Школьная лабараторыя LEGO

- 10:25Нам пішуць

У 2016 годзе каманда нашай школы “Пяць плюс” пад кіраўніцтвам настаўніка фізікі Мікалая Маісеенкі ўзяла ўдзел у рэспубліканскім турніры “ТРЫЗ-Хакатон”, які быў арганізаваны Паркам высокіх тэхналогій. Падчас спаборніцтваў удзельнікам неабходна было праявіць кемлівасць для вырашэння нестандартных задач з ужываннем фізікі, хіміі, матэматыкі і інфарматыкі. Па выніках турніру каманда заваявала трэцяе месца. Удзельнікі атрымалі ў падарунак партатыўныя зарадныя прылады, а школа — робататэхнічны набор LEGO серыі Mindstorms версіі EV3.

З такім наборам можна стварыць уласных робатаў LEGO: жывёл, транспартныя сродкі, машыны, прыборы — і кіраваць імі! З дапамогай розных спалучэнняў праграмных блокаў, матораў і датчыкаў можна прымусіць мадэлі хадзіць, гаварыць, захопліваць прадметы, думаць, страляць, выконваць іншыя дзеянні.

Магчымасці падарунка вельмі зацікавілі вучняў школы, таму для навучэнцаў 5—11 класаў была створана лабараторыя “Дзівосны свет LEGO MINDSTORMS EV3”, у якой юныя праграмісты і канструктары пачалі складаць праграмы ў бясплатным дадатку Commander са смартфона, з дапамогай якога робат можа выконваць патрэбныя дзеянні.

Адну з сабраных мадэляў нашы вучні прадставілі на інтэрактыўнай выставе на раённым свяце. Усіх прысутных і гасцей зацікавіла дэманстрацыйная пляцоўка нашай школы, дзе ўдзельнікі лабараторыі прэзентавалі робата, які запраграмаваны з дапамогай праграмнага інтэрфейсу з выкарыстаннем піктаграмы.
Лабараторыя і далей будзе працягваць сваю працу. У навучэнцаў шмат новых ідэй і рашэнняў па стварэнні новых мадэляў робатаў.

Алена БУСЬКО,
кіраўнік лабараторыі, настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 5 Навагрудка.