Школьнае харчаванне, летняя занятасць, падрыхтоўка алімпіяднікаў, прафарыентацыйная работа — гэтыя і іншыя пытанні былі ў цэнтры ўвагі падчас сустрэчы міністра адукацыі з дырэктарамі ўстаноў адукацыі Салігорскага раёна. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Сустрэча з кіраўніком адукацыйнага ведамства адбылася ў сярэдняй школе № 6 Салігорска.
Першае, на што звярнуў увагу Андрэй Іванец, — гатоўнасць школ да новага навучальнага года:
— Прыёмка школ будзе праходзіць вельмі адказна. Але мы з боку міністэрства пастараліся зрабіць усё, каб максімальна спрасціць гэтую працэдуру. З лютага па красавік па школах прайшлі ўсе службы і далі ім свае заўвагі, што трэба выправіць. У гэтым годзе няма права на памылкі, усё павінна быць зроблена ідэальна.
Другое — харчаванне школьнікаў. Міністр адукацыі перакананы, што пры складанні меню яго неабходна абмяркоўваць з бацькамі:
— Мы зараз папрасілі ўсе вобласці ўнесці свае прапановы для змены тэхналагічных карт. Мы гатовы ўключыць у школьнае меню ўсе неабходныя стравы, але трэба спытаць і ў дзяцей, і ў бацькоў, а ці патрэбны яны. Неабходна ўлічваць меркаванне большасці і пры складанні 2-тыднёвых меню, якія, дарэчы, можна змяняць у залежнасці ад пераваг дзяцей.
Трэцяе — пытанні, звязаныя з дзецьмі з нядобранадзейных сем’яў і з АПФР, якім неабходна ўдзяляць больш увагі.
— Абыякавасць разбуральная. Ні ў якім разе нельга дапускаць яе ні ў сям’і, ні ў школе, каб дзеці не адчувалі сябе непатрэбнымі. Асабліва старанна трэба працаваць з тымі, каму неабходна наша дапамога. Увагу варта ўдзяліць кожнаму дзіцяці, асабліва тым, хто найбольш незаўважны і ціхі. Гэтыя дзеці павінны быць у зоне павышанай увагі, і калі, напрыклад, хтосьці дрэнна вучыцца, то трэба за руку прывесці яго ў спорт або зацікавіць творчасцю ці валанцёрствам. Каб кожнае дзіця было запатрабаваным, — падкрэсліў Андрэй Іванавіч.
Чацвёртае — прафарыентацыя. Сёння трэба больш старанна арыентаваць 9-класнікаў на паступленне ў каледжы. А калі праводзяцца прафарыентацыйныя мерапрыемствы на прадпрыемствах, то трэба браць на іх і бацькоў.
— Так усе ўбачаць, хто, дзе і як працуе. Каб і дзеці, і іх бацькі зразумелі, што рабочыя зараз атрымліваюць добрую зарплату, якая часам значна большая, чым у спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, — параіў А.Іванец. — Да таго ж больш за 9 тысяч месцаў ва УВА мы адводзім для выпускнікоў каледжаў, якім паступіць прасцей, чым пасля 11 класаў. Бо ім не трэба здаваць ні ЦЭ, ні ЦТ, а толькі кантрольную работу напісаць і дыплом каледжа прыкласці.
Пятае — вынікі цэнтралізаванага экзамену. Сёлета вынікі ЦЭ лепшыя, чым летась, — амаль на 10 балаў вышэйшыя па ўсіх прадметах.
— Калі ў 2023-м у сярэднім напісалі на 50 балаў, то ў гэтым — на 60. Гэта добра, таму што колькасць нульбальнікаў засталася амаль такой жа, стабальнікаў на паўтысячы стала менш, але затое вырас сярэдні бал. А значыць, агульны ўзровень падняўся, і гэтую работу трэба прадоўжыць. Хоць ёсць пэўны працэнт дзяцей, якія здалі ЦЭ або на тры балы вышэй, або на тры балы ніжэй у параўнанні з гадавой адзнакай. У гэтым трэба разабрацца, каб школа не завышала і не заніжала адзнакі, — адзначыў міністр адукацыі.
Ён анансаваў, што рэпетыцыя ЦЭ ў 2025 годзе пройдзе ў тыя ж тэрміны, што і ў мінулыя гады. Акрамя таго, і нульбальнікам у наступным годзе стане прасцей:
— Зараз у парламенце знаходзіцца праект Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, і змяненні прадугледжваюць ужо магчымасць з наступнага навучальнага года тым, хто набраў нуль балаў на ЦЭ, пераздаць яго ў жніўні і атрымаць атэстат. Да таго ж і для дзяцей, якія не могуць здаваць ЦЭ па медыцынскіх паказаннях, таксама ў кодэксе будзе прадугледжана адпаведная норма аб іх вызваленні.
Шостае — здароўе дзяцей.
— Псіхіка ў сучасных дзяцей нестабільная, бо яны зараз жывуць не ў рэальным, а ў віртуальным свеце. Для таго каб змяніць сітуацыю, мы прапануем абмежаваць доступ да мабільных прылад нават на перапынках. Цяпер уносяцца праўкі ў Кодэкс аб адукацыі ў тым ліку і па гэтым пытанні. А яшчэ будзе ўзаконена школьная форма — дзелавы стыль адзення для ўсіх узроўняў, — расказаў Андрэй Іванец.
Сёмае — летняя занятасць школьнікаў. Навучэнцам трэба падказваць, што ўся неабходная і актуальная інфармацыя размяшчаецца на сайце Мінпрацы і сацыяльнай абароны.
Восьмае — падрыхтоўка алімпіяднікаў. Выбудаваную сістэму алімпіяднага руху ніхто мяняць не будзе. Аднак з новага навучальнага года пачнецца правядзенне адзінай завочнай алімпіяды па ўсіх прыродазнаўчых дысцыплінах.
— Туры завочнай алімпіяды будуць праводзіцца раз у два тыдні ў анлайн-рэжыме, каб кожны школьнік мог заявіць пра сябе. У рэжыме відэатрансляцый выкладчыкі БДУ, якія рыхтуюць нашых адораных дзяцей да міжнародных алімпіяд, будуць праводзіць разбор заданняў. Іх могуць слухаць і глядзець як вучні, так і настаўнікі. На канікулах самыя моцныя вучні змогуць стаць удзельнікамі адукацыйных змен на базе БДУ, — праінфармаваў міністр адукацыі.
Паводле яго слоў, завочная алімпіяда дазволіць навучэнцам любой школы, нават той, дзе няма настаўнікаў, здольных рыхтаваць алімпіяднікаў, праверыць свае веды і навучыцца нечаму новаму:
— Наша задача — правесці якасны адбор. Заданні будуць ускладняцца ад этапу да этапу. Напрыклад, у першай чвэрці заданні будуць узроўню раённай алімпіяды, у другой чвэрці — гарадской, у трэцяй — рэспубліканскай, а ў чацвёртай — фактычна міжнароднай. Зразумела, што ад этапу да этапу колькасць дзяцей будзе змяншацца, але чым больш школьнікаў першапачаткова стане ўдзельнікамі гэтай алімпіяды, тым большая верагоднасць, што ў канцы застануцца самыя таленавітыя.
Дзявятае — цыклаграма. Да 1 верасня ва ўстановы адукацыі будзе даведзена тыпавая сетка, у якой прапішуць асноўныя мерапрыемствы з псіхолага-педагагічнымі рэкамендацыямі.
— Ключавыя моманты павінны быць рэалізаваны, — дадаў А.Іванец.
Вольга АНТОНЕНКАВА
Фота аўтара