Школа юнага архівіста

На гістарычным факультэце БрДУ імя А.С.Пушкіна аднавіла работу Школа юнага архівіста для вучняў сярэдніх і старшых класаў. Каардынатарамі школы, навучанне ў якой дае дзецям дадатковыя веды па гісторыі, з’яўляюцца дэкан гістарычнага факультэта Н.П.Галімава і дацэнт кафедры гісторыі Беларусі Т.П.Саўчук.

Дзейнасць школы накіравана на актывізацыю пазнавальнай работы школьнікаў у вывучэнні мінулага сваіх сем’яў і краіны, выхаванне любові да Айчыны і малой радзімы, патрыятызму і грамадзянскасці на базе гісторыка-дакументальнай спадчыны.
Першыя ў бягучым навучальным годзе заняткі школы, у якіх удзельнічалі неабыякавыя да гісторыі выхаванцы сярэдняй школы № 30 Брэста, адбыліся на базе Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці. Вядучы археограф Л.Р.Рамановіч, якая аддала архіўнай справе 47 гадоў жыцця, расказала вучням пра прызначэнне архіваў, рэжым захоўвання дакументаў і магчымасці іх выкарыстання. Школьнікі не толькі азнаёміліся з матэрыяламі цікавых тэматычных выстаў, але і пабывалі ў сховішчы архіва і чытальнай зале.
Н.П.Галімава акцэнтавала ўвагу на ролі архіўных крыніц у навукова-даследчай рабоце гісторыкаў. Т.П.Саўчук падзялілася вопытам складання генеалагічнага дрэва на аснове дакументаў асабістага архіва. Пра значнасць першакрыніц пры падрыхтоўцы і напісанні курсавога праекта вяла гаворку чацвёртакурсніца гістарычнага факультэта БрДУ імя А.С.Пушкіна Настасся Ляўковіч.
На занятках юныя архівісты атрымалі не толькі новыя і карысныя веды, але і шмат станоўчых эмоцый.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.