Школьны гурток — крок у будучую прафесію

У сярэдняй школе № 32 Гродна азы інжынерыі, робататэхнікі і праграмавання вучні атрымліваюць ужо ў пачатковых класах. З гэтага навучальнага года тут працуе гурток “ІНЖЫНЕРіК”, арганізаваны Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі “Спектр”.

— Сёння мы будзем рабіць незвычайнага робата-цягача, збяром яго, а затым падключым да камп’ютара, — пачынае заняткі гуртка педагог дадатковай адукацыі ЦТДіМ “Спектр” Аляксандра Шыцко і раздае дзецям канструктары.

Сёння займаюцца ў асноўным вучні 3-х класаў і адзін першакласнік. Рыхтуючыся да канструявання, яны адказваюць на пытанні выкладчыка: якую працу выконвае такі робат, дзе яго можна выкарыстоўваць і інш. Педагог на экране мультыборда паказвае, якую дэталь трэба знайсці, куды яе прымацаваць, а дзеці старанна ўсё выконваюць. Той, хто спраўляецца з заданнем першы, дапамагае іншым. Адна дэталька за другой, і вось ужо ў кожнага атрымаўся робат-цягач. Аднак ён яшчэ павінен рухацца, так што хлопчыкі садзяцца за камп’ютары і праграмуюць сваіх робатаў. У кагосьці гэта атрымліваецца зрабіць самастойна, іншым патрэбна дапамога настаўніка.

— З малых гадоў мы развіваем у дзяцей навыкі інжынернага мыслення, займаемся канструяваннем, — тлумачыць Аляксандра Шыцко. — Гэта базавыя веды. Дзеці павінны разумець, як працуюць механізмы, умець запраграмаваць тое, што яны сабралі, а значыць, яны павінны вывучыць базавыя мовы праграмавання.

Гурток наведваюць вучні пачатковых класаў, створаны групы для 1—2-х і 3—4-х класаў. Дзеці праяўляюць вялікую цікавасць да заняткаў і нават прыводзяць сваіх сяброў, таму пасля адкрыцця курса прыйшлося сфарміраваць дадаткова яшчэ дзве групы. Немалаважна і тое, што гурток бясплатны і даступны кожнаму дзіцяці, гэта добрая альтэрнатыва платным адукацыйным праектам. Зразумела, што далёка не ўсе ў будучыні стануць інжынерамі або праграмістамі, аднак атрыманыя веды і навыкі спатрэбяцца ў жыцці.

Трэцякласнік Елісей Грудзінскі прызнаўся, што яму вельмі падабаецца гурток, дзе можна збіраць робатаў, вучыцца праграмаванню. Менавіта праграмістам хлопчык марыць стаць у будучыні. Займацца любімай справай дома дапамагае старэйшы брат.

— Хачу звярнуць увагу, што галоўнае прызначэнне курса “ІНЖЫНЕРіК” у тым, што ў дзяцей павінна сфарміравацца інжынернае мысленне, гэта будучыя канструктары, праекціроўшчыкі. Важна і тое, што ў дзіцяці развіваецца прасторавае мысленне і ўяўленне, што спатрэбіцца ў жыцці кожнаму, незалежна ад выбару прафесіі, — дадала педагог.

Гродзенская школа № 32 актыўна ўключылася ў пабудову сістэмы інжынерна-тэхнічнай адукацыі. Ужо ёсць свае напрацоўкі, станоўчыя вынікі. З 2018 года навучэнцы дадаткова вывучаюць праграмы Inventor AutoCAD. У тым жа годзе вучаніца школы прадстаўляла Гродзенскую вобласць на рэспубліканскім этапе конкурсу JuniorSkills у кампетэнцыі “Інжынерны дызайн”. А ў маі 2019 года навучэнцы школы занялі 3-е месца на абласной дыстанцыйнай алімпіядзе па камп’ютарнай графіцы, якую праводзіў Гродзенскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Варта адзначыць, што школьнікі спаборнічалі нароўні з навучэнцамі каледжаў, дзе AutoCAD вывучаецца прафесійна.

— У нашай школе асаблівая ўвага ўдзяляецца развіццю агульнай камп’ютарнай пісьменнасці ў вучняў, дзякуючы чаму яны дэманструюць высокія вынікі пры выкананні самастойных праектаў, — расказала дырэктар сярэдняй школы № 32 Гродна Жанета Шывілько. — Традыцыйна старшакласнікі прадстаўляюць школу на конкурсе “Патрыёт”. У 2019 годзе на рэспубліканскім этапе гэтага конкурсу яны занялі 2-е месца. Мы таксама імкнёмся наладзіць супрацоўніцтва з Паркам высокіх тэхналогій. У лістападзе 2019 года рэзідэнт ПВТ фірма “Фарбос” аказала школе спонсарскую дапамогу ў выглядзе плат micro:bit, што спрыяе далейшаму вывучэнню праграмавання і стымуляванню тэхнічнай творчасці школьнікаў. У верасні мінулага года адкрыты новы камп’ютарны клас. Кожнае дзіця нашай школы не толькі атрымлівае новыя веды, але і можа прыняць свядомае рашэнне аб будучай прафесіі.

Кіраўнік школы падзялілася планамі на будучыню. Яны заключаюцца ў далейшым развіцці выбранага кірунку, магчыма, пры дапамозе педагогаў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

Школа цесна супрацоўнічае з Цэнтрам творчасці дзяцей і моладзі “Спектр”, што і вылілася ў стварэнне гуртка “ІНЖЫНЕРіК”, які адразу стаў папулярным.

— Вырашэнню задач інавацыйнага развіцця сістэмы дадатковай адукацыі ў ЦТДіМ “Спектр” спрыяе адкрыццё новых аб’яднанняў па інтарэсах “Імперыя кода” (праграмаванне) і “ІНЖЫНЕРіК”(лега-канструяванне, робататэхніка) матэматычнага профілю, — расказала дырэктар ЦТДіМ “Спектр” Гродна Ірына Савіцкая. — Заняткі ў такіх аб’яднаннях даюць сучаснаму школьніку магчымасц­ь асваення ІТ-тэхналогій з мэтай далейшага прафесійнага самавызначэння. Для стварэння інтэрактыўнай развіццёвай прасторы, у якой дзеці могуць даследаваць навакольны свет і авалодваць рознымі навуковымі і тэхналагічнымі інавацыямі, была прыцягнута рэсурсная база сярэдняй школы № 32. Тут створаны ўсе ўмовы для правядзення навучэнцамі тэхнічных даследаванняў, падрыхтоўкі да рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, навукова-практычных канферэнцый.

“Спектр” працягвае ўдасканальваць сістэму выяўлення і падтрымкі адораных навучэнцаў, імкнецца развіваць у іх цікавасць да навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. Набыта сучаснае абсталяванне. Рэсурсы ўстановы дадатковай адукацыі дазваляюць ажыццяўляць эфектыўную прафесійную арыентацыю навучэнцаў на прафесіі будучыні.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.