Школьнікі — распрацоўшчыкі гульняў паспаборнічалі за ўдзел у хакатоне

25 жніўня адбыўся фінал конкурсу BelGameDev junior. Журы з прафесійных геймдэў-праграмістаў і дызайнераў ацаніла работы пачынаючых распрацоўшчыкаў камп’ютарных гульняў і гейм-блогераў. Фіналісты атрымалі запрашэнне прыняць удзел у дабрачынным дзіцячым хакатоне MakeYourSelf — make a game!.

Школьнікі спаборнічалі ў 4 намінацыях. Дызайнеры малявалі персанажаў і лакацыі для сваёй ці выдуманай гульні. Юныя сцэнарысты па­спрабавалі напісаць і аформіць у сцэнарый нестандартны гульнявы сюжэт. Праграмісты змагаліся ў валоданні інструментамі праграмавання: па правілах, яны павінны былі падрыхтаваць код асобнага ўзроўню ці гульні цалкам. Нарэшце, аматары блогінгу маглі зняць свой ролік з аглядам гульні ці стрымам (трансляцыяй) гульнявога працэсу.

Каб работы атрымаліся цікавыя і якасныя, удзельнікі конкурсу прайшлі серыю майстар-класаў. Напрыклад, кіраўнік сацыяльнага праекта BelGameDev Ян Кот расказаў пра тэндэнцыі ў сферы геймдызайну і навучыў канкурсантаў правільна прэзентаваць сваю гульню. Падчас май­стар-класаў школьнікі маглі задаць экспертам любыя пытанні пра свае работы, а пасля выправіць недахопы і павысіць свае шансы на перамогу.

Эксперты з ІT-сферы — праграмісты, гейм-дызайнеры, журналісты — ацанілі якасць прапанаваных гульняў ці іх элементаў. Улічвалі логіку і эстэтыку, узровень валодання тэхнічнымі сродкамі і агульнае ўражанне ад работы.

— Я ацэньвала работы ў намінацыі “Код”. Звяртала ўвагу на тое, наколькі правільна працуе праграма, ці здолеў удзель­нік выкарыстаць аптымальныя функцыі для сваіх задач, — дзеліцца ўражаннямі дацэнт кафедры прыкладной лінгвістыкі БДУ і менеджар адукацыйных праграм кампаніі Melsoft games Вольга Елісеева. — Самай складанай для ўдзельнікаў была ўмова зрабіць код зручным для чытання: асэнсавана назваць пераменныя, расставіць каментарыі, каб пасля сам аўтар кода ці іншы праграміст лёгка ў ім арыентаваліся.

Фіналісты конкурсу — а гэта 28 школьнікаў — прынялі ўдзел у дабрачынным дзіцячым хакатоне MakeYourSelf — make a game!, які прайшоў 30 жніўня пры падтрымцы кампаніі Melsoft games. На працягу 8 гадзін яны пад наглядам экспертаў працавалі над стварэннем адукацыйных гульняў.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота аўтара.