Школьнае харчаванне па-новаму

З пачатку новага навучальнага года адукацыйнай сферы Гомельшчыны трэба будзе асвойваць сур’ёзны ўчастак работы: арганізацыю харчавання ва ўстановах адукацыі ўласнымі сіламі.

Сёння ўсе без выключэння школьныя аб’екты харчавання ад раённых спажывецкіх таварыстваў перададзены аддзелам адукацыі, спорту і турызму райвыканкамаў. Аб гэтым заявіў на пасяджэнні абласной педагагічнай нарады начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Сяргей Парошын.

Харчаванне дзяцей ва ўстановах адукацыі — адно з прыярытэтных пытанняў. Тут важным лічыцца ўсё: ад якасці і кошту прадуктаў — да чысціні талерак. Але як усачыць за ўсімі нюансамі, асабліва калі справай запраўляюць спажыўтаварыствы? Яшчэ адна праблема заключаецца ў тым, што іншы раз да харчавання школьнікаў абыякава ставяцца самі кіраўнікі. Вось самы просты прыклад безгаспадарчасці: кіраўнік бяздумна заключае нявыгадныя дагаворы з суб’ектамі, якія выстаўляюць завышаны кошт на прадукцыю. Што адбываецца далей? А далей прыходзіцца змяншаць аб’ём прадуктаў, таму што не хапае грошай, бо сумы, якія выдзяляюцца з бюджэту на харчаванне, фіксаваныя. Сярод самых паказальных прыкладаў такіх неразумных рашэнняў можна назваць камбінат школьнага харчавання абласнога цэнтра, які закупіў у сельскагаспадарчага прадпрыемства амаль 5 тон ачышчанай бульбы па 77 капеек за кілаграм, тады як звычайная бульба танней у шэсць разоў. Для дзіцячага аздараўленчага цэнтра “Пціч” у пасрэднікаў закупляліся агуркі па кошце ад 30 да 70% вышэй, чым у вытворцаў. Да 40% пераплачвалі за яйкі мясцовым райпа аддзелы адукацыі, спорту і турызму некаторых райвыканкамаў.

Пытанне харчавання ва ўстановах адукацыі разглядалася на пасяджэнні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта яшчэ ў студзені. Тады былі агучаны розныя недахопы, упраўленне адукацыі падверглася даволі жорсткай крытыцы. Атрымалася, што безгаспадарчыя адносіны і неабдуманыя рашэнні асобных людзей абясцэнілі ўсё тое, што было зроблена для паляпшэння харчавання дзяцей у школах і дзіцячых садках. А зроблена на самай справе было вельмі шмат: мянялася абсталяванне, пашыралася і паляпшалася меню, укараняліся сучасныя тэхналогіі. Над выпраўленнем сітуацыі працавалі на працягу некалькіх месяцаў. Цяпер з пэўным вопытам і выпрацаванымі правіламі адносна школьнага харчавання належыць прыступіць да новага навучальнага года.

Вядома, абмеркаванне пытання школьнага харчавання не прапусцілі і на пройдзенай нядаўна педагагічнай нарадзе. Як адзначалася вышэй, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі паведаміў, што харчаваннем навучэнцаў з новага навучальнага года ў поўнай меры будуць упраўляць аддзелы адукацыі. Каб усё функцыянавала зладжана і надзейна, аблвыканкамам былі выдзелены дадатковыя фінансавыя сродкі, дзякуючы чаму закуплена 913 адзінак тэхналагічнага абсталявання для школьных сталовых. У цэлым на гэта пайшло каля 2 млн рублёў.

Зразумела, з перадачай усіх аб’ектаў харчавання пад апеку адукацыйнай сферы аддзелам адукацыі дадалося клопату. Разам з тым навесці парадак у справе школьнага харчавання цяпер будзе прасцей, а несці адказнасць прыйдзецца толькі за свае памылкі. Трэба толькі навучыцца правільна выкарыстоўваць бюджэтны рубель і думаць пра дзяцей. Дарэчы, падчас абласнога педсавета старшыня Гомельскага аблвыканкама выказаў намер узнагароджваць кіраўнікоў устаноў, якія змогуць найбольш рацыянальна і якасна арганізаваць школьнае харчаванне, і прапанаваў увесці для гэтага намінацыю “За душэўнае стаўленне да вучняў”.

Працягваючы тэму харчавання, варта адзначыць, што прыемныя змены ў школьнай сталоўцы чакаюць вучняў гомельскіх устаноў адукацыі. Гарадскі камбінат школьнага харчавання з новага навучальнага года ўключае ў меню школьных абедаў 17 новых страў, распрацоўкай якіх займаліся інжынеры-тэхнолагі прадпрыемства. Сярод навінак — гарачае з мясных прадуктаў, салатныя распрацоўкі на аснове карыснай агародніны, новыя віды запяканак з яблыкаў. Разнастаяць таксама гарніры, у прыватнасці прапануюць асарці з агародніны.

Значны плюс сённяшніх школьных абедаў — варыятыўнасць меню. Ужо не адзін год вучням прапануецца свабодны выбар страў ці выбар страў па схеме шведскага стала. Не сакрэт, што многім дзецям тыя ці іншыя стравы не даспадобы, пасля абеду на сталах застаюцца амаль не кранутыя талеркі з ежай. І праблема не толькі ў тым, што гэта перавод прадуктаў. Не меншае хваляванне выклікае тое, што дзіця застаецца галодным, а значыць, паніжаецца яго актыўнасць, знікае жаданне працаваць на занятках. Менавіта таму прыходзіцца шукаць магчымасці збалансаваць якасць страў, густ і пажаданні дзяцей. Над гэтым варожаць як і камбінат школьнага харчавання, так і адміністрацыя ўстаноў адукацыі разам з работнікамі сваіх сталовак.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.