Школьны летапіс напішам разам

- 10:36Выхаваўчая прастора

Першая лютаўская субота, любімая школа, родныя, але ўжо іншыя класы і ўсё такія ж, як некалі, аднакласнікі… У сярэдняй школе № 94 Мінска сустрэліся выпускнікі колішняга 10 “В”, для якіх тут празвінеў апошні званок 50 гадоў назад. Сустрэцца са старэйшым пакаленнем, разам з ім зрабіць экскурс у школьныя гады сваіх бабуль пажадалі і сённяшнія школьнікі.

Школа — адна са старэйшых у Першамайскім раёне сталіцы, тут дзесяцігоддзямі складваліся свае традыцыі, таму выпускныя вечары тут праходзяць асабліва цёпла і шчыра. Беражліва захаваць гэтыя традыцыі — справа ўдзельнікаў школьнага аб’яднання па інтарэсах “Гісторыкі-даследчыкі”. Яно тут дзейнічае 3 гады, але школьнікі вядуць летапіс сваёй школы ўжо шмат гадоў. Для гасцей юныя даследчыкі падрыхтавалі кранальную прэзентацыю з фотаздымкамі і гісторыяй мінулых школьных гадоў.

Для аднаго з выпускнікоў, Сяргея Андрэевіча Заліпскага, школа з’яўляецца другім домам і сёння — з ранку да вечара ён тут працуе. Зрабіўшы ваенную кар’еру і аб’ездзіўшы паўсвету, ён вярнуўся ў ваенны гарадок і ўладкаваўся ў родную школу электрыкам. Ад заснавання 94-й школы тут працавала настаўніцай малодшых класаў і яго мама — Людміла Максімаўна Заліпская.

“Гэта была ідэя маіх аднакласнікаў — сустрэцца з сённяшнімі школьнікамі, паглядзець, як яны жывуць, вучацца, расказаць пра тое, як заканчвалі школу мы, успомніць сваіх настаўнікаў. Я ж кожны дзень у сваёй школе, а астатнія бываюць рэдка, і ім хочацца прайсціся па ўстанове, зайсці ў свой клас, пасядзець за сваёй партай, — гаворыць Сяргей Андрэевіч Заліпскі. — Клас у нас дружны, мы сустракаемся кожныя 5 гадоў. Мы выпускаліся ў той час, калі ваенны гарадок быў закрыты. Усе мы ў асноўным дзеці ваеннаслужачых. Нашы дзяўчаты павыходзілі замуж за вайскоўцаў і раз’ехаліся па ўсім былым Савецкім Саюзе. Але ўсё роўна на школьныя сустрэчы прыязджаюць. Мне асабліва прыемна бачыць, што такія сустрэчы цікавыя сённяшнім школьнікам”.

Выпускнікі прынеслі з сабой свае выпускныя альбомы, атэстаты і, вядома ж, цёплыя ўспаміны. З трапятаннем і хваляваннем яны ўспаміналі сваё дзяцінства па школьных фатаграфіях, свавольствы, першае каханне, сваіх педагогаў, сяброў.

Вельмі рада, што трапіла на гэтую сустрэчу, і 9-класніца Ганна Бачарова: “Узрост выпускнікоў, якія да нас прыйшлі ў госці, — 66 гадоў. Гэта, лічы, узрост нашых бабуль. І сустрэча з імі дала нам магчымасць пагрузіцца ў той час, у атмасферу мінулага, у дзяцінства нашых бабуль і дзядуль, адчуць, якім было іх школьнае дзяцінства, чым яны жылі, пра што марылі. Дзіўна, што, нягледзячы на розніцу ва ўзросце, яе зусім не адчувалася, сустрэча прайшла на адной хвалі. Нам карысна было пачуць ад старэйшых людзей парады: якія прадметы варта больш старанна вучыць, на што звярнуць увагу. Яны параілі нам не гультаяваць, каб праз многія гады не шкадаваць, што нечага не зрабілі, не давучылі, нешта прапусцілі, у нечым новым сябе не паспрабавалі. Часам перасцерагалі ад магчымых памылак, у прыватнасці ад зневажальных адносін да настаўнікаў, якія нам падаюцца больш строгімі. Госці расказалі пра сваю настаўніцу фізікі, вельмі адданую справе і дзецям, але часам, калі дзеці самі сабе давалі слабіну, яна была даволі строгай: фізіка — прадмет, які патрабуе сур’ёзных высілкаў ад вучняў. Выпускнікі прызналіся, што цяпер вельмі шкадуюць, што не разумелі тады яе імкнення даць неабходныя веды”.

У гэтыя дні дзеці, стараючыся не прапусціць ніводнай дробязі, запісваюць свае ўражанні ад сустрэчы ў школьным летапісе. Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Святлана Аляксандраўна Малдаванава дае толькі невялікія парады. Усё астатняе робяць дзеці.

“Мая задача — не рабіць усё замест дзяцей, а навучыць іх самастойнасці. Таму большасць мерапрыемстваў у нашай школе ладзіцца дзецьмі. Для іх падтрымкі дзейнічае школьны рэсурсны цэнтр па выхаваўчай рабоце “ШАНС” (“Школа активности, нравственности, самореализации”). У прыватнасці, самастойная пошукавая дзіцячая работа лягла ў аснову нашага аб’яднання “Гісторыкі-даследчыкі”. Ваенны гарадок існуе вельмі даўно. І бабулі, і дзядулі нашых навучэнцаў, як і сёлетнія выпускнікі, у большасці сваёй скончылі нашу школу. Мы паступова збіраем такую часавую лінію на аснове фотаздымкаў, дакументаў. Вынікам стаў раздзел на нашым сайце, створаны ў праграме Timeline. Дзеці і дома, і ў школе самастойна напаўняюць яго”, — гаворыць Святлана Аляксандраўна.

Сустрэча выпускнікоў прайшла вельмі цёпла і добразычліва. Выпускнікі далі каштоўныя парады новаму пакаленню навучэнцаў. Замест запланаванай паўгадзінкі сустрэча была ўтрая даўжэйшай, бо дзеці ніяк не хацелі адпускаць гасцей. У завяршэнне сустрэчы былі зроблены сумесныя фатаграфіі, якія разам са школьнымі фотаздымкамі выпускнікоў папоўняць летапіс школы для будучых пакаленняў.

Паліна НОВІК.
Фота Святланы МАЛДАВАНАВАЙ.