Школа юных — крок да мары

- 9:25Выбар прафесіі

Для таго каб вызначыцца з будучай прафесіяй, маладым людзям нярэдка патрэбна падказка спецыялістаў пэўнай сферы ці наведванне падрыхтоўчых курсаў. Тут на дапамогу могуць прыйсці школы юных, якія ўключаюць у сябе і тое, і другое. Адна з такіх школ працуе на базе Інстытута журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Школа маладога журналіста — гэта прафарыентацыйны праект для школьнікаў, які стартаваў у 2014 годзе. Ён быў рэалізаваны як адзін з модуляў працы з абітурыентамі ў межах праграмы дадатковай адукацыі.

Асноўныя задачы праекта — каардынацыя падлеткаў у выбары будучай прафесіі, дыягностыка і развіццё ў іх творчых журналісцкіх здольнасцей і навучанне пачатковым прафесійным уменням. Акрамя таго, прыярытэтным напрамкам дзейнасці школы з’яўляецца дапамога абітурыентам у падрыхтоўцы і апублікаванні журналісцкіх матэрыялаў, неабходных пры фарміраванні творчага партфоліа для паступлення. З гэтай нагоды намаганнямі супрацоўнікаў кафедры перыядычнага друку і вучэбнай лабараторыі інфарматыкі і мультымедыя Інстытута журналістыкі быў створаны спецыяльны інтэрнэт-рэсурс www.studlive.by, які стаў годнай пляцоўкай для рэалізацыі пастаўленай мэты.

Слухачамі школы маладога журналіста становяцца вучні 9—11 класаў з Мінска, Баранавіч, Маладзечна, Вілейкі і іншых блізкіх ад сталіцы гарадоў. Большасць юнакоў і дзяўчат, што наведвалі заняткі, як правіла, становяцца студэнтамі журфака. Па словах намесніка дэкана па творчым супрацоўніцтве са СМІ Таццяны Уладзіміраўны Сілінай-Ясінскай, штогод на 1 курс паступаюць ад 50 да 80% выпускнікоў школы. А ў 2014 годзе хлопцы і дзяўчаты са школы ў поўным складзе перайшлі ў шэраг студэнтаў Інстытута журналістыкі.


Заняткі ў школе праходзяць на бясплатнай аснове згодна з праграмай вучэбнай дысцыпліны “Журналістыка”. Яны носяць тэарэтычна-прыкладны характар і акцэнтуюць увагу слухачоў на асаблівасцях вытворча-практычнай дзейнасці рэдакцый газет і дырэкцый тэле- і радыёвяшчальных арганізацый. Так, кожную 3-ю суботу месяца (з кастрычніка па май уключна) старшакласнікі маю ць магчымасць атрымаць базавыя ўяўленні пра журналістыку і творчую дейнасць, засвоіць пачатковыя прафесійна-тэхналагічныя дзеянні і метады працы журналіста. Акрамя таго, аматары журналістыкі з вялікай ахвотай працуюць над уласнай газетай Start Up: мадэлюецца рэдакцыя, кожны атрымлівае пэўнае заданне і выконвае канкрэтныя функцыі. Пры гэтым ёсць магчымасць мяняцца ролямі і спрабаваць сябе ў розных відах рэдакцыйнай дзейнасці.

— Многія навучэнцы, калі прыходзяць на курсы, не да канца разумеюць рэаліі сучаснай журналістыкі, часта асацыіруюць публіцыстычную дзейнасць і працу журналіста з літаратурай. Наведваючы заняткі, яны больш поўна пачынаюць разумець мэты і задачы журналістыкі, удзельнічаюць у майстар-класах па напісанні артыкулаў розных жанраў, фарміруюць уласны стыль. Школьнікам таксама дае сілы і натхненне ўсведамленне блізкасці да ўніверсітэта, дзе яны збіраюцца вучыцца, — сказала намеснік дэкана па творчым супрацоўніцтве са СМІ.

Абітурыенты наведваюць лекцыі на актуальныя тэмы, глядзяць фільмы па гісторыі Інстытута журналістыкі, становяцца гасцямі музея журналістыкі, тэлецэнтра, медыятэкі імя М.Я.Цікоцкага. З маладымі людзьмі працуюць вядучыя дацэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі тэлецэнтра. Нярэдка да выкладчыцкага складу далучаюцца студэнты факультэта, якія дзеляцца сваім вопытам паступлення і расказваюць школьнікам пра традыцыі студэнцкага жыцця.

Так, на апошніх занятках маладыя людзі пазнаёміліся з кафедрай тэлебачання і радыёвяшчання, якую адкрыла для іх старшы выкладчык Алена Аляксандраўна Смірнова. У аснову размовы лягла тэма пошуку героя для інтэрв’ю.

“Хто можа стаць героем маёй будучай публікацыі?”, “Дзе шукаць гэтага чалавека?”, “Мой сусед — герой?”, “Я сам магу быць героем?” — на гэтыя і шэраг іншых пытанняў будучыя абітурыенты шукалі для сябе адказы. Акрамя таго, яны адкрылі значэнне шматлікіх прафесійных тэрмінаў (напрыклад, паняцці “драматызацыя” і “асацыятыўныя рашэнні”). Выкладчык пабудавала заняткі ў форме нязмушанага дыялогу, што дапамагло слухачам курсаў адчуваць сябе больш вольна. Пасля выканання прапанаваных лектарам заданняў вучні пачалі смялей выказваць свае меркаванні, адстойваць уласны пункт гледжання. Хлопцы і дзяўчаты прыйшлі да высновы, што героем журналісцкай публікацыі можа стаць кожны. Таксама яны выказалі думку аб тым, што хацець многага ад пэўнай прафесіі можна толькі ў тым выпадку, калі чалавек укладвае ў яе шмат працы і намаганняў.

Ганна Кершыс, вучаніца 9 класа гімназіі № 146 Мінска, наведвае заняткі ўжо 4-ы месяц. Нягледзячы на тое, што да паступлення ў дзяўчыны ёсць яшчэ больш за два гады, яна ўжо даўно вызначылася з будучай прафесіяй. Ганна расказала, што пісаць тэксты пачала яшчэ ў дзяцінстве, складаючы казкі. Пазней школьніца трапіла ў газету “Зорька” і зрабіла першыя крокі ў журналістыку ў часопісе для дзяцей і падлеткаў “Качели”. Яе сяброўка са школы № 2 Талачына Настасся Коржык вучыцца ў 11 класе. Атрымаць прафесію журналіста дзяўчына вырашыла нядаўна і, як толькі даведалася пра школу маладых журналістаў, адразу ж наведала заняткі. Настасся прызнаецца, што ёй вельмі імпануюць людзі творчых прафесій.

— Журналіст — гэта чалавек, які знаёміць грамадства з рознымі падзеямі, не маючы права хлусіць, — пераканана адзінаццацікласніца. — І я вельмі паважаю гэтую рысу ў навакольных.

Дзяўчаты расказалі, што практычныя заняткі даюць магчымасць не толькі атрымаць прафесійныя веды і адшліфаваць уласны стыль, але і прыносяць ім цікавыя ідэі і тэмы, а таксама карысныя знаёмствы і новых сяброў.

Пасля наведвання комплексу заняткаў маладым людзям выдаюцца спецыяльныя сертыфікаты аб праходжанні курса школы маладога журналіста. Летась іх уручэнне было прымеркавана да адкрыцця Міжнароднай спецыялізаванай выставы “СМІ ў Беларусі”. Такія сертыфікаты становяцца бонусам пры паступленні: камісія можа ўбачыць, што перад ёй знаходзіцца матываваны і зацікаўлены абітурыент.

— Школы юных — гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў нашага ўніверсітэта, таму што падобныя праекты папулярызуюць канкрэтныя факультэты і знаёмяць абітурыентаў з пэўнай сферай дзейнасці. І мы зацікаўлены, каб слухачы такіх школ станавіліся нашымі студэнтамі, — адзначыла Таццяна Уладзіміраўна.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.