Школа — у надзейных руках

- 11:13Навіны рэгіёнаў

Сёлетні Дзень ведаў стаў асаблівым для вучняў і настаўнікаў Стаўбунскай сярэдняй школы, што ў Веткаўскім раёне: навучальны год пачаўся ў абноўленым будынку.

Некалькі гадоў установа знаходзілася на рэканструкцыі, і дзецям прыходзілася ездзіць на заняткі ў суседнія Свяцілавічы, што за 9 кіламетраў ад роднай вёскі. І вось нарэшце школа зноў адчыніла свае дзверы для вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак. На гэты конт старшакласнікі кажуць, што пераадольваць адлегласць дзеля таго, каб атрымліваць веды, не складана, але ж дома ўсё роўна лепш, у родных сценах адчуваеш сябе больш упэўненым і шчаслівым.

Гісторыя Стаўбунскай школы налічвае больш як стагоддзе. У 1908 годзе па настойлівым патрабаванні мясцовых жыхароў у вёсцы была адкрыта земская школа на тры класы. Ужо праз два гады з земскай яна ператварылася ў пачатковую, а ў 1928 годзе была рэарганізавана ў сямігадовую школу. У часы, калі ішла барацьба з непісьменнасцю, папулярнасць установы ўзрастала, а колькасць вучняў нязменна павышалася. Новы будынак для ўжо сярэдняй школы ў вёсцы Стаўбун быў пабудаваны ў пачатку 70-х гадоў мінулага стагоддзя, а 5 гадоў назад ён быў прызнаны аварыйным і пастаўлены на рэканструкцыю.

— Ад старой установы засталіся толькі сцены, таму можна казаць, што ў гэтым годзе мы атрымалі новую школу, — гаворыць дырэктар Стаўбунскай сярэдняй школы Леанід Грышэчкін. — Адкрыццё школы стала вялікай радасцю не толькі для навучэнцаў і педагогаў, але і для ўсіх жыхароў нашага аграгарадка.

У пацвярджэнне слоў Леаніда Васільевіча можна згадаць першавераснёвы дзень, калі пасля ўрачыстай лінейкі калідоры ўстановы запоўніліся вяскоўцамі, якія прыйшлі сюды на экскурсію.

— Як вам абноўленая школа? — пытаюся ў дзвюх жанчын, адна з якіх, разглядаючы клас для першапачаткоўцаў, нават запляскала ў далоні.

— Неверагодна, проста казка, мы такога яшчэ не бачылі! — эмацыянальна выдала яна.

І праўда, для сельскай мясцовасці гэта вельмі добры будынак, дзе ўсё зроблена згодна з патрабаваннямі часу і інтарэсамі сучасных дзяцей. Пасля рэканструкцыі, на якую было выдаткавана каля 3 млн рублёў, навучэнцаў сустрэлі прасторныя спартыўная і актавая залы, трэнажорны пакой, сталовая з найноўшым абсталяваннем, бібліятэка, камп’ютарны клас. Першы паверх цалкам аддадзены пачаткоўцам: тут іх класы, гульнявы пакой і спальня для дзённага адпачынку самых маленькіх.

Сёлета ў стаўбунскай школе вучацца 76 дзяцей, 8 з якіх — першакласнікі. Яны дзіўныя, непаседлівыя і, здаецца, зусім маленькія. Ім пашанцавала трапіць да Надзеі Яўгенаўны Маславай — аднаго з самых вопытных педагогаў школы, таму няма сумненняў, што вельмі хутка яны адаптуюцца ў гэтых сценах і з захапленнем паглыбяцца ў свет ведаў.

Што тычыцца адзінаццацікласнікаў, яны крышачку сумуюць, бо гэта іх апошні год у школе, і шкада, як прызнаюцца заўтрашнія выпускнікі, што не паспеюць у поўнай меры атрымаць асалоду ад навучання ў новым будынку. Варта сказаць, сваёй школай вясковыя навучэнцы ганарацца. Адзначаюць, што адчуваюць сябе тут утульна, ведаюць, што настаўнікі і кіраўніцтва заўсёды падтрымаюць і дапамогуць ва ўсіх добрых пачынаннях.

Падаецца, што ўсе — і педагогі, і навучэнцы, і наогул вяскоўцы — з павагай ставяцца да векавой гісторыі сельскай школы, імкнуцца прымнажаць яе поспехі. А поспехі Стаўбунскай сярэдняй школы, па словах галоўнага спецыяліста аддзела адукацыі, спорту і турызму Веткаўскага райвыканкама Таццяны Помазавай, абумоўлены стабільнасцю педагагічнага калектыву. Гэтай установе не ўласціва праблема цякучасці кадраў, а гэта значыць, што педагагічны вопыт і традыцыі школы перадаюцца ад старэйшых настаўнікаў моладзі, якая толькі пачынае асвойваць адукацыйную прастору. За ўсю гісторыю сярэдняй школы ў ёй працавалі 140 педагогаў. Зараз калектыў налічвае разам з дырэктарам і яго намеснікам 20 чалавек.

Калі працягнуць разважанні пра поспехі і стабільнасць гэтай сельскай установы адукацыі, то абавязкова трэба сказаць пра кіраўніка.

Леанід Васільевіч Грышэчкін — кіраўнік, стаж педагагічнай дзейнасці якога налічвае 43 гады, 31 з іх — у якасці дырэктара Стаўбунскай сярэдняй школы. У яго працоўнай кніжцы ўсяго некалькі запісаў: настаўнік матэматыкі, намеснік дырэктара, дырэктар. І ўсё гэта ў адной установе. Шчыра кажучы, гэта ўражвае і выклікае вялікую павагу да Леаніда Васільевіча не толькі як да педагога, але і як да чалавека. Высакародны, шчыры, з добрым пачуццём гумару і заўсёды пазітыўным настроем. Уявіце сабе, колькі складаных пытанняў і праблем прыходзілася яму вырашаць на працягу 30-гадовага дырэктарства, колькі трэба было прымаць важных рашэнняў, адстойваць ідэй. І ён ніколі не скардзіўся. “Калі на чале педагагічнага калектыву такі кіраўнік, як Леанід Васільевіч, тады можна працаваць без напружання, на поўным даверы”, — прызнаецца Т.А.Помазава. Гэта значыць, адноўленая школа — у надзейных руках, а яе гісторыю прадоўжаць новыя дасягненні і поспехі.

Дарэчы, у стаўбунскай школы ёсць свой сімвал — школьны званок, адліты майстрамі ў ХІХ стагоддзі, на ім выгравіраваны лічбы “1879”. Кожны год адзін з першакласнікаў гэтым званком, які нібыта служыць правадніком у новыя добрыя пачынанні, абвяшчае пачатак новага навучальнага года. Калі браць адлік з года вырабу, то сёлета цудоўны звон пачула 139-е пакаленне школьнікаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.