Школа — месца, дзе маладыя педагогі могуць рэалізаваць свае ідэі і ўнесці ўклад у будучыню навучэнцаў

- 15:15Первое рабочее место

Касцюм па класіцы, бэйдж і добры настрой: маладыя педагогі Ельскага раёна здзіўляюць энергіяй і энтузіязмам, якім здольны натхніць вучняў на вывучэнне школьных прадметаў і развіццё інтарэсаў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Тэорыю — у практыку

Кожны жнівень у адукацыйныя ўстановы прыходзяць маладыя спецыялісты, каб пачаць свой прафесійны шлях. Першыя крокі ў кар’еры — гэта асаблівы пе­рыяд, напоўнены знаёмствам з калектывам і адчуваннем працоўнай атмасферы. Маладыя педагогі Дар’я Кузняцова, Вікторыя Каляда і Ягор Калянчук лічаць пачатак свайго педагагічнага шляху па-сапраўднаму каштоўным вопытам для прафесійнага станаўлення. Дарэчы, хтосьці з іх адпрацаваў год, хтосьці — ужо тры. Розны стаж стварае ўнікальную дынаміку ў калектыве, дзе менш вопытныя могуць вучыцца ў больш дасведчаных калег, а таксама спрыяе абмену ведамі і ідэямі.

У Ельскім раёне назіраецца станоўчая тэндэнцыя: маладыя спецыялісты вяртаюцца ў родныя школы, каб унесці ўклад у адукацыю і навучанне маладога пакалення. У гэтым годзе раён прымае на першыя працоўныя месцы 17 педагогаў.

У гутарцы з Ягорам Каленчуком высветлілася, што выпускнік сярэдняй школы № 2 Ельска і Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Шамякіна сёння выкладае біялогію і хімію адразу ў дзвюх установах адукацыі — роднай школе № 2 і Рамязоўскай сярэдняй школе Ельскага раёна. А яшчэ актыўна прыцягвае навучэнцаў да навукова-даследчай дзейнасці. Дарэчы, яго 15 артыкулаў ужо апублікавалі ў навуковых выданнях. На пытанне аб тым, што паўплывала на прафесійны выбар, ён адказаў не задумваючыся:

— Асоба выдатніка адукацыі Беларусі Тамары Сцяпанаўны Полаз, якая падчас маёй вучобы ў школе стала для мяне ўзорам педагагічнага майстэрства. Я вельмі ўдзячны ёй і ні на хвіліну не пашкадаваў аб сваім выбары. Мяняць сферу дзейнасці не планую. Раён мяне цёпла сустрэў, а ва ўстанове замацавалі за мной выдатнага настаўніка  вышэйшай катэгорыі Алену Хазееву, якая аказала мне значную падтрымку. Таксама мне дапамагалі калегі-прадметнікі і метадыст Ельскага раённага вучэбна-метадычнага кабінета Галіна Іванаўна Гайдук.

Што да прафесійнай дзейнасці, то малады і перспектыўны педагог можа ганарыцца дасягненнямі сваіх навучэнцаў па выніках трох школьных сезонаў. Поспехі дзяцей яго матывуюць і натхняюць, служаць залогам далейшага росту і развіцця.

Юныя таленты паспелі зарэкамендаваць сябе ў розных конкурсах і канферэнцыях. Напрыклад, наша вучаніца заняла 1-е месца ў рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў 10—11 класаў “Мой першы крок у навуку”, якая праводзілася ў БДТУ, — падрабязней спыняецца педагог. — Таксама школьнікі праявілі ініцыятыву ў асвятленні экалагічных праблем сучаснасці. Я рады, што магу дзяліцца сваімі ведамі і натхняць дзяцей на поспехі ў навуцы.

Актыўная дзейнасць у сферы адукацыі дапаможа педагогу атрымаць прызнанне педагагічнай грамадскасці і не толькі. Ягор Віктаравіч уваходзіць у склад Ельскага раённага Савета дэпутатаў, а таксама маладзёжнага савета абласнога прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі. З 2023 года ён уключаны ў рэзерв на пасаду дырэктара Рамязоўскай школы, уваходзіць у перспектыўны кадравы рэзерв Ельскага райвыканкама і Гомельскага аблвыканкама.

Ажыццяўляючы дзіцячую мару

Настаўніца фізічнай культуры і здароўя Вікторыя Каляда з дзяцінства марыла стаць педагогам. У 2-й школе яна любіла наведваць самы дынамічны ўрок у раскла­дзе, а зараз ужо да яе спяшаюцца сучасныя школьнікі, каб скакаць на скакалцы, пера­адольваць дыстанцыі ці гуляць у футбол. Вікторыя Сяргееўна імкнецца прывіць дзецям галоўны спартыўны прынцып “хутчэй, вышэй, мацней”, натхняючы на новыя дасягненні і любоў да здаровага ладу жыцця.

— Шмат займалася лёгкай атлетыкай і заўсёды марыла працаваць з дзецьмі, таму я тут! — з гордасцю гаворыць настаўніца. — Сучасным дзецям на ўласным прыкладзе паказваю, наколькі карысны і важны спорт у жыцці. Галоўным чынам працую з навучэнцамі пачатковых класаў, для якіх урокі ператвараюцца ў займальную гульню. Яны з вялікім энтузіязмам выконва­юць усе заданні, а потым хутчэй бягуць з мячом да варот і атрымліваюць асалоду ад гульнявога працэсу.

Малады педагог лічыць, што спорт — важная частка жыцця. А яшчэ спецыя­ліст прызнаецца, што імкнулася трапіць у дружны калектыў менавіта сярэдняй школы № 2 і хвалявалася ў першыя працоўныя дні. Вопытныя настаўнікі фізічнай культуры і здароўя, у тым ліку Таццяна Валер’еўна Пятроўская, і адміністрацыя заўсёды гатовы былі прыйсці на дапамогу ў цяжкую хвіліну, за што яна ім шчыра ўдзячна.

Ключ да развіцця

Яшчэ адзін малады спецыяліст Дар’я Кузняцова на першым працоўным месцы, дзякуючы калегам і дружнаму калектыву, змагла пераадолець сваю фобію — страх перад вялікімі групамі людзей. Справа ў тым, што Дар’я вучылася ў сельскай школе Ельскага раёна ў вельмі маленькім класе: да 10 класа яна вывучала прадметы ра­зам з адным аднакласнікам, а ў 11-м іх колькасць павялічылася да 7. Расказваючы пра свае першыя і ўпэўненыя крокі ў прафесіі, яна ўспамінае, чаму вырашыла стаць тым чалавекам, якому давяраюць адукацыю і выхаванне дзяцей.

Я заўсёды марыла стаць настаўніцай, але доўга не магла выбраць кірунак: спачатку думала аб пачатковых класах, затым — аб працоўным навучанні. Аднак мяне так захапіў настаўнік беларускай мовы і літаратуры Мікалай Трошка, а таксама мілагучнасць і гармонія гукаў беларускіх слоў, што сумнення ў выбары больш не засталося, — дадае Дар’я Вячаславаўна. — Калі я даведалася, што маё першае працоўнае месца — сярэдняя школа № 2, то адчула страх. У гэтай вялікай для мяне адукацыйнай установе я цэлы месяц губ­лялася ў калідорах. Да таго ж мне адразу даверылі класнае кіраўніцтва ў ваенна-патрыятычным класе… Прадстаўнікі кіруючага корпуса школы дапамаглі пераадолець усе страхі і цяжкасці. Таксама за мной замацавалі вопытнага педагога Алену Мішота. Памятаю, спачатку, нават правяраючы вучнёўскія сшыткі і выстаўляючы адзнакі, падыходзіла да настаўнікаў-прадметнікаў, каб упэўніцца ў правільнасці сваіх дзеянняў. Так я хутка ўлілася ў цудоўны калектыў. І не шкадую, што прыйшла менавіта ў гэтую школу, у гэтую прафесію.

Сёння Дар’я Кузняцова імкнецца прывіць вучням любоў да роднай мовы і культуры:

— Важна, каб дзеці не забывалі свае карані і шанавалі багацце беларускай мовы, культуры і нацыянальных традыцый.

Акрамя педагагічнай дзейнасці, малады педагог знаходзіцца ў перспектыўным кадравым рэзерве галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама, з’яўляецца членам маладзёжнага савета пры Ельскім раённым Савеце дэпутатаў, а таксама членам Маладзёжнага савета пры Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу, што дае ёй магчымасць уносіць уклад у развіццё адукацыйнай сістэмы і актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці рэгіёна і мала­дзёжнай палітыцы.

Як расказала дырэктар сярэдняй школы № 2 Ельска Таццяна Уласенка, у гэтым годзе іх калектыў папоўніўся на 6 педагогаў, сярод якіх 3 настаўнікі пачатковых класаў, педагог-дэфектолаг, настаўнікі гісторыі і англійскай мовы. З іх чацвёра — ураджэнцы раёна. Падтрымка педагагічнага калектыву, а таксама імкненне да развіцця робяць гэтую школу ўнікальнай і прывабнай для спецыялістаў сферы адукацыі.

Узровень замацаванасці маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы ў нашай установе вельмі высокі, што з’яўляецца важным паказчыкам стабільнасці і эфектыўнасці работы ў гэтым напрамку, — адзначае Таццяна Уладзіміраўна. — Школа становіцца месцам, дзе маладыя калегі могуць рэалізаваць свае ідэі і ўнесці ўклад у будучыню сваіх навучэнцаў. Педагогі пакідаюць калектыў толькі ў тым выпадку, калі знаходзяць сваю другую палавіну не з мясцовых жыхароў і пераязджаюць у іншыя раёны. У астатнім яны застаюцца ў нашым дружным калектыве, і нават іншыя адукацыйныя ўстановы не могуць іх пераманіць. Акрамя таго, у нас працуе шмат мэтавікаў. Напрыклад, сацыяльна-педагагічную службу поўнасцю складаюць выпускнікі школы, якіх я калісьці сарыентавала ў свеце прафесій.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара