Школа, якую я люблю

- 10:09Апошнія запісы

Адчуванне сябе шчаслівым — гэта лепшае, што адбываецца з чалавекам. Чалавечае шчасце падобна на дзівосны пазл, які складаецца з мноства фрагментаў жыцця: успамінаў, пачуццяў, перажыванняў, здзейсненых мар…

Школьная пара — важны фрагмент у карціне шчасця кожнага з нас. Невыпадкова выраз “другі дом” стаў амаль сінонімам слова “школа”. Мы прыходзім сюды яшчэ зусім малымі, без вопыту, ведаў, без разумення свету. Нас сустракае першы настаўнік, якому неабходна падтрымліваць няўпэўненых, сціплых, някемлівых хлопчыкаў і дзяўчынак у пачатку іх станаўлення. Прабягуць гады — і гэты настаўнік, які быў для нас компасам на шляху да першых ведаў, будзе назіраць за дарослымі мэтанакіраванымі выпускнікамі, радавацца за іх поспехі і трымаць унутры сябе спадзяванне на іх шчаслівую будучыню. Тыя ж пачуцці перажывае і класны кіраўнік, выпускаючы свой клас. Колькі разоў агортваюць гэтыя прыемныя перажыванні педагога! А дзеці адпраўляюцца ў дарослы свет і праносяць праз усё жыццё ўспаміны пра школу і сваіх настаўнікаў. Ці ўпішуцца гэтыя ўспаміны ў пазл іх шчасця — залежыць ад настаўнікаў.

Углядаюся ў твары выпускнікоў Буда-Люшаўскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна і бачу радасць, змешаную з сумам, — менавіта так, як было ў мяне і маіх аднакласнікаў. Адчуваеш сябе дарослым, здаецца, што перад табой увесь свет і ён табе абавязкова скарыцца. А разам з тым ёсць нейкая боязь ад няведання таго, што чакае наперадзе, таму пакуль яшчэ нялёгка вось так проста ўзяць і адарвацца ад гэтай калыскі, якой за дзесяцігоддзе стала для цябе школа.

7 дзяўчат і 4 хлопцы разам дружна прайшлі адзінаццаць школьных гадоў. Сёння яны ўспамінаюць, як прыйшлі ў 1 клас да Марыны Фёдараўны Хамлюк, як яна вучыла іх сябраваць, вучыла правільным паводзінам і першым літарам. Марына Фёдараўна памятае шмат цікавых і нават недарэчных гісторый, якія адбываліся з пачаткоўцамі. А зараз яны ўжо выпускнікі. Нямала прыемных момантаў перажыла са сваімі вучнямі і класны кіраўнік Валянціна Мікалаеўна Васькова. Гэты выпуск — трэці ў яе працоўнай дзейнасці. І ў кожным абавязкова ёсць вучні, якія запамінаюцца асабліва.

Як складзецца жыццё сёлетніх выпускнікоў — пакажа час. Канечне, амаль кожны з іх ужо вызначыўся з будучай прафесіяй. Напрыклад, Кацярына Сталыпка мае намер пайсці па слядах маці, якая працуе фельчарам у роднай вёсцы. Каця збіраецца вывучаць медыцыну ва ўніверсітэце і стаць доктарам. Вялікія планы і ў Катрын Ніцыеўскай. Дзяўчына надзелена пісьменніцкім талентам, піша вершы і апавяданні, падтрымлівае цесную сувязь з беларускім пісьменнікам Міколам Чарняўскім, які з’яўляецца ўраджэнцам гэтых мясцін і частым госцем вясковай школы.

Магчыма, імёны сённяшніх выпускнікоў мы яшчэ пачуем праз некалькі гадоў. І я асабіста буду шчыра радавацца за іх, бо гэта і мая школа. І няхай з пары майго выпуску прайшло больш за два дзясяткі гадоў, чамусьці неверагодная цеплыня разліваецца ўнутры пры ўспамінах. Многае змянілася тут з таго часу, як я атрымала атэстат аб сярэдняй адукацыі і пайшла ў дарослае жыццё. А вось сцены роднай установы па-ранейшаму саграваюць пяшчотай кожнае новае пакаленне вясковых хлопчыкаў і дзяўчынак. І калі я чую добрыя словы ў адрас маёй школы, яе вучняў і настаўнікаў, шчыра радуюся. З упэўненасцю магу сказаць, што школьная пара стала важным фрагментам у карціне майго асабістага шчасця. Ад усяго сэрца хочацца пажадаць, каб такое ж пачуццё жыло ў душы кожнага сённяшняга выпускніка.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.