Школа — тэрыторыя здароўя

Дзве полацкія ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі ўвайшлі ў лік пераможцаў конкурсу на лепшую рэалізацыю міжведамаснага інфармацыйнага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя”, які сумесна праводзілі Міністэрства адукацыі і Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь: сярэдняя школа № 6 Полацка прызнана лепшай у фарміраванні культуры здароўя і матывацыі для здаровага ладу жыцця ў сістэме “педагогі — навучэнцы — бацькі”, а Полацкая дзяржаўная гімназія № 1 імя Францыска Скарыны — лепшай па арганізацыі рацыянальнага харчавання.

У рэалізацыі праекта шэсць школ і гімназій раёна пад кіраўніцтвам Полацкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі ўдзельнічаюць з 2017 года, тры ўстановы адукацыі далучыліся ў 2018 годзе і яшчэ дзве збіраюцца далучыцца — на цяперашні час яны праходзяць працэдуру ацэнкі дзейнасці для вызначэння ўзроўню функцыянавання праекта.

— Праблема захавання здароўя дзіцяці ў працэсе школьнага навучання мае шматвяковую гісторыю. Калісьці яшчэ старажытныя грэкі высеклі на камені: “Хочаш быць здаровым — бегай, хочаш быць прыгожым — бегай, хочаш быць разумным — бегай”, — адзначыла дырэктар Полацкага раённага вучэбна-метадычнага цэнтра Наталля Васюк. — Клопат пра здароўе — найважнейшы складнік працы настаўніка, таму што ад жыццярадаснасці, бадзёрасці дзяцей залежаць іх духоўнае жыццё, светапогляд, разумовае развіццё, трываласць ведаў, вера ў свае сілы. Праект прадугледжвае правядзенне маштабнай інфармацыйнай кампаніі, мерапрыемстваў па прафiлактыцы шкодных звычак і фарміраванні навыкаў здаровага ладу жыцця ў школьнікаў. Кожная ўстанова адукацыі рэалізуе план мерапрыемстваў разам з занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі, дзіцячай паліклінікай, Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа. Здароўе нашых дзяцей — справа ўсеагульная і сумесная.

Намеснік дырэктара сярэдняй школы № 6 Полацка па вучэбнай рабоце Вольга Каваленка ў пачатку размовы аб удзеле ў праекце падзялілася назіраннем: звычайна пры ацэнцы дзейнасці ўстаноў адукацыі мала гаворыцца пра тое, ці ўдалося выпусціць у дарослае жыццё не толькі разумных, але і здаровых маладых людзей. Задача школы — усебакова падрыхтаваць дзяцей да самастойнага жыцця, стварыць усе перадумовы для таго, каб яно склалася шчасліва, а без здароўя гэта немагчыма. Праект “Школа — тэрыторыя здароўя” значна паўплываў на ўдасканальванне сістэмы здароўезберагальных і здароўестваральных мерапрыемстваў ва ўстанове адукацыі.

— Наша работа па захаванні і ўмацаванні здароўя школьнікаў мае комплексны характар, — расказала Вольга Дзмітрыеўна. — Адзін з прыярытэтаў — падрыхтоўка дзіцяці да здаровага ладу жыцця на аснове выкарыстання здароўезберагальных тэхналогій. У нас праводзяцца фізкультхвілінкі (у тым ліку з музычным суправаджэннем), штодзённая ранішняя зарадка для малодшых школьнікаў, вучэбныя кабінеты абсталяваны афтальмалагічнымі
трэнажорамі, канторкамі, валеалагічнымі куткамі. У рэкрэацыях абсталяваны гульнявыя і спартыўныя зоны, дзе падчас перапынкаў старэйшыя школьнікі і педагогі арганізоўваюць рухавыя гульні, агульнашкольныя флэш-мобы. Выхаванне культуры здароўя адбываецца і праз прапаганду здаровага ладу жыцця — кіналекторыі, конкурсы малюнкаў, плакатаў, гульнявыя праграмы, сустрэчы з прадстаўнікамі ўстаноў аховы здароўя, тэматычныя класныя і інфармацыйныя гадзіны. Традыцыйным стаў фестываль “Моладзь — за ЗЛЖ”. Мы ажыццяўляем прафілактычную работу з навучэнцамі і іх бацькамі, у школе створана і паспяхова рэалізоўваецца праграма прафілактыкі шкодных звычак і садзейнічання здароваму ладу жыцця, імкненне да якога ў моладзі стымулюецца дзякуючы спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай рабоце. Кожную другую суботу месяца ў нас праходзяць дні здароўя, праводзяцца спартыўныя спаборніцтвы, святы і акцыі. Працуюць школьныя гурткі і секцыі па валейболе, баскетболе, лёгкай атлетыцы, футболе, тэнісе. Педагогі асабістым прыкладам прапагандуюць здаровы лад жыцця, актыўна ўдзельнічаючы ў спартыўных мерапрыемствах.

Адметнасць сярэдняй школы № 6 Полацка — выкарыстанне аздараўленчага і псіхатэрапеўтычнага патэнцыялу харэаграфіі, вакалу і музычнай творчасці. Факультатывы музычнай і харэаграфічнай накіраванасці наведваюць 494 з 744 навучэнцаў школы. Заняткі спевамі, музыкай, танцамі не толькі спрыяюць развіццю фізічных якасцей дзяцей, але і дапамагаюць атрымаць эмацыянальную разрадку, зняць разумовую перагрузку і стому. Творчыя калектывы школы, два з якіх маюць статус “узорны”, з’яўляюцца лаўрэатамі і дыпламантамі музычных і танцавальных конкурсаў абласнога, рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню. З мэтай інфармацыйнай падтрымкі і метадычнай дапамогі педагогам, а таксама распаўсюджвання эфектыўнага вопыту работы па здароўезберажэнні на базе ўстановы арганізаваны рэсурсны цэнтр “Прапаганда здаровага ладу жыцця сярод навучэнцаў і іх законных прадстаўнікоў”. Для папулярызацыі яго дзейнасці створаны аднайменны школьны сайт. Выхаванне культуры здароўя ажыццяўляецца і праз школьныя СМІ, у тым ліку школьнае тэлебачанне.

— Эфектыўнасць работы па выхаванні культуры здароўя ў дзяцей значна павышаецца пры актыўным узаемадзеянні сям’і і школы, — акцэнтавала ўвагу дырэктар установы адукацыі Людміла Гавяза. — Супрацоўніцтва з бацькамі будуецца па двух напрамках: асвета саміх бацькоў (праз індывідуальныя і тэматычныя кансультацыі, пазакласныя мерапрыемствы, бацькоўскія трэнінгі, сходы і канферэнцыі, выпуск метадычнага часопіса для бацькоў “Дыялог”) і ўдзел іх у фізкультурна-аздараўленчых мерапрыемствах. Добрай традыцыяй у нас сталі спартыўныя спаборніцтвы сярод сем’яў навучэнцаў; у мінулым годзе адбылася першая сустрэча паміж зборнымі бацькоў і настаўнікаў. Перамогу ў конкурсе мы ўспрымаем не як вынік працы ў гэтым кірунку, а як зыходную кропку для далейшага развіцця.

Акрамя згаданага вышэй, па рэкамендацыі спецыялістаў Полацкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі адкрыты і функцыянуюць рэсурсныя цэнтры ў сярэдняй школе № 16 Полацка “Фарміраванне культуры здароўя і матывацыі для здаровага ладу жыцця ў сістэме “педагогі — навучэнцы — бацькі” і ў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны “Прафілактыка парушэнняў апорна-рухальнага апарату”, “Прафілактыка парушэнняў нервова-псіхічнага здароўя і ператамлення ў навучэнцаў”.

— У народнай прыказцы гаворыцца: “Грошы страціў — нічога не страціў, час страціў — многае страціў, здароўе страціў — усё страціў”. Сёння ні ў кога не выклікае сумнення палажэнне аб тым, што паспяховасць навучання ў школе вызначаецца ўзроўнем здароўя, з якім дзіця прыйшло ў першы клас, — падкрэсліла загадчык аддзялення гігіены дзяцей і падлеткаў Полацкага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Іна Салуянава. — Аднак вынікі медыцынскіх аглядаў сведчаць: здаровымі можна лічыць толькі 20—30 працэнтаў першакласнікаў, сярод выпускнікоў школ больш за 80 працэнтаў маюць тыя ці іншыя адхіленні ў стане здароўя. Для таго каб змяніць сітуацыю, кожная ўстанова адукацыі павінна стаць тэрыторыяй здароўя. І ў нашых сілах гэта зрабіць. У школе існуюць эфектыўныя магчымасці для правядзення работы па ахове здароўя і здаровым харчаванні. Менавіта ў школьным узросце адбываецца асноўнае развіццё дзіцяці і фарміруецца яго лад жыцця, уключаючы тып харчавання. Такім чынам, школа ўяўляе сабой жыццёва важнае асяроддзе, выкарыстоўваючы якое можна аказваць уплыў на працэс правільнага харчавання і фарміраваць у школьнікаў правільныя навыкі і стэрэатыпы ў гэтым пытанні.

Эфектыўную мадэль рэалізацыі гэтай задачы прапанаваў калектыў Полацкай дзяржаўнай гімназіі № 1 імя Францыска Скарыны. Педагогі імкнуцца, каб здаровы лад жыцця ў навучэнцаў, іх сем’ях заняў адно з першых месцаў у іерархіі чалавечых каштоўнасцей. Сістэмная работа ўстановы адукацыі па ўдасканаленні арганізацыі харчавання школьнікаў прадугледжвае паляпшэнне яго якасці, захаванне бяспекі і збалансаванасці, паляпшэнне паказчыкаў здароўя навучэнцаў, стварае спрыяльныя ўмовы для нармальнага росту і развіцця дзяцей, дазваляе сфарміраваць у навучэнцаў культуру харчавання і пачуццё адказнасці за сваё здароўе. Аналіз стану здароўя гімназістаў сведчыц-ь аб стабільнасці вынікаў па захаванні здароўя і прафілактыцы хвароб абмену рэчываў. Сістэма мерапрыемстваў па прывіцці прынцыпаў правільнага харчавання ўключае ў сябе тыдзень здаровага харчавання, правядзенне прэс-канферэнцыі “Правільнае харчаванне” з наступным выпускам тэматычных нумароў гімназічнай газеты “ДГГ” (Друкаваны голас гімназіі) і сумесных акцый з распаўсюджваннем памятак для бацькоў, дэгустацыяй страў здаровай кухні і фітачаёў, дзён беларускай кухні і рэкламных акцый новых страў у гімназічнай сталовай, а таксама анкетаванне і інтэрнэт-апытанні, рэгістрацыю тэматычных груп у сацыяльных сетках “УКантакце” і “Аднакласнікі”. На сайце гімназіі створаны асобны блок для бацькоў і дзяцей “Гімназія — тэрыторыя здароўя”. Традыцыйнымі сталі вучэбныя гульнявыя заняткі з малодшымі школьнікамі “Гутарка аб правільным харчаванні”. Цікавай формай работы па распаўсюджванні ведаў аб стравах беларускай кухні, папулярызацыі народных прынцыпаў здаровага харчавання з’яўляецца агульнагімназічны праект “Гучы, родная мова”, тэматычныя гульні “Размаўляй са мной па-беларуску”, у змест якіх уваходзіць глыбокае знаёмства з рэцэптамі, прынцыпамі беларускай кухні.

— Мы заўсёды адкрыты для ўсяго новага, і арганізацыя школьнага харчавання для нас адно з ключавых пытанняў, — расказала дырэктар гімназіі Святлана Валюшкіна. — Дзеці знаходзяцца ва ўстанове адукацыі немалы час. Напрыклад, з 600 нашых навучэнцаў 206 з’яўляюцца ўдзельнікамі ўзорнага харэаграфічнага калектыву “Забава”, у якога заўсёды працяглыя і інтэнсіўныя трэніроўкі. Тое ж можна сказаць і пра заняткі даследчай дзейнасцю, фізкультурай і спортам — у нас добрая спартыўная база, яна актыўна выкарыстоўваецца. Мы маем станоўчую дынаміку і нядрэнна выглядаем па выніках рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах — адпаведна, работа гімназістаў па падрыхтоўцы да ўдзелу ў алімпіядах не толькі інтэнсіўная, але і працяглая. У педкалектыве гэта таксама адзін з напрамкаў работы ў супрацоўніцтве з прафсаюзным камітэтам, таму што і педагогі павінны прытрымлівацца здаровага ладу жыцця, паказваць сваім прыкладам, што трэба выбіраць здаровае харчаванне. Таму праект “Школа — тэрыторыя здароўя” для нас быў невыпадковы і прадыктаваны самім жыццём.

У гімназіі моцныя партнёрскія сувязі з бацькоўскім камітэтам, грамадскасцю. Традыцыйна ў студзені праходзіць дзень бацькоўскага самакіравання, калі ўсе дарослыя ролі ва ўстанове адукацыі бяруць на сябе бацькі і законныя прадстаўнікі навучэнцаў. Створана дзейсная сістэма бацькоўскага кантролю за якасцю работы гімназічнай сталовай, пастаянна ўдасканальваецца яе матэрыяльна-тэхнічная база. Мінулагодняе анкетаванне бацькоў выявіла неабходнасць прадастаўлення дыетычнага харчавання — і неўзабаве былі набыты параканвектамат (ён значна пашырае магчымасці вар’іраваць меню), водазмякчальнік, халадзільная камера. На вокнах абедзеннай залы ўстаноўлены шклопакеты з маскітнымі сеткамі, што дазваляе беспраблемна ажыццяўляць рэжым праветрывання. Кантроль арганізацыі харчавання ўключаны ў агульную сістэму ўнутранага кантролю і ажыццяўляецца ў адпаведнасці з кантрольнымі крытычнымі кропкамі, вызначанымі паводле норм і прынцыпаў сістэмы “ХАССП” (HACCP — Hazard Analysis and Critical Control Point), якая ўкараняецца ў сталовай.

— У мінулым годзе мы перайшлі на сістэму электроннай аплаты, гэта ўзмацніла бацькоўскі кантроль і адначасова адказнасць, — працягвае Святлана Міхайлаўна. — Нашы дзеці ўдзельнічаюць ва ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы: па праграме другаснай занятасці выраблены мяккі інвентар для сталовай, фартухі і хустачкі для дзяжурных. Вялікая роля школьнага самакіравання ў арганізацыі харчавання. Функцыя не проста дзяжурства, але і кантроль за якасцю работы. Яны ведаюць, як карэктна і правільна ўнесці свае прапановы па яе ўдасканальванні, — гэта таксама важна ў фарміраванні сацыяльных навыкаў. Прывяду адзін з нядаўніх прыкладаў. Як і ўсюды, нашы дзяжурныя накрываюць на стол. Але адначасова за сталы садзяцца 120 чалавек. Зразумела, што тыя талеркі, якія пастаўлены першымі, за 15 хвілін паспяваюць астыць. Па прапанове гімназістаў былі набыты супніцы — такім чынам забяспечана падача першых страў адпаведнай тэмпературы, магчымасць іх парцыянаваць непасрэдна на стале. Разам мы плённа развіваем і іншыя напрамкі праекта. Беларусі патрэбна здаровая нацыя, а для гэтага ўжо зараз неабходна так выхоўваць дзяцей, каб у дарослым жыцці яны прытрымліваліся і актыўна прапагандавалі здаровы лад жыцця. Здароўе — вяршыня, на якую чалавек павінен падняцца сам. Жадаю вам усім быць здаровымі!

Таццяна БОНДАРАВА.