У міжнародным праекце-конкурсе «Памяць пакаленняў» ва ўсіх намінацыях дыпломы І ступені заваявалі навучэнцы Мінскай вобласці, паведамляе карэспандэнт «Настаўніцкай газеты».
Яго ідэя ў тым, каб вучні ў відэапрэзентацыі на англійскай мове расказалі пра музеі, якія наведалі. У конкурсе прынялі ўдзел 83 школьнікі. Яны прадставілі 59 матэрыялаў.
У выніку ў намінацыі «Музеі майго горада» дыплом І ступені заваявалі Соф’я Баршчэўская і Дар’я Дзям’янка з сярэдняй школы № 6 Жодзіна. У намінацыі «Наш школьны музей» дыплом І ступені таксама аддадзены навучэнцам гэтай школы Кірылу Агапончыку і Ягору Васільеву, якія расказалі пра этнаграфічны куток-музей, што створаны ў іх установе адукацыі. Кіраўніком праектаў з’яўляецца настаўнік-метадыст СШ № 6 Жодзіна Святлана Каляда.
— Васьмікласніца Дар’я Дзям’янка паведаміла пра дом-музей А.Ф. Купрыянавай, а навучэнка 11-га класа Соф’я Баршчэўская — пра дасягненні сваёй малой радзімы на прыкладзе БелАЗа і яго музея, — адзначыла С. Каляда.
У сваёй прэзентацыі Соф’я апісала ў тым ліку музей Навукова-практычнага цэнтра НАН Беларусі па земляробстве, у экспазіцыі якога прадстаўлены шырокі спектр інавацыйных распрацовак і тэхналогій для аграрнага сектара краіны.
— Кірыл Агапончык і Ягор Васільеў расказалі пра экспазіцыі і экспанаты нашага музейнага кутка. Мае навучэнцы ўпэўнены, што кожнаму з нас неабходна ведаць і памятаць гісторыю сваёй краіны, памятаць продкаў, захоўваць і прымнажаць іх дасягненні, перадаючы з пакалення ў пакаленне, — падкрэсліла суразмоўніца.
Наталля САХНО