Школа мужнасці і патрыятызму

У Брэсце прайшоў міжнародны злёт пастоў № 1 гарадоў-герояў і гарадоў — удзельнікаў міжнароднага міратворчага руху “Акадэмія міру і дзіцячай дыпламатыі”. У мерапрыемстве, прымеркаваным да 45-годдзя паста Памяці № 1 ля Вечнага агню ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой”, прынялі ўдзел 14 дэлегацый з Мінска, Магілёва, Віцебска, Валгаграда, Керчы, Масквы, Мурманска, Нялідава, Наварасійска, Санкт-Пецярбурга, Севастопаля, Смаленска і Тулы. Арганізатарамі злёту выступілі Брэсцкі гарвыканкам і Цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста пры падтрымцы мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і БрДУ імя А.С.Пушкіна.

Каля манумента “Мужнасць” у Брэсцкай крэпасці-героі гарыць Вечны агонь. На працягу 45 гадоў ля яго нясуць Вахту памяці вучні ўстаноў адукацыі горада.

— Для моладзі Брэста пост Памяці з’яўляецца школай мужнасці і патрыятызму, усвядомленым грамадзянскім абавязкам перад Радзімай і тымі, хто загінуў у час Вялікай Айчыннай вайны, — расказаў начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Брэсцкага гарвыканкама А.М.Наскоў. — Праз ваенна-патрыятычную школу паста Памяці прайшло не адно пакаленне брэстаўчан — больш за 91 тысячу старшакласнікаў. Сёння пост Памяці з’яўляецца структурным падраздзяленнем Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Брэста.

Пасля знаёмства дэлегацый і ўрачыстага мітынгу ў мемарыяльным комплексе “Брэсцкая крэпасць-герой” удзельнікі злёту неслі міжнародную Вахту памяці, пасля чаго для іх была арганізавана экскурсійная праграма па мемарыяле і Нацыянальным парку “Белавежская пушча”.

Падчас сустрэчы са старшынёй Брэсцкага гарвыканкама А.С.Рагачуком удзельнікі злёту даведаліся пра мерапрыемствы, прысвечаныя будучаму святкаванню 1000- годдзя горада, падзяліліся ўражаннямі ад яго і расказалі пра грамадзянска-патрыятычны рух моладзі ў сваіх населеных пунктах: дзейнасць пастоў Памяці, патрыятычных клубаў, кадэцкіх класаў і інш.

— Брэст заўсёды з вялікай павагай адносіўся да патрыятычных ініцыятыў, звязаных з гераічным мінулым краіны. Вельмі добра, калі нас аб’ядноўваюць агульная гісторыя і шчырыя намаганні па яе захаванні і ўвекавечанні, асабліва сярод моладзі, — адзначыў А.С.Рагачук.

У рамках злёту адбыліся Міжнародная педагагічная канферэнцыя “Педагогі — за мір і ўзаемаразуменне: тэорыя і вопыт міратворчага руху і фарміравання талерантнасці ў навучэнцкай моладзі ў інтарэсах падтрымання міру на зямлі”, патрыятычная гульня з юнармейцамі “Сцяг перамогі” і экскурсіі на пагранічную заставу імя Героя Савецкага Саюза А.М.Кіжаватава і ў музей Брэсцкага пагранатрада.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота Яўгена АДАЕВА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *