“Школа распрацоўкі інтэрфейсаў” хутка пачне сваю работу

- 12:34Вышэйшая школа, Рознае

У БДУІР адбылася сустрэча з супрацоўнікамі кампаніі Яндэкс, якая была прымеркавана да адкрыцця “Школы распрацоўкі інтэрфейсаў”. Падчас лекцыі студэнты БДУІР і школьнікі старэйшых класаў ліцэя пры ўніверсітэце даведаліся, чым займаецца офіс кампаніі ў Мінску і што робяць фронтэнд-распрацоўшчыкі.

Асаблівасцю Яндэкса з’яўляецца тое, што акрамя напісання праграм кампанія прапаноўвае і акадэмічныя курсы. Сярод іх можна вылучыць “Школу аналізу даных” (ШАД), “Курсы інфармацыйных тэхналогій”. Так, многія выпускнікі ШАД з розных краін СНД працуюць у Мінску.
Зараз вялікія перспектывы як для самой кампаніі Яндэкс, так і для студэнтаў звязваюць са “Школай распрацоўкі інтэрфейсаў”. Аляксей Сікорскі, кіраўнік мінскага офіса кампаніі, адзначыў, што ў Яндэксе назапасіўся вялікі вопыт, якім яны хочуць і могуць падзяліцца, аднак людзей, якія могуць яго асвоіць і прымножыць, кампаніі не хапае.
Яндэкс думае адабраць 20 мацнейшых сярод тых, хто выканае падрыхтаванае кампаніяй тэставае заданне. Што вельмі важна, узяць удзел у конкурсным адборы могуць не толькі студэнты БДУІР, але і іншых навучальных устаноў, а таксама пачынаючыя спецыялісты. Сама школа будзе ўяўляць сабой завочны курс лекцый і практычныя заняткі, якія будуць праходзіць у форме каманднай работы.
Аляксей Ляшчоў, намеснік дэкана па вучэбнай рабоце факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР, упэўнены, што студэнтам абавязкова трэба наведваць лекцыі і па магчымасці курсы, якія прапаноўваюць IT-кампаніі і якія часта праводзяцца на базе ўніверсітэта. У будучым гэта дазволіць зрабіць свядомы выбар кірунку ў IT-сферы і рухацца па кар’ернай лесвіцы.

Святлана ШЫЯН.