працэс, таму школа заняла асаблівую нішу не толькі ў сістэме адукацыі Савецкага раёна, але і горада.

Сёння педагагічны калектыў школы — гэта ўладальнікі грамат камітэта па адукацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, грантаў і прэмій Мінгарвыканкама, пераможцы шматлікіх конкурсаў прафесійнага майстэрства. Педагагічны калектыў сістэматычна ажыццяўляе трансферт эфектыўнага вопыту і інавацыйных ідэй на семінарах, канферэнцыях, форумах, кангрэсах не толькі на ўзроўні горада і рэспублікі, але і на міжнародным.

Раніца Святланы Міхайлаўны пачынаецца са школьнага парога. Яна абавязкова сустракае ўсіх дзяцей, якія ідуць у школу. Кагосьці пахваліць, кагосьці паўшчувае, а некаму падкажа. Усміхнецца кожнаму настаўніку, спытае, як у яго справы, пажадае ўдалага дня. А потым з галавой пагружаецца ў безліч кіраўніцкіх спраў, многія з якіх патрабуюць тэрміновага вырашэння. І часам здаецца, што жыццё рухаецца па адным і тым жа коле, але ў ім ёсць асаблівы сэнс, зразумелы толькі кіраўніку.

Зносіны з такім кіраўніком вучаць многаму: яна шчодра дзеліцца сваімі ідэямі, педагагічнымі задумамі, дапамагае настаўнікам стаць сапраўднымі педагогамі, мудрымі і цярплівымі да сваёй прафесіі.

Абаянне натуральнасці, жывасці, прастаты — яе адметныя рысы. Яе камунікабельнасць, уменне падтрымліваць адносіны, прыязнасць выклікаюць шчырую павагу ў тых, з кім ёй давялося і даводзіцца працаваць. Яна валодае нейкім нязгасным маральным імпульсам, надзвычайным пачуццём новага, умее бачыць адметнае ў мностве розных сітуацый і заўсёды гатова дапамагчы кожнаму.

Але што значыць быць кіраўніком школы? Пастаянная і мэтанакіраваная работа па самаўдасканальванні і фарміраванні адзінай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі. Без перабольшання можна сказаць, што школа для Святланы Міхайлаўны — гэта яе жыццё, прызванне і радасць. Здавалася б, такая штодзённая, руцінная работа павінна стаць звыклай, будзённай, але толькі не для кіраўніка з гарачым неабыякавым сэрцам.

Вельмі дакладна і трапна пра настаўніка сказаў вядомы пісьменнік Сімон Салавейчык, тэарэтык педагогікі: “Ён — артыст, але яго слухачы і гледачы не апладзіруюць яму. Ён — скульптар, але яго працы ніхто не бачыць. Ён — урач, але пацыенты рэдка дзякуюць яму за лячэнне і далёка не заўсёды хочуць лячыцца. Дзе ж яму ўзяць сілы для штодзённага натхнення? Толькі ў самім сабе, толькі ва ўсведамленні велічы сваёй справы”. Гэтыя словы найлепш характарызуюць Святлану Міхайлаўну.

— Я люблю школьны свет, якім мы жывём, люблю дыхаць па вясне паветрам бяроз, якія распусціліся каля бэзу, люблю чароўны голас нашага школьнага званка, які яшчэ доўга будзе абвяшчаць не толькі пачатак урокаў, але і тое, што пераадолены яшчэ адзін рубеж, высокая прыступка, на якую трэба было падняцца і ўпэўнена ісці да наступнага рубяжа, які нашаму калектыву па сілах, — лічыць Святлана Міхайлаўна.

Наталля КОТАВА,
намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце;
Іна БАТУРА,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 34 Мінска.