Школам — мячы, вучням — здароўе

Афіцыйны старт рэспубліканскай акцыі “Футбольныя мячы — школам” быў дадзены ў сераду ў сталічным Доме футбола. Беларуская федэрацыя футбола разам з Міністэрствам адукацыі і Рэспубліканскім цэнтрам фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў падчас урачыстай цырымоніі ўручылі прадстаўнікам рэгіянальных цэнтраў фізічнага выхавання і спорту сертыфікаты на футбольныя мячы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Усяго ў школы і гімназіі будзе перададзена каля 22 тысяч мячоў.

Футбольны мяч — гэта не проста прадмет сферычнай формы, які выкарыстоўваецца для гульні ў любімы ва ўсім свеце від спорту. Футбольны мяч — гэта нешта большае. Гэта выдатная фізічная форма, добры настрой і проста эстэтычная асалода. Менавіта футбольны мяч, як прызнаўся генеральны сакратар асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футбола” Юрый Вяргейчык, дапамог яму стаць вынослівым, палепшыць каардынацыю, фізічную форму. Па словах Юрыя Васільевіча, футбольныя мячы, якія будуць перададзены ўстановам агульнай сярэдняй адукацыі, дапамогуць вывесці ўзровень майстэрства юных спартсменаў на больш высокі ўзровень, будуць садзейнічаць развіццю масавага дзіцяча-юнацкага спорту ў краіне, тым самым ствараючы аснову для далейшага развіцця прафесійнага спорту.

“Разам з Беларускай федэрацыяй футбола мы праводзім шмат мерапрыемстваў, накіраваных на развіццё гэтага віду спорту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Напрыклад, акцыя “Футбольныя мячы — школам” стартуе ўжо чацвёрты раз. Мы і далей гатовы падтрымліваць любыя ініцыятывы Беларускай федэрацыі футбола па папулярызацыі сярод дзяцей і падлеткаў гульні, любімай мільёнамі”, — адзначыў дырэктар Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Віталь Мікалаевіч Стрыгельскі.

Яркім прыкладам супрацоўніцтва міністэрстваў, ведамстваў, грамадскіх арганізацый у папулярызацыі футбола з’яўляецца ў тым ліку правядзенне рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод дзяцей і падлеткаў па футболе “Скураны мяч” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. А кожны год напярэдадні летніх канікул стала добрай традыцыяй перадаваць першакласнікам з сельскіх устаноў адукацыі футбольныя мячы ў рамках акцыі “Падары дзіцяці футбольны мяч!”.

3790 — у Брэсцкую вобласць, 2635 — у Віцебскую, 3733 — у Гомельскую, 2524 — у Гродзенскую, 3606 — у Мінскую, 2584 — у Магілёўскую, 3128 — у Мінск. Менавіта такую колькасць футбольных мячоў атрымаюць рэгіёны ў рамках акцыі “Футбольныя мячы — школам”. Напрыклад, у Паўднёва-ўсходнім рэгіёне, як паведаміла дырэктар Гомельскага абласнога цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў Вольга Леанідаўна Ярмоленка, спартыўны інвентар дапаможа вывесці на больш якасны ўзровень развіццё дзіцяча-юнацкага футбола не толькі ў футбольных цэнтрах вобласці (такіх як Мазыр, Рэчыца, Гомель), але і ва ўсіх раёнах, а ў Калінкавічах перададзеныя мячы будуць садзейнічаць, у прыватнасці, далейшаму развіццю сямейнага футбола.

Калі ўлічыць, што кожны мяч — гэта не проста прыгожы сферычны прадмет, але і выдатны інструмент для паляпшэння фізічнай формы, футбольнага майстэрства дзясяткаў навучэнцаў, то нескладана вызначыць узровень карысці, якую прынясуць амаль 22 тысячы мячоў, перададзеных установам агульнай сярэдняй адукацыі ў рамках рэспубліканскай акцыі.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.