Школьнікаў правераць на схільнасць да наркотыкаў

1 студзеня ўступіў у сілу Дэкрэт № 6 ад 28 снежня 2014 года “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”. Пра тое, як на практыцы рэалізоўваецца новы дакумент, а таксама пра сітуацыю з наркатычнымі і псіхаактыўнымі рэчывамі ў краіне журналістам расказалі падчас прэс-канферэнцыі, якая днямі прайшла ў Нацыянальным прэс-цэнтры.

За мінулы год супрацоўнікамі органаў унутраных спраў выяўлены 7319 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам наркотыкаў. У параўнанні з мінулым годам гэты паказчык вырас на 46%. 2800 злачынстваў у 2014 годзе былі звязаны са збытам “дызайнерскіх” наркотыкаў — спайсаў, марак, міксаў.
— У 2014 годзе назіралася станоўчая дынаміка па перакрыцці каналаў пастаўкі і транзіту наркотыкаў, — паведаміў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Рэспублікі Беларусь Васіль Лосіч. — Акрамя таго, за мінулы год былі выяўлены 12 наркалабараторый, 13 памяшканняў, прыстасаваных для вырошчвання наркаўтрымліваючых раслін. Але больш за ўсё выклікае трывогу той факт, што ў 2014 годзе ў 4,5 разу вырасла колькасць крымінальных спраў, якія былі ўзбуджаны за нарказлачынствы з удзелам непаўналетніх. Так, фігурантамі крымінальных спраў у 2014 годзе сталі 389 непаўналетніх (у 2013 годзе іх было 125).
Калі гаварыць пра факты перадазіроўкі, у мінулым годзе ў медыцынскія ўстановы ў стане наркатычнага ўзбуджэння быў шпіталізаваны 1351 чалавек, 1045 з якіх знаходзіліся пад уздзеяннем сінтэтычных курыльных сумесей, прычым 223 з іх — непаўналетнія. На жаль, 32 чалавекі выратаваць не ўдалося. Усе гэтыя здарэнні паслужылі штуршком да таго, што МУС на працягу 2014 года выступала з ініцыятывамі па ўнясенні змяненняў у існуючае заканадаўства.
— Першапачаткова мы прапанавалі ўнесці змяненні ў Крымінальны кодэкс, у частку, якая тычыцца ўзмацнення крымінальнай адказнасці за збыт наркотыкаў заведама непаўналетняму, за вытворчасць наркотыкаў ва ўмовах наркалабараторый, — працягвае Васіль Лосіч. — Прааналізаваўшы ўсю сітуацыю, мы вырашылі, што трэба ўвесці адміністратыўную адказнасць за знаходжанне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ўзбуджэння. Такія меры неабходны перш за ўсё для прафілактычнага эфекту, каб адбіць жаданне ў школьнікаў, навучэнцаў спрабаваць забароненае, таму што гэта можа прывесці да трагічных вынікаў.
Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення па наркакантролі, ужо з новага года МУС надзелены новымі паўнамоцтвамі, а гэта значыць, што цяпер у праваахоўных органаў ёсць магчымасць весці барацьбу з наркаагрэсіяй больш эфектыўна. Безумоўна, гэта стала магчыма дзякуючы прыняццю Дэкрэта № 6 “Аб неадкладных мерах па процідзеянні незаконнаму абароту наркотыкаў”, які быў падпісаны Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь 28 снежня 2014 года.
— Калі гаварыць пра прафілактыку, то дэкрэт у гэтым кірунку нам ужо аказаў значную дапамогу, — канстатуе Васіль Лосіч. — Мы бачым і па сайтах, якія перасталі працаваць, і па дзеяннях наркадылераў, за якімі сочым, і нават па кошце на наркотыкі, што новы прававы акт пачаў эфектыўна працаваць.
Ужо сёння, згодна з новымі нормамі дэкрэта, да адміністратыўнай адказнасці прыцягнуты пяць чалавек. Яшчэ 12 матэрыялаў, са слоў Васіля Лосіча, у хуткім часе таксама будуць рэалізаваны ў выглядзе адміністратыўных пратаколаў. Дарэчы, па стане на 13 студзеня ў Мінску ўжо былі ўзбуджаны 3 крымінальныя справы. А гэта значыць, што работа ўсіх дзяржаўных структур, зацікаўленых у барацьбе з наркотыкамі, вядзецца на высокім узроўні. Згодна з некаторымі нормамі, зацверджанымі дэкрэтам, цяпер, напрыклад, прыцягваць да адказнасці за распаўсюджанне наркатычных сродкаў пачнуць з 14-гадовага ўзросту. Той, хто будзе займацца распаўсюджаннем наркотыкаў і псіхатропаў на тэрыторыі ўстановы адукацыі, атрымае да 15 гадоў пазбаўлення волі. Столькі ж — 15 гадоў пазбаўлення волі — атрымаюць тыя, хто будзе прадаваць наркотыкі заведама непаўналетняй асобе. Акрамя гэтага, узмацняюцца меры адміністратыўнай адказнасці за правапарушэнні, звязаныя з ужываннем наркотыкаў. Так, за з’яўленне ў грамадскім месцы ў стане наркатычнага ўзбуджэння прадугледжаны штраф ад 5 да 10 базавых велічынь. Адметна, што ўпершыню ўводзіцца крымінальная адказнасць за дзеянні, звязаныя са збытам наркотыкаў, якія прывялі да смерці чалавека.
Як лічыць галоўны нарколаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь Іван Іванавіч Канаразаў, Дэкрэт № 6 быў падпісаны своечасова.
— За 2014 год колькасць тых, хто быў дастаўлены ва ўстановы аховы здароўя з фактамі атручэння, перадазіроўкі наркатычнымі сродкамі, склала 1351 чалавек. У 2013 годзе колькасць такіх пацыентаў спынілася на адзнацы 759, — дзеліцца статыстыкай галоўны нарколаг. — Розніца паміж гэтымі паказчыкамі складае ажно 77,9%. Калі гаварыць пра наркатычныя атручэнні са смяротным канцом, у 2014 годзе іх было 32, а гэта на 50 выпадкаў менш, чым у 2013 годзе.
Са слоў Івана Канаразава, змяншэнне колькасці смяротных выпадкаў стала магчымым дзякуючы жорсткай прафілактычнай палітыцы, якую сумеснымі намаганнямі праводзілі тры ведамствы — МУС, міністэрствы аховы здароўя і адукацыі. Так, у мінулым годзе быў распрацаваны сумесны комплекс мер па папярэджанні распаўсюджання алкаголю, наркатычных і псіхатропных рэчываў сярод навучэнцаў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. А пачынаючы з гэтага года, як паведамілі ў Міністэрстве адукацыі, сярод школьнікаў, якім ужо споўнілася 11 гадоў, і навучэнцаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў пачнуць праводзіць псіхасацыяльнае анкетаванне, мэтай якога з’яўляецца ранняе выяўленне тых, хто схільны да ўжывання наркотыкаў ці алкаголю. Дакумент ужо накіраваны ў рэгіёны.
Такое анкетаванне і наступны медагляд навучэнцаў, якія не дасягнулі 14 гадоў, можа праводзіцца толькі з пісьмовай згоды бацькоў. Акрамя гэтага, навучэнцы ва ўзросце ад 14 гадоў будуць праходзіць анкетаванне і медагляд толькі тады, калі будуць на гэта згодны.
Калі тэст пакажа, што ў навучэнца ёсць схільнасць да ўжывання наркотыкаў ці алкаголю, гэтую інфармацыю неабходна будзе перадаць бацькам і ва ўстановы аховы здароўя.
Такім чынам, дзякуючы ўсім існуючым сёння мерам, прынятаму дэкрэту, а таксама сумеснай рабоце Міністэрства адукацыі, Міністэрства аховы здароўя і, безумоўна, МУС, сітуацыя з наркотыкамі ў краіне павінна стабілізавацца.

Наталля ДУБІК.