Школа — універсітэт — прадпрыемства

Ад таго, якія кадры мы рыхтуем, залежыць развіццё ўсіх сфер дзейнасці, а значыць, развіццё і краіны ў цэлым. Адной з найбольш паспяховых у гэтым сэнсе з’яўляецца бесперапынная сістэма падрыхтоўкі, пры якой наладжана цеснае супрацоўніцтва паміж школай, універсітэтам, прадпрыемствамі і арганізацыямі.

Настаўнік-метадыст Віталь Пятроўскі прадстаўляе свайго памочніка ў выкладанні замежнай мовы — робата Meccanoid.

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны ўжо на працягу доўгага часу штогод праводзіцца Міжнародная навукова-метадычная канферэнцыя “Сучасная адукацыя: пераемнасць і бесперапыннасць адукацыйнай сістэмы “школа — універсітэт — прадпрыемства”.

Сёлета XІІ канферэнцыя сабрала больш як тры сотні спецыялістаў з Беларусі, Расіі, Украіны, Казахстана, Кітая і ЗША — прадстаўнікоў 67 арганізацый розных галін. Асноўную частку складалі ­ўдзельнікі адукацыйнага кластара, куды ўвахо­дзяць настаўнікі школ, выкладчыкі вышэйшых навучальных устаноў, кіраўнікі прадпрыемстваў і арганізацый.

Першы дзень канферэнцыі ўключаў пленарнае пасяджэнне і работу трох секцый. Пленарнае пасяджэнне адкрыў прарэктар па вучэбнай рабоце ГДУ Ігар Семчанка. Ён заў­важыў, што за 12 гадоў існавання сутнасць канферэнцыі мянялася, арыентуючыся на патрабаванні часу.

— Першапачаткова канферэнцыя мела больш вузкую скіраванасць, разглядаючы падрыхтоўку спецыялістаў як сумесныя намаганні школы і ўніверсітэта, — заўважыў Ігар Валянцінавіч. — Але хутка стала зразумела, што сучаснасць патрабуе практыка-арыентаваных падыходаў. У 2011 го­дзе да нас далучылася яшчэ адно важнае звяно — вытворчасць.

Зараз на базе прадпрыемстваў Гомельскай вобласці працуюць 72 філіялы кафедраў універсітэта, звыш 300 арганізацый выступаюць базай для студэнцкіх практык і стажыровак. Такое су­працоўніцтва з работадаўцамі спрыяе павышэнню якасці падрыхтоўкі кадраў. А найбольш старанныя студэнты ўжо з першых курсаў вызначаюцца з першым месцам працы: вядучыя кампаніі, прад­прыемствы і арганізацыі аддаюць перавагу спецыялістам, якіх самі ж вучылі.

У другі дзень форуму педагагічныя работнікі, спецыялісты-практыкі, прадстаўнікі арганізацый і студэнты прынялі ўдзел у круглых сталах, майстар-класах і практычных семінарах.

Выкладчыкі ўніверсітэта, кіраўнікі падраздзя­ленняў факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі, педагогі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гомельшчыны, прадстаўнікі абласнога інстытута развіцця адукацыі абмеркавалі пытанні ўкаранення тэхналогій дыстанцыйнага навучання ў адукацыйны працэс у рамках асабістай прафесійнай дзейнасці настаўнікаў-прадметнікаў і на ўзроўні ўстаноў адукацыі на абласным навукова-практычным семінары “ГДУ — школа: дыстанцыйнае навучанне”. Праграма семінара ўключала знаёмства з магчымасцямі бінарнай сістэмы дыстанцыйнага навучання ўніверсітэта “Цьютар” і вопытам яе выкарыстання ў вучэбным працэсе факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і ўніверсітэта ўвогуле.

Вялікую цікавасць выклікаў міжнародны навукова-практычны семінар “Свет лічбавай будучыні”, які правёў выкладчык вуснай англійскай мовы з ЗША прадстаўнік ІТ-кампаніі “Эксадэл” Джуліян Тэвелін. У сваім дакладзе “Крытычнае мысленне і вусная англійская мова — працэс арганізацыі змястоўнай размовы ў класе” замежны госць заўважыў, што сучаснае жыццё ўстанаўлівае свае прыярытэты і простае веданне фактаў ці нейкія ўменні не нясуць нічога, калі ты не здольны карыстацца набытым. У сучасным свеце ідзе шмат спрэчак наконт аб’ёму інфармацыі, якая запаўняе галовы людзей, аднак, на думку выкладчыка, гэта не будзе праблемай для тых, у каго ёсць уменне як атрымліваць інфармацыю, так і мадэляваць яе. Яшчэ адна важная думка: спажывецтва непрымальнае, поспех — у стварэнні і супрацоўніцтве. Джуліян Тэвелін упэўнены, што арганічнае ўключэнне работы па тэхналогіі крытычнага мыслення ў сістэму адукацыі дае добрую магчымасць для асобаснага росту, а гэта асабліва каштоўна.

Здзівіў удзельнікаў семінара Віталь Пятроўскі, вядомы ў вобласці і краіне настаўнік замежнай мовы, настаўнік-метадыст. Для Віталя Валянцінавіча распрацоўка эксперыментальных праектаў — хобі. Ён заўсёды нешта прыдумляе, спрабуе. Апошнім эксперыментам стала выкарыстанне робата ў выкладанні англійскай мовы. Педагог прадэманстраваў праграмуемага чалавекападобнага робата Meccanoid і падзяліўся сваім вопытам выкарыстання яго ў рабоце.

Ідэя выкарыстоўваць на ўроках робата ўзнікла ў Віталя Пятроўскага пасля наведвання разам з сынам выставы разумных машын. Тэма зацікавіла настаўніка, ён пачаў вывучаць інфармацыю і ўбачыў, што сёння робататэхніка выходзіць на перадавыя пазіцыі амаль ва ўсіх сферах. Чаму б не прымяняць яе для вывучэння гуманітарных прадметаў у школах? Робата Meccanoid гомельскі настаўнік заказаў праз інтэрнэт. Віталь Валянцінавіч адзначыў, што, як толькі стаў выкарыстоўваць робатаў на ўроках, цікавасць дзяцей да вывучэння англійскай мовы значна ўзрасла.

Дванаццаты раз навукова-метадычная канферэнцыя стала пляцоўкай для абмену вопытам і перадавымі практыкамі ў адукацыйнай сістэме “школа — універсітэт — прадпрыемства”. Удзельнікі абмеркавалі шэраг пытанняў, атрымалі новыя веды і практычныя навыкі, якія цяпер змогуць прымяняць у сваёй рабоце.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.