Школа руплівых гаспадароў

- 14:55Адукацыйная прастора

Унікальным абсталяваннем у пачатку навучальнага года папоўніўся цэнтр па захаванні прыродных рэсурсаў сярэдняй школы № 12 Гродна, якая актыўна працуе ў напрамку экалагічнага выхавання.

У 2019—2021 гадах сярэдняя школа № 12 з’яўлялася ўдзельнікам мясцовай экалагічнай ініцыятывы “УРА Гродна!” (Устойліваму развіццю — актыўнасць Гродна) праекта “Уцягненне грамадскасці ў экалагічны маніторынг і паляпшэнне кіравання аховай навакольнага асяроддзя на мясцовым узроўні”, які рэалізуецца праграмай развіцця ААН у Беларусі ў партнёрстве з Мінпрыроды Рэспублікі Беларусь і фінансуецца Еўрасаюзам. Партнёрамі школы ў праекце сталі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і яслі-сад № 45 Гродна. Усіх партнёраў аб’яднаў мультыцэнтр экалагічнага выхавання “УРА Гродна!”, у складзе якога дзейнічае 8 міні-цэнтраў.


— Паколькі праект быў звязаны з экаманіторынгам, узнікла ідэя стварыць на базе школы 5 зялёных міні-цэнтраў: “Вада”, “Энергія”, “Зялёнае фае”, “Зялёны клас” і “Зялёныя майстэрні”. У кожным з іх нашымі вучнямі вядзецца дзейнасць па экаманіторынгу, экалогіі з уключэннем у гэты працэс мясцовых жыхароў. Такія заняткі вучаць дзяцей беражлівым адносінам да прыродных багаццяў, развіваюць, аздараўліваюць, да таго ж яны не толькі актуальныя сёння, але і прывабныя, — расказала настаўніца асноў бяспекі жыццядзейнасці і каардынатар праектнай дзейнасці сярэдняй школы № 12 Гродна Галіна Богдан.


У сярэдняй школе № 12 творча падыходзяць да выхавання ў дзяцей беражлівых адносін да навакольнага свету і прыроды, эканоміі водных, цепла- і энергарэсурсаў. Гэтаму спрыяе магчымасць у рамках праектнай дзейнасці набываць сучаснае абсталяванне. У пачатку навучальнага года ва ўстанове адукацыі былі ўсталяваны ўнікальныя інтэрактыўныя стэнды “Каштоўная вада” і велаэргаметр “Ці лёгка быць электрастанцыяй”. Спецыяльна для гродзенскай школы іх зрабіў Магілёўскі тэхнапарк.


— З дапамогай стэндаў можна вельмі проста растлумачыць дзецям каштоў­насць вады і электраэнергіі, — падкрэсліла Галіна Богдан. — Школьнікі атрымліваюць уяўленне пра рэжым расходавання вады, пра тое, колькі трэба энергіі, каб падагрэць яе, як эканоміць, тут жа робіцца разлік, колькі гэта каштуе. Усё гэта і даросламу цікава, бо не кожны звяртае ўвагу на тое, як разам з вадой выцякаюць грошы. У зялёным цэнтры “Энергія” на велаэргаметры дзеці могуць вырабіць энергію. Яны круцяць педалі, і ў выніку загараюцца лямпачкі, якія паказваюць, колькі энергіі ўдалося выра­біць і наколькі складана гэта было зра­біць. Дзецям гэта вельмі цікава, пасля такіх заняткаў ужо ніхто не сумняваецца, што трэба эканоміць ваду і электраэнергію. Новыя трэнажоры па зберажэнні рэсурсаў сталі карысным дапаўненнем да тых, што ўжо ёсць у нашай школе.


Велаэргаметр усталяваны ў музеі-лабараторыі па энергазберажэнні “Школа руплівых гаспадароў”, што працуе з 2014 года. Музей стаў своеасаблівым цэнтрам дзіцячых ініцыятыў. Тут школьнікі абмяркоўваюць пытанні зберажэння вады, разумнага яе спажывання, ставяць цікавыя доследы, праводзяць рэсурса­зберагальныя гульні. У практыку ўвайшлі разнастайныя трэнінгі, інтэрактыўныя экскурсіі, якія праводзяць не толькі педагогі, але і самі дзеці. На базе му­зея-лабараторыі працуе інтэлектуальнае аб’яднанне пад такой жа назвай — “Школа руплівых гаспадароў”.


Не толькі зберажэнню вады ці электраэнергіі ўдзяляецца вялікая ўвага ў сярэдняй школе № 12. Напрыклад, у “зялёных майстэрнях” сур’ёзна падыходзяць і да перапрацоўкі другасных матэрыялаў. Дзяўчынкі шыюць з непатрэбнай тканіны новыя карысныя рэчы: падушкі, цацкі, арганайзеры, сувеніры. Хлопчыкі займаюцца апрацоўкай драўніны, вырабляюць шпакоўні, кармушкі і іншыя рэчы. Да новага навучальнага года ў “зялёныя майстэрні” закупілі планшэты для малявання пяском і некалькі дрэваапрацоўчых станкоў. А ў “зялёным класе” праводзяцца заняткі на свежым паветры, у тым ліку і падчас канікул. Нават сам двор школы з’яўляецца часткай міні-цэнтра “Зялёны клас”. Там право­дзяцца маштабныя мерапрыемствы, напрыклад, да дня без аўтамабіля і га­дзіны Зямлі, інклюзіўныя велаквесты.

У пачатку навучальнага года ў сярэдняй школе № 12 Гродна былі ўсталяваны ўнікальныя інтэрактыўныя стэнды “Каштоўная вада” і велаэргаметр “Ці лёгка быць электрастанцыяй”. Спецыяльна для гродзенскай школы іх зрабіў Магілёўскі тэхнапарк.


Цікавыя формы работы прымяняюцца і ў вырашэнні пытання раздзельнага збору смецця. Праводзяцца інфармацыйныя акцыі ў мікрараёне: дзеці выходзяць з буклетамі і расказваюць гродзенцам, як трэба раздзяляць смецце. І да іх прыслухоўваюцца.


Міні-цэнтры запатрабаваны не толькі вучнямі школы, іх наведваюць і бацькі, бабулі і дзядулі вучняў. Да пандэміі ў год музей-лабараторыю наведвалі каля 2,5—3 тысячы чалавек. Цяпер тут праводзяцца мерапрыемствы для школ і дзіцячых садоў горада. Дарэчы, заняткі для дашкольнікаў ладзяць вучні школы. Да Міжнароднага дня энергазберажэння, што адзначаецца 11 лістапада, школьнікі рыхтуюць традыцыйны праект “Энерга­эфектыўная сям’я = энергаэфектыўная планета”.


— Дзеці вельмі актыўна прапаноўваюць свае ініцыятывы, — адзначыла Галіна Богдан. — Яны мо­гуць уключацца ў любы з этапаў праекта і з задавальненнем гэта робяць. Кожны год праект напаўняецца новым зместам. Так, у мінулым годзе школьнікі самі падрыхтавалі інтэрактыўную выставу “Наш энергаэфектыўны дом”. Цікавым атрымалася лэд-шоу, калі дзеці дэманстравалі магчымасці лэд-асвят­лення, шылі касцюмы з выкарыстаннем лямпачак. У гэтым годзе плануем акцэнтаваць увагу на вопыце сямей навучэнцаў, арганiзаваць вiртуальныя рэпартажы з iх кватэр i дамоў. Своеасаблiвы працяг атрымала i мясцовая iнiцыятыва “УРА Гродна!” — другi год у школе рэалiзуецца праект шостага школьнага дня “УРА Гродна: субота, каштоўная для сябе, для краiны, для планеты”, якi ў цяперашні час удзельнiчае ў фiнале рэспублiканскага конкурсу на лепшы праект па арганiзацыi шостага школьнага дня.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.