Школа руплівых гаспадароў

- 14:30Навіны рэгіёнаў, Рознае

Так названы музей-лабараторыя, урачыстае адкрыццё якога адбылося ў сярэдняй школе № 12 Гродна.

На мерапрыемства запрасілі намеснікаў дырэктараў па выхаваўчай рабоце Кастрычніцкага раёна Гродна, класных кіраўнікоў, вучняў школы, прадстаўнікоў міжнароднага дабрачыннага аб’яднання “Экапартнёрства” і Цэнтра экалагічных рашэнняў. Яны таксама сталі ўдзельнікамі семінара, дзе быў прадстаўлены вопыт работы сярэдняй школы № 12 па выхаванні ў вучняў беражлівага стаўлення да прыродных рэсурсаў. Як падкрэсліла дырэктар навучальнай установы Ала Галавенка, адна з галоўных мэт выхаваўчай работы — навучыць школьнікаў быць сапраўднымі гаспадарамі на сваёй зямлі.
Стварэнне музея-лабараторыі стала магчыма дзякуючы перамозе школы ў Рэспубліканскім конкурсе “Энергаэфектыўныя ўстановы адукацыі”, які праводзіцца ў межах міжнароднага школьнага праекта па выкарыстанні рэсурсаў і энергіі (Spare/“Шпірэ”). Музей-лабараторыя ствараўся на сродкі гранта міжнароднага грамадскага аб’яднання “Экапартнёрства” пры ўдзеле Нарвежскага таварыства аховы прыроды, пазабюджэтнай дзейнасці школы, а таксама спонсарскай дапамогі папячыцельскага савета школы.
На працягу тыдня ў межах дзён адкрытых дзвярэй у школе праходзілі розныя мерапрыемствы па беражлівым стаўленні да прыродных рэсурсаў. Школьнікі змаглі азнаёміцца з выставай Цэнтра экалагічных рашэнняў, дзе былі прадстаўлены цікавыя факты аб рэсурсах Зямлі, магчымасцях іх эканоміі не толькі ў планетарных маштабах, але і ва ўласнай кватэры. Для школьнікаў правялі віртуальную экскурсію па самай вялікай электрастанцыі Беларусі. Тут былі прадстаўлены і розныя трэнажоры, якія паказваюць, як працуюць і колькі спажываюць электраэнергіі розныя бытавыя прыборы. Паспрабавалі дзеці і самастойна вырабляць электраэнергію з дапамогай велатрэнажора. А ў канцы тыдня ў школе правялі мерапрыемствы з удзелам бацькоў школьнікаў.
Бацькі, дарэчы, таксама прынялі ўдзел у стварэнні экспазіцыі музея-лабараторыі. Як расказала каардынатар намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 12 Галіна Богдан, яны прынялі ўдзел у акцыі “Падарунак музею” і папоўнілі яго экспазіцыю старымі бытавымі электрапрыборамі, якія могуць служыць цікавымі экспанатамі для сучасных школьнікаў.
На базе музея-лабараторыі плануецца правядзенне мерапрыемстваў, накіраваных на фарміраванне ў навучэнцаў навыкаў энергазберагальных паводзін. Тут арганізуюць факультатыўныя заняткі, лабараторныя практыкумы, урокі энергазберажэння, экскурсіі, будуць выпускаць газеты, праводзіць конкурсы “Энергамарафон”, “Энергія і асяроддзе”, “Энергаэфектыўная ўстанова адукацыі”. Настаўнікі распрацоўваюць дыдактычныя і метадычныя матэрыялы па рэсурсазберажэнні і ўдзельнічаюць у конкурсе на лепшы ўрок па гэтай тэматыцы. Актыўна асвойваюць у школе і сацыяльныя сеткі. Створана адпаведная група “УКантакце”.
А яшчэ тут можна самому сабраць макет электрапрыбора, убачыць, як гэта працуе, і атрымаць практычныя навыкі па эканоміі электраэнергіі. У музеі-лабараторыі ёсць сучасныя канструктары, а таксама літаратура па экалагічных пытаннях.
— Мы ставім перед сабой некалькі задач, — гаворыць Ала Галавенка. — Гэта ўзаемадзеянне педагогаў, бацькоў і вучняў для фарміравання ўстойлівых матывацый беражлівага стаўлення да прыродных рэсурсаў, правядзенне экалагічных акцый і праектаў, а таксама даследчая дзейнасць па экалогіі і рэсурсазберажэнні. Мы адкрыты для супрацоўніцтва з усімі зацікаўленымі.
Нездарма дэвізам тут выбралі такія словы: “Будзь з намі — і свет стане лепшым”.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Юліі АНІКЕВІЧ.