Школьнікі ў парламенце

- 10:55Навіны рэгіёнаў

Ранішні званок паклікаў некаторых школьнікаў са Стаўбцоўскага і Нясвіжскага раёнаў не ў клас, а ў залу пасяджэнняў. 30 хлопцаў і дзяўчат правялі незвычайны, насычаны інфармацыяй і падзеямі дзень у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь разам з парламентарыямі.

У Дом урада, дзе і працуе Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу, запрасілі лепшых навучэнцаў устаноў адукацыі Нясвіжчыны і Стаўбцоўшчыны: актывістаў, удзельнікаў алімпіяд, турніраў, конкурсаў даследчых работ, спартыўных спаборніцтваў. Пазнавальнае мерапрыемства сумесна арганізавалі для дзяцей упраўленне адукацыі Мінаблвыканкама і члены парламента.Найбольш цікавай і захапляльнай часткай мерапрыемства стаў удзел школьнікаў у якасці гледачоў у сумесным пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. На гэтай сустрэчы ў Авальнай зале прадстаўнікі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу задавалі пытанні прадстаўнікам урада краіны. Гаворка ішла аб развіцці аграрнага сектара гаспадаркі. На пасяджэнні прысутнічалі намеснік прэм’ер-міністра краіны Міхаіл Іванавіч Русы, міністры і іх намеснікі. Дзеці з цікавасцю сачылі за тым, як разгортваюцца падзеі. Яны ўсведамлялі, што ўдзельнічаюць у гістарычным, лёсавызначальным мерапрыемстве, бо кожнае такое пасяджэнне ўплывае на далейшае развіццё Беларусі, тычыцца кожнага жыхара краіны.
Далей школьнікаў чакала знаёмства з пастаянна дзеючай экспазіцыяй, прысвечанай гісторыі работы Палаты прадстаўнікоў. Дзеці ўбачылі на экспазіцыі фотаздымкі дэпутатаў папярэдніх скліканняў, а таксама атрыбуты, якія мае кожны дэпутат, — пасведчанні і нагрудныя знакі. Зацікавіла навучэнцаў і інфармацыя аб тым, што дзейнасць у членаў Палаты прадстаўнікоў шматпланавая. Акрамя сваёй галоўнай — заканатворчай — дзейнасці, яны таксама працуюць у акругах, ад якіх былі абраныя, усталёўваюць міжнародныя адносіны і ўдзельнічаюць у спартыўных спаборніцтвах.
Таксама хлопцы і дзяўчаты сустрэліся з Мікалаем Міхайлавічам Іванчанкам, намеснікам старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па пытаннях экалогіі, прыродакарыстання і чарнобыльскай катастрофы, дэпутатам ад Стаўбцоўскай выбарчай акругі № 70. Сустрэча праходзіла ў нефармальнай атмасферы. Мікалай Міхайлавіч расказаў аб сваёй дзейнасці ў якасці дэпутата і адказаў на пытанні вучняў. Ён паведаміў аб тых праблемах, над вырашэннем якіх працуе ў Стаўбцоўскім і Нясвіжскім раёнах, а таксама расказаў, што яго хвалююць праблемы алкагалізму, аптымізацыі харчавання, медыцынскага абслугоўвання. З размовы дзеці таксама даведаліся, якія ініцыятывы дэпутат разам з калегамі распрацоўвае і прапаноўвае для вырашэння гэтых праблем.
Завяршыла мерапрыемства экскурсія ў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.
Падарожжа ў сталіцу і ўсе мерапрыемствы не пакінулі дзяцей абыякавымі. Яны ўбачылі тое, пра што яшчэ ўчора чыталі ў падручніках гісторыі і грамадазнаўства, чулі па радыё і тэлебачанні. “Вельмі ўражвае, калі назіраеш за работай заканадаўцаў не па тэлебачанні, не чытаеш у кнізе, а бачыш на свае ўласныя вочы, — расказвае Кірыл Лугін, вучань сярэдняй школы № 1 Нясвіжа, — цікава, як узаемадзейнічаюць паміж сабой міністры і дэпутаты. Я з’яўляюся членам маладзёжнага парламента, які створаны пры Мінскім абласным Савеце дэпутатаў, і тое, што адбывалася сёння, было для мяне ўдвая цікавым. Цяпер мне яшчэ больш хочацца працаваць, дзейнічаць, ствараць”. Адным словам, сустрэчы і экскурсіі для хлопцаў і дзяўчат былі не толькі пазнавальныя, але і натхняльныя.

Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.