Школа як тэрыторыя здароўя

У гэтым навучальным годзе ў рамках выканання Дзяржаўнай праграмы “Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека Рэспублікі Беларусь” і рэалізацыі міжведамаснага праекта “Школа — тэрыторыя здароўя” сярэдняя школа № 57 Гомеля вызначана рэсурсным цэнтрам захавання здароўя вучняў.

Установа была выбрана згодна з усталяванымі крытэрыямі, ацэнку якім давалі сумесна спецыялісты аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Чыгуначнага раёна Гомеля, Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі, Гомельскай цэнтральнай дзіцячай клінічнай паліклінікі.

— У рашэнні задач захавання фізічнага і маральнага здароўя падрастаючага пакалення, забеспячэння развіцця асобы навучэнцаў дзяржава адводзіць галоўную ролю менавіта сістэме адукацыі, — гаворыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гомельскай сярэдняй школы № 57 Дзмітрый Цыбізаў. — Таму ва ўстановах адукацыі ідзе пастаянны пошук сістэмы працы, накіраванай на ўмацаванне здароўя навучэнцаў з улікам іх узроставых асаблівасцей і ў адпаведнасці з гігіенічнымі патрабаваннямі.

Арганізацыя масавых спартыўных мерапрыемстваў і стварэнне спрыяльных умоў для рэгулярных трэніровачных заняткаў па розных відах спорту — тое, што цікавіць дзяцей, прымушае іх актыўна рухацца і схіляе да здаровага ладу жыцця. Калі дададзім сюды яшчэ падтрымку сям’і, якая хоча бачыць сваё дзіця здаровым і актыўным, то добрыя вынікі гарантаваны.

Па словах Дзмітрыя Ігаравіча, дзейнасць іх школы накіравана на прадастаўленне ўсіх магчымасцей для фарміравання здаровага, сацыяльна-адаптаванага, фізічна развітога выпускніка. І ў гэтым кірунку ўстанова працуе не толькі з навучэнцамі. У справу актыўна ўцягваюцца педагогі і бацькі.

— Не сакрэт, што ў віры сучаснага дынамічнага жыцця ў нас часта не хапае часу сачыць за ўласным здароўем, — разважае намеснік дырэктара. — Задайце сабе пытанне: калі вы ў апошні раз вымяралі свой артэрыяльны ціск і калі кансультаваліся з доктарам аб неабходнасці выкарыстання медыцынскіх прэпаратаў? І калі вы не ідзяце да ўрача, то трэба нешта рабіць, каб ён сам прыйшоў да вас.

Арганізаваць такую акцыю сярэдняй школе № 57 удалося якраз у рамках работы рэсурснага цэнтра па захаванні здароўя навучэнцаў. Быў распрацаваны цэлы цыкл мерапрыемстваў з удзелам спецыялістаў Гомельскага гарадскога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі і аднаго з філіялаў цэнтральнай гарадской паліклінікі. У ходзе інфармацыйна-адукацыйнай акцыі па прафілактыцы хвароб сістэмы кровазвароту ў школе была арганізавана работа кансультацыйнага пункта тэрапеўтаў і ўрача-гігіеніста. Усе жадаючыя маглі вымераць артэрыяльны ціск, даведацца індэкс масы цела, атрымаць рэкамендацыі пры артэрыяльнай гіпертэнзіі, а таксама неабходныя кансультацыі па пытаннях прафілактыкі хвароб сістэмы кровазвароту, здаровым харчаванні, дастатковай рухальнай актыўнасці.

Не засталіся без справы і валанцёры атрада “Алімпійцы”, які дзейнічае ва ўстанове. Разам з псіхолагам рэсурснага цэнтра Вольгай Шашковай яны распаўсюджвалі інфармацыйна-адукацыйныя буклеты.

Урач-гігіеніст правяла з навучэнцамі 9 “Б” класа адукацыйную віктарыну “Як захаваць рэпрадуктыўнае здароўе”, а таксама адукацыйны модуль па прафілактыцы наркаманіі. Пасля прагляду відэароліка хлопцы і дзяўчаты замацавалі атрыманыя веды, адказваючы на пытанні, а за правільны адказ кожны атрымліваў прыз. Вучні 9 “А” класа папоўнілі запас ведаў аб ВІЧ-інфекцыі, СНІДзе і пытаннях іх прафілактыкі ў ходзе гутаркі з урачом-эпідэміёлагам. Для дзяцей малодшых класаў у холе школы дэманстраваліся відэаролікі па фарміраванні здаровага ладу жыцця. Акцыя атрымалася шырокамаштабная. Яна праходзіла акурат у адзіны дзень здароўя.

— Такія акцыі патрэбныя і карысныя, — лічыць Дзмітрый Цыбізаў. — Перш за ўсё таму, што такім чынам мы вучым дзяцей шанаваць сваё здароўе. Моладзь насамрэч мала задумваецца над гэтым пытаннем. Але калі вучыць, тлумачыць і схіляць да здаровага ладу жыцця, то гэта абавязкова дасць вынік. У гэтым і ёсць асноўная задача рэсурснага цэнтра па захаванні здароўя навучэнцаў, які працуе ў нашай школе.

Наталля ЛУТЧАНКА.