Школа — магутны інструмент сацыялізацыі дзіцяці

Мы часта чуем: школа важная перш за ўсё тым, што з’яўляецца магутным інструментам сацыялізацыі дзіцяці, бо для кожнага вучня яна становіцца асноўнай мадэллю сацыяльнага свету. Менавіта ў школьныя гады асвойваюцца тыя правілы і законы, па якіх жывуць у свеце дарослых, і спосабы існавання ў рамках гэтых законаў (міжасобасныя адносіны, сацыяльныя ролі і г.д.). Школьная сацыялізацыя дзіцяці ажыццяўляецца не столькі за кошт урокаў, шчырых гутарак з настаўнікамі, зносін з аднагодкамі, колькі дзякуючы асаблівай атмасферы школьнага жыцця. Сярэдняя школа № 9 Жодзіна таксама адметная сваёй атмасферай. Яе дырэктар Руслан Мазоль перакананы, што кожная навучальная ўстанова, кіруючыся агульнымі адукацыйнымі тэндэнцыямі, найперш павінна арыентавацца на запыты і інтарэсы сваіх вучняў.

І.І.Дубатоўка праводзіць факультатыў па асновах праваслаўнай культуры.

“Значнасць школьнай сацыялізацыі абумоўлена ў першую чаргу абавязковасцю і працягласцю знаходжання дзіцяці ў навучальнай установе. А ў нас гэта з васьмі раніцы да трох дня. Вось і палічыце, колькі за 11 гадоў навучання дзіця знаходзіцца ў сценах школы”, — заўважыў Руслан Мікалаевіч.

На базе дзявятай школы Жодзіна арганізавана работа гарадскога рэсурснага цэнтра па духоўна-маральным выхаванні, таму дырэктар асобна спыніўся на інавацыйным праекце па ўкараненні мадэлі фарміравання асобаснай і сацыяльнай ідэнтычнасці на дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа.

“У нашым рэсурсным цэнтры сабраны неабходны матэрыял, літаратура, што дазваляе якасна праводзіць адпаведныя факультатыўныя заняткі і розныя тэматычныя мерапрыемствы. У рамках праекта прадугледжаны тэматычныя перыяды: “Пад Пакровам святым”, “Вандроўка ў Каляды”, “Узыходжанне”, “Вясёлка над Беларуссю” (летняе аздараўленне). Значнымі мерапрыемствамі інавацыйнай дзейнасці з’яўляюцца форум-тэатр для бацькоў, Пакроўскі кірмаш, калядны баль для бацькоў, велікодны ранішнік, фестываль літаратурных герояў, гарадскі фестываль дзіцячай песні “Ад сэрца да сэрца”.

Мы цесна ўзаемадзейнічаем з Мінскім абласным інстытутам развіцця адукацыі, які дапамагае нашым настаўнікам авалодаць неабходнымі ўменнямі і навыкамі для работы ў межах інавацыйнага праекта. Разам са школьнымі педагогамі працуе і святар, які, дарэчы, мае педагагічную адукацыю. Ён вядзе факультатыў па духоўна-маральным выхаванні. Гэты кірунак нашай дзейнасці пашыраецца за кошт работы не толькі з дзіцем, але і з усёй яго сям’ёй.

А.А.Галушка праводзіць факультатыўныя заняткі па матэматыцы.

У сучасным, вельмі дынамічным агульным вучэбна-выхаваўчым працэсе мы страцілі сувязь з бабулямі і дзядулямі, таму імкнёмся яе аднавіць. Напрыклад, у працэсе ўзаемадзеяння можна высветліць, што дзядуля ўмее гуляць у шахматы і гатовы перадаваць свае ўменні дзецям. Яшчэ адзін нюанс: калі паклічаш дзеда, то і бацька гэтага вучня ў школу прыйдзе. Тое самае можна сказаць і пра бабуль, якія з ахвотай гатовы нам дапамагаць развіваць дэкаратыўна-прыкладны напрамак. Сплесці адмысловы дыван, паказаць вышыўку крыжыкам або падзяліцца сакрэтам макрамэ цяпер могуць толькі бабулі. Зноў-такі, калі прыйдзе бабуля, то і мама знойдзе час, каб, напрыклад, правесці майстар-клас па гатаванні якой-небудзь стравы.

Сёння наша праблема ў тым, што мы вельмі мала кантактуем паміж сабой, як гаворыцца, ужывую. Нас паглынулі сацыяльныя сеткі. Калі дзеці па-за межамі школы выходзяць у свой двор, то паводзяць сябе нібы прыезджыя. Прыкладна тое самае адбываецца і ў сем’ях: бацькам трэба зарабляць грошы, дзецям — вучыцца. У выніку часу на адно аднаго ў іх застаецца ўсё менш. І мы, каб зблізіцца, праводзім вялікія школьныя мерапрыемствы: кірмашы, балі, форум-тэатры, у якіх прымае ўдзел максімальна магчымая колькасць дзяцей і іх сваякоў. Спяваюць, танцуюць, займаюцца спортам усе. Гэта абавязкова. Інакш нічога не атрымаецца, не будзе той агульнай атмасферы школьнай еднасці і ўтульнасці. Кожны павінен нешта вынесці, дакрануцца да агульнага”, — расказаў дырэктар.

Паказальным з’яўляецца і той факт, што ў гэтай школе змаглі выправіць сітуацыю з адносінамі да кнігі. З праблемамі чытацкіх навыкаў і кампетэнцый сёння знаёмы кожны педагог. Сутыкнуліся з гэтым і ў сярэдняй школе № 9 Жодзіна, асабліва калі ў макулатуру вучні пачалі здаваць кнігі з хатняй бібліятэкі. Паказчыкі па здачы макулатуры, канечне, былі павялічаны, а вось па чытацкай культуры, наадварот, вельмі знізіліся.

Выраўнавалі сітуацыю настаўнікі-філолагі, якія пачалі працаваць з дзецьмі на выяўленне іх літаратурных талентаў. У сацыяльных сетках была адкрыта група, дзе адны вучні выкладваюць свае вершы, апавяданні, казкі, а іншыя — іх чытаюць і каменціруюць. Адным з вынікаў такой работы стала тое, што верш цяпер ужо былога вучня школы быў уключаны ў спецыяльны зборнік, творы з якога чыталі паслы розных краін. Гэтая работа, а таксама разнастайныя мерапрыемствы школьнай бібліятэкі (напрыклад, арганізацыя скрыпторыя) дапамаглі павысіць чытацкую актыўнасць школьнікаў, без якой, дарэчы, немагчыма развіваць кампетэнтнасна-арыентаваны падыход у навучанні.

Т.З.Уласенка на дадатковых занятках па хіміі.

У працяг размовы з дырэктарам настаўнік фізікі Аляксандр Уладзіміравіч Якубоўскі адзначыў, што выхаваўчая работа ў школе вельмі цесна пераплятаецца з вучэбнай, бо яна робіць дзіця адказным. “Сумесныя мерапрыемствы з бацькамі і настаўнікамі дапамагаюць вучням стаць больш самастойнымі, а бацькам зразумець, што абавязкі ў школы і сям’і розныя”, — заўважыў педагог.


Аляксандр Уладзіміравіч, дарэчы, вялікі прыхільнік кампетэнтнасна-арыентаванага падыходу, таму падтрымлівае любую самастойнасць сваіх вучняў і, калі прыходзіць у новы клас, заўсёды імкнецца пра кожнага навучэнца даведацца як мага больш (цікавіцца інтарэсамі, любімымі заняткамі ў вольны час). Тут жа падкрэслю, што такое цеснае ўзаемадзеянне з дзецьмі характарызуе ўвесь педагагічны калектыў сярэдняй школы № 9 Жодзіна, бо гэта не толькі збліжае вучня і настаўніка, але і дае глебу для развіцця іх адносін у рамках прадмета.

Аляксандр Уладзіміравіч заўсёды прыцягвае вучняў да творчасці. Паўдзельнічаць у праекце, скласці задачу, канечне, не вельмі проста, затое вельмі цікава, нават калі і не атрымліваецца адразу. Сваёй асноўнай мэтай на ўроку настаўнік лічыць вядзенне дзіцяці на працягу ўсіх 45 хвілін, каб бачыць і асэнсоўваць узровень разумення матэрыялу вучнем. Тут педагогу на дапамогу прыходзіць такі элемент актыўнай ацэнкі, як зваротная сувязь.

“Мне вельмі важна, нават прынцыпова, каб урок для кожнага ў класе стаў карысным. Імкнуся, каб ніхто не перажываў страху з-за няведання. Заўсёды тлумачу, што вучні павінны ведаць, што ім трэба зрабіць дома. А апошнім часам пачаў практыкаваць такі прыём перад самастойнай работай (калі перад кожным ляжыць лісток з заданнямі): даю 5—7 хвілін, каб заглянуць у падручнік, рабочы сшытак (але не інтэрнэт, дзе можа давацца няправільнае рашэнне), сарыентавацца і крыху супакоіцца, што дапамагае выканаць большую колькасць заданняў.

Падабаюцца элементы сінгапурскай методыкі, якая вучыць дзяцей працаваць у камандзе. Работа ў групах пабудавана такім чынам, што кожны працуе на агульны вынік. У кожнага свая роля, але яна не менш значная, чым у суседа. З боку можа падацца, што ў класе поўны хаос, але ўсе працуюць па правілах. Элементы гэтай методыкі выкарыстоўваю пакуль толькі ў адным класе. Гэтыя шасцікласнікі на месцы здольны сядзець хвілін 10, таму вучыць іх можна толькі пры дапамозе элементаў сінгапурскай методыкі. Яны самі разбіваюцца на каманды, самі размяркоўваюць ролі, заўсёды адказна рыхтуюцца. У выніку ў іх развіваецца памяць, логіка, уменне слухаць і чуць аднакласніка. Акрамя таго, прытрымліваюся залатога правіла: не пытайся ў дзяцей тое, што не тлумачыў”, — падзяліўся педагог.

А.У.Якубоўскі.

Аляксандр Уладзіміравіч — гуманны настаўнік. Вялікае значэнне ён надае чалавечым зносінам. Не церпіць толькі хамскіх паводзін на ўроку. Калі вучань не падрыхтаваўся або нечага не разумее, гэта нястрашна. “Я заўсёды імкнуся дапамагаць, наводзіць на думку, падказваць. Калі толькі прыйшоў працаваць у школу, мне вельмі хацелася аддаць вучням усё, што ведаў сам. Гэтае жаданне са мной і сёння”, — адзначыў педагог.

А.У.Якубоўскі — настаўнік-метадыст, таму вучыць сваіх калег складваць кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні. Разам з настаўніцай фізікі (настаўнікам-метадыстам) намеснікам дырэктара па вучэбнай рабоце сярэдняй школы № 13 Жлобіна Аленай Ананчыкавай ён правёў у 2017 годзе на Калядным фестывалі ў АПА майстар-клас па методыцы складання такіх заданняў. Гэты майстар-клас стаў запатрабаваным і ў педагогаў Мінскай вобласці. Аляксандр Уладзіміравіч у будучыні плануе правесці яго таксама для настаўнікаў сваёй школы.

“Як паказвае практыка, калегам падабаецца. Праўда не ўсім стапрацэнта, бо складанне такіх заданняў патрабуе часу і пэўнай творчасці. Канечне, я заўсёды дзялюся тым, што маю, але не гарантую, што мае заданні паспяхова спрацуюць у іншым класе. Заданні трэба ўсё ж адаптаваць пад свой клас. Радуе, што многія (асабліва педагогі паважанага ўзросту) загараюцца ідэяй складання кампетэнтнасна-арыентаваных заданняў. Бяруцца за іх і маладыя настаўнікі. Напрыклад, паспяхова гэта атрымліваецца ў настаўніка фізікі з Дзяржынска Максіма Дубіны, які стаў фіналістам апошняга конкурсу “Настаўнік года”, — зазначыў Аляксандр Уладзіміравіч.

Вучні А.У.Якубоўскага выконваюць кампетэнтнасна-арыентаваныя заданні на факультатыве. “Такія заданні падабаюцца ўсім дзецям (і слабым, і моцным), бо дапамагаюць вырашаць звычайныя жыццёвыя праблемы. Напрыклад, уменне выбраць піцу выгадна (калі яны розныя па дыяметры і практычна аднолькавыя па кошце) спатрэбіцца кожнаму, і тут жа можна прымераць на сябе дзве ролі — матэматыка і кемлівага спажыўца”, — заўважыў настаўнік.

Часта Аляксандр Уладзіміравіч працуе ў тандэме са сваёй жонкай Элай Мікалаеўнай, якая выкладае фізіку ў гімназіі № 1 Жодзіна. Шмат іх сумесных майстар-класаў было прысвечана медыяадукацыі. На адным з іх яны правяралі дакладнасць фізічных фактаў і з’яў, якія ёсць у інтэрнэце. Толькі фізікі могуць пацвердзіць або абвергнуць фізічную інфармацыю. І вучні Якубоўскіх ведаюць гэта дакладна.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.