Школа летняя, аэракасмічная

- 11:56Навіны рэгіёнаў

Выйсці на сувязь з Міжнароднай касмічнай станцыяй, разгледзець кратары на Месяцы, палюбавацца кольцамі Сатурна, а яшчэ навучыцца танцаваць калумбійскія танцы і паспрабаваць стравы індыйскай кухні змаглі пяцёра беларускіх дзяцей. Для гэтага на канікулах ім давялося сесці за школьныя парты, праўда, не ў звычайнай, а ў аэракасмічнай школе.

Міжнародная летняя аэракасмічная школа імя касманаўта-выпрабавальніка У.Н.Султанава прымала гасцей з Беларусі. Летняя школа ладзіцца чацвёрты раз, і трэці раз вучні з Крупскага раёна адправіліся ў Башкартастан, каб стаць бліжэй да зорак. Ініцыятарам стварэння такой школы быў прэзідэнт Федэрацыі касманаўтыкі Расіі Уладзімір Кавалёнак. Уладзімір Васільевіч — лётчык-касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, генерал-палкоўнік авіяцыі. А яшчэ гэты выбітны чалавек — наш зямляк. Пры стварэнні школы не забыўся пра сваю радзіму: прапанаваў запрасіць да ўдзелу ў рабоце школы навучэнцаў з Крупскага раёна, адкуль сам родам. Так пачалася добрая традыцыя ўдзелу нашых школьнікаў у міжнародным праекце. “Мы ганарымся нашым земляком і вельмі ўдзячныя Уладзіміру Васільевічу Кавалёнку за запрашэнне, бо для нашых дзяцей удзел у рабоце школы — вялікі гонар. Прыемна, што мясцовыя ўлады таксама ідуць нам насустрач і дапамагаюць у ажыццяўленні падарожжа ў не блізкі ад Беларусі Башкартастан, — расказвае Алена Мікалаеўна Рогава, галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Крупскага райвыканкама. — Адтуль нашы вучні вяртаюцца радасныя, акрыленыя, поўныя новых ведаў і зацікаўленыя новымі тэмамі, з жаданнем даследаваць, вывучаць, удзельнічаць у алімпіядах і канферэнцыях”.
Аэракасмічная школа размясцілася на базе спартклуба “Рада”, у маляўнічай вёсцы Калінаўка Даўлеканаўскага раёна Рэспублікі Башкартастан. Галоўная мэта, якую ставяць перад сабой арганізатары, — папулярызацыя прафесій, што тычацца авіяцыі і касманаўтыкі. Да ўдзелу ў рабоце школы запрашаюцца прызёры алімпіяд і навукова-тэхнічных конкурсаў рознага ўзроўню. Сёлета гэта былі 30 хлопцаў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі, а таксама з Беларусі, Індыі і Калумбіі.
У складзе беларускай дэлегацыі за парты ў аэракасмічнай школе селі Дзмітрый Варламаў, навучэнец сярэдняй школы № 3 Крупак, Яна Семіжон, навучэнка Халопеніцкай сярэдняй школы імя Максіма Багдановіча, Захар Яноўскі, навучэнец Крупскай раённай гімназіі, Мікалай Зуёнак, навучэнец Хацюхоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы імя У.В.Кавалёнка, а таксама навучэнка сярэдняй школы № 1 райцэнтра Дар’я Шчалко. Кожны добра праявіў сябе ў інтэлектуальных, творчых і спартыўных спаборніцтвах рознага кшталту і ўзроўню.У аэракасмічнай школе, як і ў звычайнай, адна палова дня адводзілася для заняткаў, другая — для разваг і зносін. А што гэта былі за заняткі! Найцікавейшыя лекцыі і майстар-класы ад касманаўтаў, лётчыкаў-выпрабавальнікаў і іншых цікавых людзей. Так, дзеці пазнаёміліся з Уранам Назібавічам Султанавым, чыё імя носіць аэракасмічная школа, Ігарам Пятровічам Воўкам, Героем Савецкага Саюза, заслужаным лётчыкам-выпрабавальнікам, лётчыкам-касманаўтам, а таксама Аляксандрам Барысавічам Лыннікам, рэдактарам радыёстанцыі, памочнікам старшыні Башкартастанскага рэгіянальнага аддзялення Федэрацыі касманаўтыкі Расіі, паэтам, спеваком, бардам. Хлопцам і дзяўчатам прадэманстравалі палёт лёгкага лятальнага апарата і расказалі аб канструкцыі і тэорыі палёту самалёта. Вучні даведаліся, якія існуюць прафесіі ў авіяцыі, як апранаць лётны касцюм, як стварыць сонечны гадзіннік і карыстацца ім. А лекцыі па астраноміі дазволілі дзецям адправіцца ў зорнае “падарожжа” па небасхіле: у тэлескоп яны разглядалі Сатурн і яго знакамітыя кольцы, а таксама Месяц, на якім, дзякуючы аптычнай тэхніцы, добра было відаць кратары на паверхні.
Неверагодным падарункам для вучняў аэракасмічнай школы была відэасувязь з Міжнароднай касмічнай станцыяй і магчымасць пагаварыць з касманаўтамі, якія якраз зараз знаходзяцца ў космасе. Гэтага моманту дзеці чакалі з трапяткім заміраннем сэрца — да апошняй секунды хваляваліся, ці наладзіцца сувязь, ці не абарвецца, ці знойдуць касманаўты час для зносін. Але ўсё склалася найлепшым чынам — і вучні змаглі запытаць пра ўсё, што іх цікавіць. На пытанні адказваў касманаўт Алег Дзмітрыевіч Кананенка. Школьнікі запыталіся ў яго, як адчуваюць сябе людзі ў бязважкасці, ці робяць у космасе ранішнюю зарадку, ці ёсць у космасе інтэрнэт. А наш зямляк Дзмітрый Варламаў перадаў экіпажу прывітанне ад беларускай дэлегацыі ў аэракасмічнай школе і ад усіх беларусаў.
У вольны час дзеці знаёміліся, дзяліліся ўражаннямі і ніколі не сумавалі. Гулялі ў футбол і валейбол, удзельнічалі ў творчых конкурсах, напрыклад, “Міс і містар аэракасмічнай школы”. Традыцыйна прайшоў і дзень нацыянальнай кухні. Нашы вучні гатавалі і частавалі сваіх сяброў дранікамі і бабкай. Ніхто не застаўся раўнадушным да беларускіх прысмакаў.
Беларускую дэлегацыю чакала яшчэ адна важная справа: наведванне сяброў ва Уфе. Крупскія школьнікі ўсталявалі шчырыя трывалыя адносіны з гімназіяй № 93 Уфы. Гэтая гімназія носіць імя ўраджэнца крупскай зямлі згаданага вышэй У.В.Кавалёнка. Не раз дэлегацыя з Уфы бывала на радзіме касманаўта, а школьнікі з Крупскага раёна наведвалі гімназію № 93 з візітам у адказ. Вось і сёлета дырэктар гімназіі Гузаль Маснавіеўна Адуліна хлебам-соллю вітала беларусаў. Навучэнцы гімназіі падарылі гасцям канцэрт, творчыя нумары падрыхтавалі для гаспадароў і школьнікі з Крупак. Яна Семіжон выканала песню, а Дар’я Шчалко прачытала верш на беларускай мове. Напрыканцы мерапрыемства беларускія і расійскія школьнікі разам пасадзілі алею Сяброўства як сімвал добрых адносін, якім не можа перашкодзіць адлегласць і час.
Незабыўныя ўражанні застануцца ў наведвальнікаў аэракасмічнай школы ад экскурсіі па Уфе, сталіцы Рэспублікі Башкартастан, адным з найбуйнейшых эканамічных, культурных, навуковых і рэлігійных цэнтраў Расіі.
“Гэта немагчыма апісаць і немагчыма забыць! — так кажа пра ўдзел у рабоце аэракасмічнай школы Дар’я Шчалко. — Мы, простыя школьнікі, пазнаёміліся з легендамі касманаўтыкі, а яшчэ знайшлі шмат сяброў. Цяпер пішам паведамленні адно адному ў сацыяльных сетках. І ўсе як адзін пішуць, што сумуюць па аэракасмічнай школе і мараць трапіць туды яшчэ раз”.

Дар’я РЭВА
Фотаздымкі прадастаўлены аддзелам адукацыі, спорту і турызму Крупскага райвыканкама.