Школьная 3D-лабараторыя

- 12:20Навіны рэгіёнаў

Сучасных дзяцей, якія змалку актыўна карыстаюцца інтэрнэтам і гаджэтамі, вельмі цяжка чымсьці здзівіць. Таму педагогам трэба пастаянна павышаць інфармацыйную дасведчанасць, шукаць такія метады і спосабы работы, каб вывучэнне прадметаў было цікавым і выніковым заняткам.

На сённяшнім рынку працы найбольш запатрабаваны прафесіі, звязаныя з ІТ-тэхналогіямі. Нядзіўна, чаму школьныя аб’яднанні па інтарэсах тэхнічнага кірунку карыстаюцца павышанай папулярнасцю сярод дзяцей.

Пад кіраўніцтвам настаўніка матэматыкі і інфарматыкі М.А.Мухі ў нашай установе дзейнічае аб’яднанне “3D-мадэляванне”. Яго выхаванцы з цікавасцю асвойваюць тэхналогію 3D-друку, якая дазваляе пера­тварыць любую выяву ў аб’ёмны прадмет.

Заняткі ў аб’яднанні не толькі развіва­юць у школьнікаў пазнавальны інтарэс, лагічнае мысленне і прасторавае ўяўленне, але і вучаць трохмернаму мадэляванню, асновам праграмавання.

3D-прынтарам карыстаюцца дзеці любога ўзросту. Калі малодшыя школьнікі знаёмяцца з трохмерным мадэляваннем у рэжыме гульні, то вучні 5—11-х класаў рэалізоўваюць аўтарскія праекты, выконваюць практычныя заданні і інш. Так, дзеці ўжо стварылі мадэлі вядомых архітэктурных будынкаў, сувенірную прадукцыю і мадэлі геаметрычных фігур для кабінета матэматыкі. 

Наталля ЛІТВІНОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.