Школьны летапіс

У сучасным інфармацыйным грамадстве роля СМІ надзвычай высокая. Гэта ўлічваюць у сваёй рабоце і ўстановы адукацыі, якія арганізоўваюць выпуск школьных газет і тэлепрадукцыі. Многім вучням падабаецца займацца журналісцкай дзейнасцю.

Школьная газета — выдатны сродак патрыятычнага выхавання, фарміравання актыўнай грама­дзянскай пазіцыі, павышэння цікавасці да вучобы. Газета мадэлюе дарослае жыццё, ахоплівае дзяцей, розных па ўзросце і захапленнях, згуртоўвае калектыў, дапамагае нала­дзіць між­асобасныя зносіны. Школьныя СМІ адыгрываюць вялікую ролю ў жыцці падлеткаў, якія іх не толькі выпускаюць, але і чы­таюць, бо адчуваюць уласную значнасць і далучанасць да вырашэння школьных праблем.

У нашай установе выходзіць “Школьнае скрыжаванне”. У выпуску штомесячнай газеты задзейнічаны 15 вучняў 8—11 класаў. Яе змест — школьнае жыццё ў самым шырокім сэнсе. У кожным нумары можна знайсці цікавыя рэпартажы, якія расказваюць пра клопаты, агульныя радасці і непрыемнасці, сумненні і адкрыцці падлеткаў. Гэта своеасаблівы школьны летапіс.

У газеце шмат рубрык. Сярод іх — “Весткі з-пад парты” (пра захапленні школьнікаў), “Нашы акцыі” (інтэрв’ю, водгукі, меркаванні), “Урок-впрок” (пра сустрэчы з цікавымі людзьмі), “Вялікі перапынак” (крыжаванкі, загадкі, цікавыя факты), “Віншуем!”, “Спорт! Спорт!! Спорт!!!” (пра спартыўныя падзеі школы, дасягненні нашых спартсменаў).

На штотыднёвых пасяджэннях рэдкалегіі вучні вырашаюць, хто будзе займацца пэўнай рубрыкай. Дзеці спрабуюць сябе ў розных жанрах. Хтосьці спачатку бярэ інтэрв’ю, а потым рыхтуе фотарэпартаж.

Юныя журналісты актыўна супрацоўнічаюць з іншымі аб’яднаннямі па інтарэсах. Так, члены аб’яднання “Проба пяра” пішуць для газеты артыкулы. У падрыхтоўцы матэрыялаў дапамагаюць таксама атрад “Следапыты”, які дзейнічае пры школьным музеі баявой і працоўнай славы, і валанцёрскі атрад “Данка”. Наладжана ўзаемадзеянне з раённай газетай “Ляхавіцкі веснік”, што рэалізоўвае праект “Школьны дзённік”. Вучнёўскія нататкі часта з’яўляюцца на старонках “раёнкі”.

З улікам вялікай ролі сацыяльных сетак у жыцці падлеткаў быў створаны акаўнт у Instagram (www.instagram.com/gazeta.sch2/), які хутка набраў падпісчыкаў. У ім можна знайсці актуальныя навіны школьнага жыцця. Дзякуючы акаўнту, усё больш дзяцей імкнуцца паспрабаваць сябе ў журналісцкай справе.

Можна не сумнявацца, што юныя карэспандэнты стануць адказнымі людзьмі. Школьныя артыкулы ўздзейнічаюць на вучняў мацней, бо напісаны самімі пра сваё. Дзякуючы ім, дзеці вучацца любіць сям’ю, сяброў, школу, краіну.

Вольга ЛАНКУЦЬ,
кіраўнік клуба “Юны журналіст” сярэдняй школы № 2 Ляхавіч.