Школьны бізнес на драўніне

Навучанне асновам прадпрымальніцтва не ставіць мэтай усеагульнае ператварэнне школьнікаў і навучэнцаў у бізнесменаў. Гэта немагчыма, ды і не трэба, паколькі не кожны чалавек можа займацца такім відам дзейнасці. А вось зразумець і засвоіць мэты і прынцыпы арганізацыі прадпрымальніцкай дзейнасці, яе асаблівасці прымянення ў жыцці і на практыцы будзе карысна многім.

Бізнес-кампанія “Сябрына” Мацвееўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна працуе толькі першы год і спецыялізуецца на вырабе прадукцыі з драўніны. Дзеці ствараюць унікальныя па сваім дызайне бочачкі, бірулькі, статуэткі, скарбонкі, ключніцы, скрыначкі, якія здольны зацікавіць многіх, нават самых капрызных пакупнікоў. У нас могуць набыць неабходны інвентар пчаляры: вуллёвыя рамкі, лапаткі, падстаўкі і інш.

Нягледзячы на зусім юны ўзрост кампаніі, нашы поспехі адзначаны на рэспубліканскім узроўні. Так, у лістападзе 2017 года “Сябрына” была ўзнагароджана каштоўнымі прызамі і падарункамі на Нацыянальным конкурсе “Прадпрымальнік года”. У межах гэтага конкурсу праводзіўся адбор лепшых бізнес-ідэй і праектаў сярод старшакласнікаў. На першым этапе журы адабрала больш за 80 цікавых работ, а ўжо з іх — дзевяць лепшых. У іх лік увайшлі і мы. У Мінску і ў Ваўкавыску прайшлі выставы нашых вырабаў. Наступная плануецца ў жніўні і верасні на раённых “Дажынках”.

У лютым наша каманда прыняла ўд зел у конкурсе “Бізнес-праект “Брэнд горада Ваўкавыска”. Улічваючы, што наш рэгіён багаты лясамі (імі занята больш за 25% тэрыторыі), на наш погляд, больш даступнага і экалагічнага матэрыялу, чым драўніна, не знойдзеш. Вырабы з дрэва ва ўсе часы былі запатрабаваным таварам на рынку. Сёння ён насычаны разнастайнымі прапановамі. Але пытанне якасці застаецца па-ранейшаму адкрытым. Людзі, аддаючы перавагу таму ці іншаму тавару, кіруюцца яго трываласцю, бяспекай і практычнасцю. Драўляныя вырабы — гэта выдатная альтэрнатыва пластыку. Яны ствараюць атмасферу цяпла і ўтульнасці.

Аксана ЗДАНОЎСКАЯ,
кіраўнік школьнай бізнес-кампаніі “Сябрына”
Мацвееўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Ваўкавыскага раёна.