Школа — універсітэт: ад работы з адоранымі вучнямі да падрыхтоўкі педагагічных кадраў

- 12:57Вышэйшая школа

Асноўная задача вышэйшай школы — падрыхтоўка высокакваліфікаваных і канкурэнтаздольных спецыялістаў, запатрабаваных на рынку працы. Дэмаграфічная сітуацыя ўносіць карэктывы ў работу УВА, якія сёння змагаюцца за кожнага абітурыента. Сістэма вышэйшай адукацыі, рэагуючы на запыты эканомікі і адкрываючы непедагагічныя спецыяльнасці, яшчэ больш стымулюе адток абітурыентаў з педагагічных спецыяльнасцей, у выніку чаго назіраецца дэфіцыт педагагічных кадраў (у бягучым навучальным годзе 76 студэнтаў выпускных курсаў БрДУ імя А.С.Пушкіна працуюць у школах Брэста).

— Для вырашэння праблемы захавання і магчымага павелічэння набору на педагагічныя спецыяльнасці, павышэння іх прэстыжу, узмацнення матывацыі старшакласнікаў да атрымання педагагічнай адукацыі неабходна кансалідаваная работа ўсіх суб’ектаў сістэмы адукацыі (найперш школы і УВА), бо часам ствараецца адчуванне, што ў наборы студэнтаў і забеспячэнні конкурсу зацікаўлены толькі ўніверсітэт, — гаворыць прарэктар па вучэбнай рабоце БрДУ імя А.С.Пушкіна Я.Д.Осіпаў.
Універсітэт заключыў дамовы аб узаемадзеянні пры падрыхтоўцы спецыялістаў з 29 базавымі арганізацыямі, у тым ліку з усімі аддзеламі адукацыі, спорту і турызму Брэстчыны. Практыка паказвае, што амаль усе заказчыкі кадраў заніжаюць патрэбу ў маладых спецыялістах, асцерагаючыся абавязацельстваў па іх далейшым працаўладкаванні. Адсутнасць заявак на падрыхтоўку сёння азначае адсутнасць неабходнай колькасці маладых спецыялістаў праз 4 гады.
— Напярэдадні размеркавання мы сутыкаемся з сур’ёзнай праблемай, — адзначае Я.Д.Осіпаў. — План па размеркаванні Міністэрства адукацыі, складзены на аснове інфармацыі, атрыманай ад рэгіянальных аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, даволі часта не супадае з заяўкамі на падрыхтоўку спецыялістаў, пададзенымі нам раней тымі ж арганізацыямі. Колькасць заявак можа не супадаць на 2—3 адзінкі. Але ёсць і больш значныя лічбы. Так, на 2015 год ва ўніверсітэт пададзена 43 заяўкі на падрыхтоўку выкладчыкаў замежнай мовы, а ў Міністэрства адукацыі — 73 заяўкі на размеркаванне. Акрамя таго, здараюцца сітуацыі, калі аддзелы адукацыі, спорту і турызму пагаджаюцца на пераразмеркаванне маладых спецыялістаў на месцы, не пазначаныя ў заяўках галіноваму міністэрству і ў дамовах з базавымі арганізацыямі. Пры планаванні кантрольных лічбаў прыёму на бюджэтнае навучанне ўніверсітэт павінен забяспечваць наяўнасць не менш як 80% заявак па кожнай спецыяльнасці. Таму толькі якаснае планаванне заявак можа вырашыць праблему кадравай забяспечанасці маладымі спецыялістамі.
Калі гаварыць пра прыцягненне добра падрыхтаваных абітурыентаў, то рэгіянальныя заказчыкі кадраў павінны быць зацікаўлены ў тым, каб лепшыя выпускнікі школ паступалі не ў замежныя УВА, а ў мясцовыя. У гэтым выпадку заказчыкі кадраў атрымаюць і добрых спецыялістаў.
Па словах Я.Д.Осіпава, універсітэт праводзіць маштабную прафарыентацыйную работу па прыцягненні абітурыентаў вобласці. У рамках мінулагодняй прыёмнай кампаніі рэалізаваны Комплексны план работы з абітурыентамі і фарміравання студэнцкага кантынгенту БрДУ імя А.С.Пушкіна. З 2013/2014 навучальнага года працуе ўніверсітэцкая агітбрыгада, якая пры садзейнічанні ўпраўлення адукацыі Брэсцкага аблвыканкама і раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму прэзентуе прафарыентацыйную праграму для вучняў 9—11 класаў. У бягучым навучальным годзе наведаны 35 устаноў адукацыі ў 16 населеных пунктах вобласці, дзе адбыліся сустрэчы з больш як 2,7 тысячы школьнікаў. Падчас акцыі ўстановы атрымліваюць увесь спектр інфармацыйна-выдавецкай рэкламнай прадукцыі ўніверсітэта для размяшчэння ў школе і распаўсюджання сярод выпускнікоў. Кіраўніцтва раённых аддзелаў адукацыі, спорту і турызму аказвае аператыўную дапамогу ў арганізацыі прафарыентацыйных сустрэч.
З мэтай ранняй прафарыентацыі вучняў на спецыяльнасці ўніверсітэта рэалізоўваюцца мерапрыемствы цэнтра “Прафарыенцір” па маніторынгу прафесійных запытаў абітурыентаў. Летась адбылося 320 прафарыентацыйных кансультацый з абітурыентамі і 35 мерапрыемстваў ва ўстановах адукацыі Брэстчыны. Работай цэнтра ахоплена 9 раёнаў вобласці.
Студэнты-практыканты 3—5 курсаў на базе практык праводзяць прафарыентацыйныя семінары-прэзентацыі для вучняў, накіраваныя на пашырэнне ведаў пра ўніверсітэт і яго месца ў адукацыйнай прасторы Беларусі, распаўсюджваюць рэкламныя буклеты факультэтаў і ладзяць мультымедыйныя прэзентацыі прафарыентацыйнага характару.
На факультэцкіх кафедрах створаны банк даных настаўнікаў-выпускнікоў факультэтаў, якія дапамагаюць у правядзенні прафарыентацыйнай работы з перспектыўнымі вучнямі вобласці і фарміраванні спіса вучняў выпускных і перадвыпускных класаў з іх электроннымі адрасамі для канкрэтнай прафарыентацыйнай работы.
Падчас асенніх і вясенніх канікул праходзяць дні адкрытых дзвярэй. Абітурыенты і іх бацькі знаёмяцца з універсітэтам, асаблівасцямі арганізацыі ўступнай кампаніі.
Пэўная роля ў прафарыентацыйнай рабоце належыць і ўніверсітэцкаму сайту, дзе ў максімальна насычанай і зручнай форме размяшчаюцца матэрыялы пра вынікі прыёмных кампаній, парадак прыёму ў БрДУ імя А.С.Пушкіна, праграмы ўступных іспытаў на завочную скарочаную форму атрымання адукацыі, модуль для выбару абітурыентам спецыяльнасці па наборы сертыфікатаў цэнтралізаванага тэсціравання і інш.
— Праведзеная работа дазволіла летась забяспечыць конкурс крыху вышэйшы, чым у 2013 годзе: каля 1,8 заявы на месца для дзённай формы навучання (у 2013-м — 1,7) і амаль 1,8 — для завочнай (у 2013-м — 1,4), — расказвае Я.Д.Осіпаў.
Адным са складнікаў прафарыентацыйнай работы па прыцягненні добра падрыхтаваных абітурыентаў з’яўляецца работа з адоранымі вучнямі, якая ажыццяўляецца па некалькіх напрамках. Так, праводзіцца псіхолага-педагагічная падрыхтоўка будучых педагогаў да работы з адоранымі вучнямі: чытаюцца дысцыпліны “Псіхалогія адораных вучняў”, “Сістэма работы настаўніка з адоранымі дзецьмі” і “Метады рашэння школьных алімпіядных задач”, прапаноўваюцца методыкі выкладання розных прадметаў з тэмамі, прысвечанымі алімпіядным заданням. Аказваецца дапамога педагогам па выяўленні і суправаджэнні адораных вучняў: праводзяцца семінары і практыкумы ў школах, індывідуальныя кансультацыі педагогаў па іх запытах, распрацоўваюцца метадычныя выданні для настаўнікаў. Арганізавана навукова-даследчая работа, прысвечаная вырашэнню праблем суправаджэння адораных вучняў: абараняюцца профільныя дысертацыі (“Сістэма падрыхтоўкі ва ўніверсітэце будучых настаўнікаў матэматыкі да работы з адоранымі дзецьмі”, “Імпліцытныя мадэлі асобы адоранага вучня ў педагогаў розных спецыялізацый”), выконваецца шэраг навуковых тэм (“Сістэма работы з інтэлектуальна адоранай студэнцкай і навучэнскай моладдзю”, “Сістэма падрыхтоўкі настаўніка матэматыкі да работы з адоранымі дзецьмі”). Важна, што матэрыялы даследаванняў укараняюцца ў практыку работы школ вобласці.
Універсітэцкія выкладчыкі ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы вучняў да прадметных алімпіяд праз дзейнасць рэсурснага цэнтра пры Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава. Так, у 2013/2014 навучальным годзе выкладчыкі правялі амаль 1,9 тысячы заняткаў па агульнапрофільных дысцыплінах, прычым большасць выкладчыкаў мелі вучоную ступень і званне.
Акрамя таго, выкладчыкі ўваходзяць у склад журы алімпіяд і распрацоўваюць алімпіядныя заданні. Так, падчас сёлетняга абласнога этапу рэспубліканскай прадметнай алімпіяды былі задзейнічаны 105 выкладчыкаў БрДУ імя А.С.Пушкіна. Абласныя алімпіяды па хіміі і біялогіі традыцыйна праходзяць на базе ўніверсітэта.
Штогод ва ўніверсітэце ствараецца банк даных удзельнікаў раённых прадметных алімпіяд. Сёння ў базе даных, якая пастаянна папаўняецца, налічваецца больш за 1,2 тысячы адзінаццацікласнікаў. Сакратарыят прыёмнай камісіі рассылае ім пісьмы інфармацыйнага і рэкламнага характару з запрашэннем да паступлення на адпаведныя факультэты (летась было адпраўлена амаль 1,8 тысячы такіх пісьмаў).
— На жаль, аналіз вынікаў прыёмных кампаній апошніх гадоў паказвае, што пры падрыхтоўцы адораных вучняў да алімпіяд мы даволі часта працуем на іншыя ўніверсітэты, у лепшым выпадку на беларускія, — адзначае Я.Д.Осіпаў. — Існуючая сістэма прыцягнення ўніверсітэцкіх выкладчыкаў да работы з адоранымі дзецьмі працуе недастаткова эфектыўна. Раённыя аддзелы адукацыі, спорту і турызму выступаюць з ініцыятывай замацаваць за БрДУ імя А.С.Пушкіна раённыя каманды вучняў, якія на пастаяннай аснове будуць рыхтаваць яго выкладчыкі. Такая работа вельмі важная, у тым ліку і ў прафарыентацыйным плане. Так, на працягу некалькіх месяцаў па заяўцы аддзела адукацыі, спорту і турызму Драгічынскага райвыканкама на базе ўніверсітэта па суботах праходзілі заняткі з вучнямі раёна па падрыхтоўцы да алімпіяд (28 школьнікаў прайшлі навучанне па 7 прадметах). Зразумела, што для вучняў, якія штотыдзень наведваюць універсітэт, ён з цягам часу можа стаць сваім. Акрамя таго, такая форма работы павялічвае магчымасці для пераканання выпускнікоў у выбары менавіта БрДУ імя А.С.Пушкіна.
Універсітэцкія выкладчыкі працуюць з адоранымі і высокаматываванымі вучнямі ў рамках школ юных матэматыкаў, фізікаў і географаў. Для шырокага прыцягнення вучняў выпускных і перадвыпускных класаў да ўніверсітэцкага жыцця факультэты праводзяць прадметныя алімпіяды для студэнтаў і старшакласнікаў па біялогіі, хіміі, замежных мовах, краіназнаўстве, псіхалогіі і гісторыі Беларусі. Пры падтрымцы базавай арганізацыі “ЭПАМ-Сістэмз” праведзены рэгіянальны конкурс у сферы інфармацыйных тэхналогій для вучняў Брэстчыны “ІТ-мяжа”.
— Нягледзячы на пэўныя дасягненні, трэба прызнаць, што сістэмнасць у арганізацыі работы па падрыхтоўцы вучняў да прадметных алімпіяд адсутнічае, — заўважае Я.Д.Осіпаў. — Гэтую работу курыруе абласное ўпраўленне адукацыі. Але арганізацыя і каардынацыя дзейнасці па прыцягненні ўніверсітэцкіх выкладчыкаў да падрыхтоўкі вучняў да алімпіяд залежыць ад тых, хто адказвае за гэты напрамак работы. Сярод іх — Брэсцкі абласны інстытут развіцця адукацыі і рэсурны цэнтр пры Брэсцкім абласным ліцэі імя П.М.Машэрава. Пастаяннай і сістэмнай работы няма. Абласны ІРА арганізоўвае толькі вучэбныя зборы.
Асобнай гаворкі заслугоўвае дзейнасць рэсурснага цэнтра пры абласным ліцэі імя П.М.Машэрава. Цэнтр быў адкрыты ў 2013 годзе па ініцыятыве ліцэя. Але сістэмнай работы па незалежных ад ліцэя прычынах не атрымалася, паколькі наведвальнасць школьнікаў пакідала жадаць лепшага. Так, большасць школьнікаў (71 з 91), якія рыхтаваліся да алімпіяд па рускай і беларускай мове і літаратуры, пабывалі на занятках 1—3 разы за ўвесь год. Ды і іншыя пратрымаліся нядоўга. Нават школы Брэста не скарысталіся магчымасцю павысіць узровень падрыхтоўкі вучняў, іх “канкурэнтаздольнасць” хаця б на раённых алімпіядах. Бывала, што вучні сыходзілі ў сярэдзіне заняткаў, бо ў школе на гэты час праводзіліся свае мерапрыемствы. Здараліся выпадкі, калі школы не накіроўвалі вучняў у рэсурсны цэнтр, паколькі па суботах у іх арганізаваны факультатывы.
Што да вучэбных збораў, арганізаваных абласным ІРА, то часам адны і тыя ж школьнікі наведвалі розныя курсы заняткаў, слухалі матэрыял не сістэмна, бо значная колькасць групы абнаўлялася на працягу навучальнага года. Падчас заняткаў у рэсурсным цэнтры колькасць групы мяняецца ад 12 да 50 чалавек, што таксама не дазваляе гаварыць пра сістэмны падыход.
— Важнае значэнне ў падрыхтоўцы спецыялістаў педагагічнага профілю, правядзенні прафарыентацыйных мерапрыемстваў і адраснай работы з адоранымі вучнямі адыгрывае ўзаемадзеянне ўніверсітэта і школы ў рамках функцыянавання філіялаў кафедраў, — расказвае Я.Д.Осіпаў. — Сёння ў БрДУ імя А.С.Пушкіна створана 26 філіялаў педагагічнага профілю на базе школ, гімназій і ліцэяў. Філіялы забяспечваюць практычную арыентаванасць адукацыйнай дзейнасці на педагагічных спецыяльнасцях за кошт уключэння студэнтаў (пачынаючы з малодшых курсаў) у будучую прафесійную работу. На базе філіялаў студэнты знаёмяцца з функцыянальнымі абавязкамі і арганізацыяй справаводства, наведваюць вучэбныя заняткі і выхаваўчыя мерапрыемствы вопытных педагогаў, выконваюць курсавыя і дыпломныя праекты, праходзяць вучэбную і вытворчую практыку ў якасці настаўнікаў-прадметнікаў і класных кіраўнікоў, тым самым набываючы каштоўны вопыт ажыццяўлення адукацыйнай дзейнасці. Такое ўзаемадзеянне эфектыўнае толькі тады, калі школы ідуць насустрач універсітэту. І ў большасці выпадкаў дапамога школ сапраўды адчувальная.
Ва ўніверсітэце сфарміравалася станоўчая практыка ўзаемадзеяння з філіяламі непедагагічнага профілю, прадстаўнікі якіх удзельнічаюць у арганізацыі адукацыйнай дзейнасці. Напрыклад, як будучыя работадаўцы яны ўносяць прапановы па распрацоўцы вузкапрафесійных дысцыплін, неабходных для якаснай падрыхтоўкі маладых спецыялістаў, самі распрацоўваюць вучэбныя праграмы дысцыплін.
— Мы рэгулярна прыцягваем паспяховых прадстаўнікоў рэальнага сектара эканомікі для работы на ўмовах сумяшчальніцтва, — адзначае Я.Д.Осіпаў. — Такое ўзаемадзеянне неабходна ажыццяўляць і ў рамках супрацоўніцтва з базавымі арганізацыямі — заказчыкамі кадраў педагагічнага профілю, у тым ліку падчас узаемадзеяння ў рамках філіялаў кафедраў. Універсітэт гатовы распрацоўваць курсы па заказе школ. Прыкладам эфектыўнага ўзаемадзеяння можна лічыць праведзенае ў 2006—2009 гадах даследаванне стану падрыхтоўкі студэнтаў педагагічных спецыяльнасцей да работы з сям’ёй у якасці класных кіраўнікоў. Вынікам гэтага ўзаемадзеяння стала распрацоўка шэрага дысцыплін па праблемах сям’і, сямейнага выхавання і ўзаемадзеяння школы і сям’і (“Педагогіка сям’і”, “Асновы ўзаемадзеяння школы і сям’і”, “Педагогіка сямейнага выхавання”), якія сёння чытаюцца ў многіх УВА краіны. Эфектыўнай з’яўляецца практыка запрашэння прадстаўнікоў школ у дзяржаўныя экзаменацыйныя камісіі, якія станоўча ацэньваюць узровень падрыхтоўкі маладых спецыялістаў.
Універсітэт мае патрэбу ў больш цесным супрацоўніцтве са школай. І гэтая патрэба агульная. Толькі за кошт школы можна ўзмацніць практычную арыентаванасць падрыхтоўкі студэнтаў на педагагічных спецыяльнасцях, бо аўдыторныя заняткі часткова пагружаюць у будучую прафесійную дзейнасць. У сваю чаргу, школе неабходны даследаванні, якія праводзіць універсітэт, і навукова-метадычныя распрацоўкі яго выкладчыкаў. Толькі сумеснымі намаганнямі можна вырашыць задачы па аднаўленні педагагічных кадраў і забеспячэнні якасці іх падрыхтоўкі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.