Школа лідарскіх навук

- 10:26Выхаванне

“Будучыню будаваць маладым”, — пад такім дэвізам прайшла тыднёвая аздараўленчая змена ў профільным летніку “Лідар”, створаным на базе Моўчадскай санаторнай школы-інтэрната Баранавіцкага раёна. На працягу 2 гадоў ва ўстанове адукацыі рэалізоўваецца праект “Школа лідарскіх навук”.

Праект уяўляе сабой арганізацыю профільнай змены ў летніку з ліку актывістаў дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый з усіх рэгіёнаў Брэстчыны. Падчас заняткаў у Школе лідарскіх навук дзеці вучацца азам лідарства, удзельнічаюць у розных відах калектыўнай дзейнасці, арганізаванай прадстаўнікамі грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый. Значнасць праекта заключаецца не толькі ў атрыманні паўнацэннага адпачынку і якаснага аздараўлення, але і ў развіцці творчага патэнцыялу падлеткаў, фарміраванні ў іх імкнення да самапазнання, самаразвіцця і самавыхавання, замацаванні пазітыўных каштоўнасных арыентацый у моладзі.
Лагерная змена аб’яднала актывістаў пярвічных арганізацый БРСМ і БРПА ва ўзросце ад 14 да 17 гадоў, пераможцаў раённых і абласных прадметных алімпіяд, удзельнікаў навукова-практычных канферэнцый, прызёраў спартыўных спаборніцтваў і навучэнцаў ПТНУ. Падлеткі асвойвалі сацыяльна значны вопыт у розных відах дзейнасці, накіраванай на актывізацыю лідарскага і творчага патэнцыялу дзіцячага руху вобласці, развіццё лідарскіх якасцей школьнікаў і дасягненне імі поспеху.
Падчас сёлетняй змены асноўная ўвага была акцэнтавана на развіцці маладзёжнай ініцыятывы шляхам рэалізацыі праграмы “Будучыню будаваць маладым”, якая складаецца з шэрага напрамкаў: “Моладзь за веды, навуку, інтэлект”, “Моладзь за здаровы лад жыцця”, “Моладзь за мастацтва і культуру”, “Моладзь за мір і сяброўства”, “Моладзь за традыцыі і будучыню” і “Моладзь за моцную і квітнеючую Беларусь”.
На працягу змены ў летніку дзейнічалі 6 атрадаў, вызначальнай асаблівасцю якіх з’яўляліся рознакаляровыя гальштукі — своеасаблівыя сімвалы пазнання, імкнення аналізаваць і адкрываць для сябе і ў сабе штосьці новае, спасцігаць сутнасць нязведанага, самаўдасканальвацца і самаразвівацца.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.