Напрыканцы снежня 2024 года юбілей адзначыла гімназія імя І.М.Ерашова Лепеля. За 90 гадоў пройдзены вялікі шлях і закладзены лепшыя традыцыі — адукацыйныя, духоўныя, культурныя, спартыўныя. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Гісторыя гэтай установы — перш за ўсё гісторыя сапраўдных патрыётаў. Яшчэ ў 1934-м Лепельская беларуская сярэдняя школа пачала свой першы навучальны год. І гэта была адзіная дзесяцігодка на ўвесь Лепельскі раён. Першым яе дырэктарам быў Міхаіл Францавіч Міхневіч. У 1936—1937 гадах пуцёўку ў дарослае жыццё атрымалі першыя выпускнікі. Гэта Фёдар Бурцаў, вядомы мастак, які ўвасобіў у сваіх карцінах суровыя будні вайны, Залман Абезгаўз, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, кандыдат гістарычных навук.

Гордасцю школы з’яўляюцца яе выпускнікі — Героі Савецкага Саюза Іван Міхайлавіч Ерашоў і Вячаслаў Антонавіч Квіцінскі. Са школьнай парты былі прызваны на фронт выпускнікі 1941 года Віктар Іванавіч Карабан, Яўген Яўхімавіч Азаронак. Многія з іх у пасляваенныя гады часта наведвалі школу, дзяліліся ўспамінамі.
— Помніць аб вайне, гераізме і мужнасці тых, хто змагаўся з ворагам і вызваляў ад фашысцкага нашэсця Радзіму, — гэта значыць змагацца за мір, — упэўнена дырэктар гімназіі Святлана Карабань. — Мы ганарымся мінулым і сучасным нашай установы.
Справа герояў
У 1944 годзе Лепель быў вызвалены ад фашысцкіх акупантаў. Разам з аднаўленнем з руін горада перажыла сваё другое нараджэнне і школа. У 1949—1950 гадах яна была адноўлена, і ўжо 1 верасня 1949 года за парты селі першыя пасляваенныя вучні. Так пачаўся другі этап у гісторыі ўстановы адукацыі. Вялікую ролю ў арганізацыі вучэбнага працэсу ў той час адыграў Павел Міхайлавіч Усцінаў, настаўнік рускай мовы, заслужаны настаўнік БССР, першы пасляваенны дырэктар школы (1949—1969). У гады Вялікай Айчыннай вайны ён быў удзельнікам партызанскага руху, працаваў у партызанскай друкарні. Узнагароджаны медалём “Партызану Айчыннай вайны” I ступені.
У 1964 годзе школе было прысвоена імя яе выпускніка — Івана Ерашова. Гэта стала важным этапам у гісторыі ўстановы. Варта адзначыць настаўніцкія вытокі гэтага мужнага чалавека.

Пасля заканчэння Лепельскага педагагічнага каледжа ён працаваў у школе ў Полацку, а з 1933 года быў у радах Чырвонай Арміі. Пасля заканчэння ваеннага авіяцыйнага вучылішча і ваенна-паветранай акадэміі ваяваў на франтах Вялікай Айчыннай вайны. У 1943 годзе на рахунку камандзіра 672-га штурмавога авіяцыйнага палка маёра І.М.Ерашова налічваліся 94 баявыя вылеты. Пад яго камандаваннем было знішчана шмат варожай тэхнікі на зямлі і ў паветраных баях. У 1944 годзе Іван Ерашоў трапіў у палон і не зламаўся ў фашысцкіх лагерах. Імя героя абавязвае. У яго гонар у школе адкрыты музей.
Наступны перыяд гісторыі школы вызначаны новымі ўкладамі пад кіраўніцтвам Уладзіміра Іванавіча Андрэева (1969—1980). Гэта быў легендарны чалавек. З красавіка 1942 па май 1945 года ваяваў у войсках сувязі і прайшоў баявы шлях ад Варонежа да Прагі, быў тройчы паранены. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны I ступені і двума ордэнамі Айчыннай вайны II ступені, ордэнам “Чырвоная Зорка”, медалямі, знакамі “Выдатнік народнай асветы”, “Выдатнік асветы СССР”. Ён удзяляў вялікую ўвагу грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню вучняў праз сустрэчы з ветэранамі, палітінфармацыю, дзіцячыя грамадскія аб’яднанні.
Да вытокаў
Адна з галоўных традыцый установы — пастаянная сувязь з выпускнікамі. Рыгор Фёдаравіч Шаура, доктар мастацтвазнаўства, прафесар, лаўрэат прэміі “За духоўнае адраджэнне”, загадчык кафедры народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва БДУКМ; Анатоль Сяргеевіч Маўрычаў, доктар медыцынскіх навук, прафесар, намеснік дырэктара па лячэбнай рабоце Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра анкалогіі і медыцынскай радыялогіі, заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь; Уладзімір Міхайлавіч Кавалеўскі, капітан першага рангу, узнагароджаны ордэнам Мужнасці Расіі; Сяргей Мікалаевіч Занько, доктар медыцынскіх навук, прафесар, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, нагрудным знакам “Выдатнік аховы здароўя”; Эдуард Дзмітрыевіч Барадэйка, падпалкоўнік авіяцыі. Спіс можна працягваць, але відавочна галоўнае: у іх таксама былі выдатныя настаўнікі.
У 70-я гады сярэдняя школа № 2 была лепшай навучальнай установай Лепельскага раёна. Тут склаўся ўнікальны калектыў таленавітых педагогаў-энтузіястаў, ядром якога былі заслужаныя настаўнікі БССР Еўдакія Аляксандраўна Рыўкіна, Алена Пятроўна Чэкліна, Аляксандра Фёдараўна Занько, якой у 1978 годзе прысвоілі званне Героя Сацыялістычнай Працы за вялікія заслугі ў справе навучання і выхавання з уручэннем ордэна Леніна і залатога медаля “Серп і Молат”. Акрамя гэтага, яна была ўзнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і нагрудным знакам “Выдатнік народнай асветы БССР”. Увасобілі ў жыццё свой прафесіяналізм таленавітыя і творчыя педагогі Валянціна Васільеўна Кордзік, Ганна Ніканораўна Андрэева, Любоў Ісакаўна Цэйрэфман, Аліна Іванаўна Трывашкевіч, Фаіна Якаўлеўна Дзямко, Ніна Мікалаеўна Созмава, Тамара Фёдараўна Зінкевіч, Людміла Пятроўна Якута, Валянціна Андрэеўна Латышава, Аляксандр Ісакавіч Прыцкер.
Пераўтварэнні і новыя гарызонты
У 1980 годзе школа пераехала ў сучасны будынак. Падчас яго ўзвядзення тры настаўнікі-франтавікі — Міхаіл Фёдаравіч Собалеў, Анатоль Андрэевіч Астроўскі, Уладзімір Іванавіч Андрэеў — пасадзілі на цэнтральнай алеі тры дрэўцы. Гэта было сімвалічна: пасля заканчэння вайны яны ўвайшлі ў клас, змяніўшы вінтоўку на ручку і ўказку. Пазней Міхаіл Собалеў (настаўнік фізікі) прысвяціў гэтай падзеі верш, які стаў свайго роду запаветам нашчадкам. На тэрыторыі ўстановы адкрылі мемарыяльны знак “Тры дубочкі” як сімвал мужнасці і нязломнай волі настаўнікаў-франтавікоў.
З 1988 года дырэктарам стала Яўгенія Віктараўна Ганчар, настаўніца гісторыі і грамадазнаўства. За 17 гадоў кіраўніцкай працы яна адыграла вялікую ролю ў фарміраванні і згуртаванні новага калектыву, у тым, каб веды і вопыт настаўнікаў-ветэранаў перадаваліся маладым педагогам. 90-я былі пераломнымі ў жыцці краіны, а значыць, і школы. Аналіз, асэнсаванне, сістэматызацыя назапашанага вопыту, ды і проста сіла традыцый у сплаве з імкненнем ісці насустрач новым адкрыццям далі плён. Ва ўстанове адукацыі развівалася вучнёўскае самакіраванне, актыўна працавалі піянерская і камсамольская арганізацыі. Школу часта наведвалі ветэраны Вялікай Айчыннай вайны.
У 1997—2023 гадах дырэктарам школы была настаўніца англійскай мовы Раіса Уладзіміраўна Баравец, узнагароджаная знакам “Выдатнiк асветы”. Яна падтрымала, працягнула і прыўнесла ў працу зарад баявога духу, энергіі, аптымізму, згуртаванасці і, галоўнае, прафесіяналізму. Раіса Уладзіміраўна з’яўлялася дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў. У 2018 годзе ёй было прысвоена званне “Ганаровы грамадзянін Лепельскага раёна”. Яна бясспрэчны лідар, свайго роду візітная картка пэўнага перыяду гісторыі школы, якая ў 2007 годзе была пераўтворана ў гімназію № 1 Лепеля. Гэта стала лагічным крокам у развіцці ўстановы адукацыі, адкрыўшы перад вучнямі і педагогамі новыя магчымасці. З 2008 года тут пачалі працаваць у інавацыйным рэжыме. Настаўнікі актыўна ўключыліся ў рэалізацыю рэспубліканскіх праектаў па эўрыстычным навучанні, міжпрадметнай інтэграцыі. У 2011 годзе ўстанова атрымала сваю цяперашнюю назву — гімназія імя І.М.Ерашова Лепеля, захаваўшы памяць пра славутага выпускніка і працягваючы развіваць традыцыі якаснай адукацыі.
Звініць званок…
Гімназія сёння — гэта сучасная ўстанова адукацыі з высокакваліфікаванымі кадрамі і выдатнай матэрыяльна-тэхнічнай базай. Дарэчы, з 68 педагогаў 15 — яе выпускнікі. Калектыў узначальвае Святлана Карабань, настаўніца мастацтва. Адзін з прыярытэтаў кіраўніка — усебаковае развіццё вучняў, іх агульнай культуры праз далучэнне да духоўна-маральных каштоўнасцей, асобасна арыентаванае навучанне і выхаванне. Сярод галоўных кірункаў работы гімназіі — стваральная праца па захаванні гістарычнай памяці праз даследчую і краязнаўчую дзейнасць.
Вялікая ўвага ўдзяляецца задавальненню патрэб і інтарэсаў усіх 797 гімназістаў. Працуюць шматлікія аб’яднанні па інтарэсах інтэлектуальнага, дэкаратыўна-прыкладнога, мастацка-эстэтычнага, спартыўнага кірункаў. Актыўна дзейнічаюць клубы грамадзянскай і патрыятычнай накіраванасці, піянерская дружына, пярвічка БРСМ. І сёння гімназія па-ранейшаму вядзе новыя пакаленні вучняў да новых вяршынь. З 2007 па 2024 год 144 выпускнікі скончылі гімназію з залатым медалём, а на ЦТ і ЦЭ было атрымана 8 стабальных сертыфікатаў. Больш за 90 працэнтаў выпускнікоў штогод паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы. Настаўнікі і вучні разам ствараюць новыя старонкі школьнага летапісу. І колькі б гадоў ні было, тут, як заўсёды, звініць званок, ідзе настаўнік у клас… І запальвае іскрынкі цікавасці і дабра ў сэрцах вучняў, вядзе іх да новых адкрыццяў і здзяйсненняў.
Людміла КУРЫЛЬЧЫК
Фота прадастаўлены ўстановай