Школа-новабудоўля ў “Магістры”: з акцэнтам на інжынерна-тэхнічную адукацыю

- 9:21Адукацыйная прастора

Ужо стала добрай традыцыяй адкрываць у Дзень ведаў навучальныя ўстановы-новабудоўлі. 1 верасня ўрачыста расчыніла дзверы новая сярэдняя школа № 225, што размясцілася ў сталічным мікрараёне “Магістр”. На свята першага званка да вучняў школы завіталі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў, намеснік старшыні Мінгарвыканкама Арцём Цуран, кіраўнік адміністрацыі Першамайскага раёна Мінска Дзмітрый Шашок. 

Гэты першы вераснёўскі дзень падарыў нямала цёплых эмоцый і новых незабыўных уражанняў першакласнікам, іх бацькам і педагогам, бо арганізатары стварылі сапраўднае свята з мульцяшнымі персанажамі, музычнымі нумарамі і цудоўнымі падарункамі. 

— Жыццё чалавека ў многім вызначаюць школьныя гады: дарагія настаўнікі, любімыя прадметы, верныя сябры, якіх мы набываем у школе. І неаднаразова на працягу жыцця мы звяртаемся да гэтых гадоў, прыгадваючы іх з асаблівым цяплом і дабрынёй, — адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Максім Рыжанкоў. 

Максім Уладзіміравіч павіншаваў калектыў школы, пажадаў настаўнікам вытрымкі і цярпення. 

— Асабліва хачу павіншаваць першакласнікаў, для якіх сёння прагучыць першы школьны званок, а першы настаўнік, якога яны будуць памятаць заўсёды, возьме іх за руку і павядзе ў вучэбны клас, у цудоўнае падарожжа ў краіну ведаў. Тыя ўмовы, што створаны ў школе, вучэбныя класы і лабараторыі, якія аснашчаны самым сучасным абсталяваннем, дадуць магчымасць кожнаму з вас праявіць сябе і знайсці сваё месца ў жыцці. А супрацоўніцтва з дзіцячым тэхнапаркам, з БНТУ — перадумова якаснай адукацыі, рэалізацыі вашых памкненняў, — адзначыў першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта. — Вам тварыць гісторыю школы, яе традыцыі. І ад таго, якую гісторыю вы створыце, залежыць, наколькі светлым і ўтульным стане гэты храм ведаў.

М.Рыжанкоў перадаў школе падарунак ад Адміністрацыі прэзідэнта — інтэрактыўную сэнсарную панэль і 3D-прынтар.

Ва ўрачыстай абстаноўцы галоўны інжынер ААТ “Буд-трэст № 4” Андрэй Ходас уручыў сімвалічны ключ ад будынка дырэктару школы, адкрыўшы для юных мінчан новы этап іх школьнага жыцця. 

— Будаўніцтва новай школы — гэта знакавае мерапрыемства для ўсяго Першамайскага раёна і нашага горада. Мы марылі аб новай сучаснай школе, і наша мара здзейснілася. Мы абяцаем, што дасягнём вялікіх вышынь, станем паспяховымі і канкурэнтаздольнымі, — ад імені дзяцей і педагогаў запэўніла дырэктар школы Таццяна Качан.

Пасля таго як у школе прагучаў першы званок, чырвоную стужку перарэзалі дырэктар школы і ганаровыя госці, якіх запрасілі на экскурсію па новай установе адукацыі. 

Школа, разлічаная на 750 навучэнцаў, пабудавана ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку па адрасе Універсітэцкі праезд, 5. Яна стала працягам інфраструктуры раёна, дзе сёння дзейнічае дзіцячая дашкольная ўстанова, ёсць амбулаторыя для дзяцей і дарослых, спартыўны комплекс і гандлёвыя пункты. Над узвядзеннем навучальнай установы працавалі прадстаўнікі ААТ “Будтрэст № 4”,  калектыў БУ-13, які раней узводзіў у сталіцы будынкі аквапарка і Вярхоўнага Суда. Вучыцца ў новай школе будуць як дзеці з жылога комплексу “Магістр”, так і выхаванцы дзіцячага тэхнапарка.  

Школа складаецца з двух асобных блокаў, кожны з якіх падзелены на падблокі для пачатковых і старшых класаў. Прасторныя холы і вучэбныя кабінеты — функцыянальныя і эстэтычна прывабныя. Радуюць вока і прыемная колеравая гама сцен і дзвярэй, і новая мэбля, і шафывочкі для індывідуальных рэчаў навучэнцаў. У кабінетах для пачатковых класаў размешчаны канторкі, якія пры неабходнасці дазволяць гіперактыўным дзецям правесці частку ўрока стоячы. 

Навучэнцам школы можна па-добраму пазайздросціць. У іх распараджэнні чатыры кабінеты інфарматыкі (два для пачаткоўцаў і два для старшакласнікаў), тры лінгафонныя кабінеты для якаснага вывучэння замежнай мовы, добра аснашчаныя кабінеты фізікі, хіміі і біялогіі, абслуговай і тэхнічнай працы. Для правядзення навуковых канферэнцый, творчых мерапрыемстваў прадугледжаны канферэнц-зала на 80 месцаў і актавая зала на 260 месцаў. Цалкам укамплектаваны медыцынскі пункт (кабінеты ўрача-педыятра і працэдурны), абсталяваны гардэроб на кожны клас, дзве спартыўныя, трэнажорная і харэаграфічная залы, на вуліцы — пляцоўкі для футбола, валейбола, заняткаў лёгкай атлетыкай, трэнажоры для варкаўта. Прыцягвае ўвагу і невялікі гарадок для вывучэння пачаткоўцамі правіл дарожнага руху. Створана безбар’ернае асяроддзе (маюцца пандусы, ліфт). 

Як расказала дырэктар школы Таццяна Качан, у гэтым навучальным годзе за парты селі 410 дзяцей, у тым ліку 106 першакласнікаў (адкрыты 4 класы). Усяго ўкамплектаваны 18 класаў, у асноўным гэта дзеці з мікрараёна. Асабліва шмат жадаючых было трапіць у першыя класы, таму туды набіралі пераважна па прапісцы. Калектыў педагогаў укамплектаваны амаль цалкам, прычым у старшай школе настаўнікі ў большасці сваёй маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. У пачатковай школе, наадварот, большасць педагогаў — маладыя спецыялісты, якім трэба будзе расці і набірацца вопыту з дапамогай старэйшых калег.

Госці наведалі харчаблок з вітамінавым барам і сталовай на 264 пасадачныя месцы. Камбінат школьнага харчавання прадставіў прыкладнае двухтыднёвае меню, некаторыя навінкі ў ім. Прысутныя пазнаёміліся і з праектам “Разумны буфет”, які сёлета будзе рэалізоўвацца ў сталічных школах. Ён прадастаўляе магчымасць безнаяўнага разліку за буфетную прадукцыю па карце навучэнца. Бацькі пры гэтым будуць ведаць, што купляе іх дзіця. 

З цікавасцю былі наведаны спартыўная зала, кабінет інфарматыкі, дзе праходзілі заняткі па робататэхніцы, кабінет абслуговай працы, у якім старшакласніцы вывучалі віды тканін з выкарыстаннем QR-кодаў.

Гордасцю школы з’яўляецца зімовы сад, які ствараўся сумеснымі намаганнямі ініцыятыўных вучняў, педагогаў і работнікаў Батанічнага саду і парнікова-цяплічнага камбіната. Плануецца, што тут будуць праходзіць не толькі ўрокі хіміі і біялогіі, але і факультатыўныя заняткі, класныя гадзіны. Даследчая група эколагаў-біёлагаў (а ў школе якраз ствараецца навуковае таварыства школьнікаў) на чале з настаўніцай біялогіі і хіміі Аляксандрай Шатавілавай знаёмілася з разнастайнасцю флоры зімовага саду, вывучала на інтэрактыўнай панэлі будову ліста адной з раслін. Дарэчы, школа актыўна ўключылася ў работу па праекце “Зялёныя школы”. 

Акрамя таго, госці пабывалі на першым уроку ў 1 класе на тэму “У адзінстве беларускага народа — аснова незалежнай краіны”. Гаворка ішла пра вучобу ў школе, выбар будучай прафесіі, заняткі спортам і інш. Разам са сваёй настаўніцай маленькія школьнікі збіралі карту Беларусі, гаварылі аб памятных мясцінах нашай краіны. Першакласнікі атрымалі кнігу “Беларусь — наша Радзіма. Падарунак Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, па якой, дарэчы, і працавалі на ўроку.

Па словах начальніка ўпраўлення па адукацыі адміністрацыі Першамайскага раёна Людмілы Барысенка, акцэнт у школе будзе зроблены менавіта на інжынерна-тэхнічнай адукацыі. Мяркуецца, што ўстанова стане пляцоўкай Першамайскага раёна па STEM-адукацыі і ў хуткім часе тут будзе створаны STEM-клас. Ужо ў наступным навучальным годзе будуць арганізаваны заняткі па такіх профільных прадметах, як матэматыка, фізіка, хімія. Заняткі па інтарэсах будуць праводзіцца ва ўзаемадзеянні з Нацыянальным дзіцячым тэхнапаркам, БНТУ і іншымі УВА. Гэта не выключае і мастацкую творчасць — установа стане пляцоўкай для раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Такім чынам, дзеці будуць атрымліваць рознабаковае развіццё. 

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.