Школа лідараў

На Міншчыне пачала працаваць новая школа. У яе няма асобнага будынка, дырэктара, і пасля яе заканчэння не выдаюць атэстат, аднак тут ёсць заняткі і займаюцца вучні, якія атрымліваюць карысныя веды і навыкі. Веды гэтыя спецыфічныя — лідарскія, таму што вучацца юнакі і дзяўчаты ў Школе актыву навучэнцаў Мінскай вобласці “Лідар”. Першае пасяджэнне школы прайшло ў Мінскім абласным інстытуце развіцця адукацыі.

Фота да матэрыялу: Школа лідараў.

Магчымасці любога калектыву могуць быць павялічаны ў некалькі разоў, калі на чале яго стаіць дасведчаны, харызматычны лідар. Сёння на юных лідараў раўняюцца навучэнскія калектывы, а ўжо заўтра іх лідарскія і арганізатарскія здольнасці будуць карыснымі на вытворчых прадпрыемствах, дзяржаўнай службе, у грамадскіх і іншых аб’яднаннях. Таму выхаванне лідараў — важны складнік педагагічнай работы. Такая работа вядзецца ў кожнай установе адукацыі і на раённым узроўні. Абласная школа актыву стала новай прыступкай у гэтым кірунку дзейнасці.

За парты ў новай школе селі 25 “навучэнцаў” — па адным прадстаўніку ад усіх раёнаў вобласці і дзвюх устаноў абласнога падпарадкавання: Мінскага абласнога кадэцкага вучылішча і Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя. Гэта хлопцы і дзяўчаты ва ўзросце 13—16 гадоў — лідары маладзёжных арганізацый і аб’яднанняў, члены вучнёўскага самакіравання і актыву ўстаноў адукацыі. Кожны з іх годна праявіў сябе ў грамадскіх справах у сваім раёне ці ўстанове, дзе вучыцца, дзякуючы чаму атрымаў права прадстаўляць свой рэгіён.

Школа актыву заклікана стварыць умовы для сацыяльнай самарэалізацыі моладзі і фарміравання ў яе актыўнай грамадзянскай пазіцыі праз арганізацыю развіццёвых заняткаў, абласных мерапрыемстваў, распрацоўку і ўкараненне сацыяльных праектаў, прадстаўленне вопыту ў інтэрнэце. Школа дапаможа навучэнцам атрымаць камунікатыўныя навыкі, павысіць узровень прававой і палітычнай культуры, дасць ім магчымасць паўдзельнічаць у сацыяльна значных ініцыятывах, пакажа перспектывы міжнароднага супрацоўніцтва, дазволіць азнаёміцца з цікавым вопытам работы аднагодкаў з іншых раёнаў і многае іншае.

Заняткі ў школе актыву будуць праходзіць на кожных канікулах — такім чынам, на працягу навучальнага года адбудзецца 4 сустрэчы. Усе яны пройдуць у форме вучэбных і асветніцкіх мерапрыемстваў: гутаркі, прэс-канферэнцыі, трэнінгі, сюжэтна-ролевыя гульні, дыскусіі, інтэрактывы. А паміж сустрэчамі будзе наладжана сеткавае ўзаемадзеянне.

Першае пасяджэнне пачалося са знаёмства са школай, яе мэтамі, а таксама з удзельнікамі. Юным лідарам быў прапанаваны трэнінг развіцця лідарскіх якасцей “Я ў свеце Мы”, які правялі старшыя выкладчыкі кафедры псіхалогіі і кіравання Мінскага абласнога ІРА І.В. Бацяноўская і Л.А.Мартынава. Падчас выканання вясёлых па форме, але сур’ёзных па змесце заданняў навучэнцы вызначылі важныя для лідараў якасці і правялі самадыягностыку іх наяўнасці.

Майстар-клас “Мастацтва камунікацыі” правяла для юнакоў і дзяўчат Г.М.Гурыновіч, педагог дадатковай адукацыі Цэнтра творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі Жодзіна. Удзельнікі даведаліся 30 незвычайных фактаў пра сучасную моладзь, пазнаёміліся з “тэорыяй пакаленняў” і папрацавалі ў міні-групах над сваімі камунікатыўнымі навыкамі.

Важнай часткай работы школы стала сустрэча з тымі, хто ўжо змог прымяніць свае лідарскія здольнасці на практыцы ў рэальных справах — у фармаце адкрытага мікрафона пагаварылі з С.У.Сітнікавай, рэктарам МАІРА, і В.С.Манько, галоўным спецыялістам абласнога камітэта БРСМ. Святлана Уладзіміраўна расказала пра тое, якія якасці характару дапамагаюць ёй у кіраўніцтве ўстановай, рабоце ў грамадскім аб’яднанні “Беларускі саюз жанчын”, а таксама як ініцыятывы ўвасабляліся ў справы падчас яе работы дэпутатам Мінскага абласнога Савета дэпутатаў.

Плануецца, што наступныя заняткі ў школе будуць выязнымі. На зімніх канікулах хлопцы і дзяўчаты адправяцца ў Жодзіна, дзе сустрэчы атрымаюць прафарыентацыйны кірунак. Адбудзецца знаёмства з работай Жодзінскага гарадскога парламента школьнага самакіравання, які за некалькі гадоў актыўнай дзейнасці цудоўна зарэкамендаваў сябе дзякуючы рэалізацыі разнастайных праектаў. Таксама пройдзе сустрэча з прадстаўнікамі гарадскога Савета дэпутатаў і экскурсія на прадпрыемства БелАЗ. Наступным месцам сустрэчы стане Барысаў, а тэмай мерапрыемства — прававыя аспекты грамадскай дзейнасці моладзі. На заключнай, летняй, сустрэчы актывісты разам створаць выніковы творчы праект “Дом лідарскіх якасцей”. Аднак гэта толькі планы, якія могуць карэкціравацца і мяняцца з улікам запытаў навучэнцаў школы. Іх ініцыятывы і жаданні абавязкова будуць улічвацца.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.