Школьны майстарград

- 10:50Суразмоўца

Новыя формы прафарыентацыйнай работы ў сталічнай адукацыі

З загадчыцай сектара прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Аленай Іванаўнай Чарных мы сустрэліся ў пачатку прыёмнай кампаніі ва ўстановы прафесійнай адукацыі, і да папярэдніх вынікаў яе яшчэ далёка. Таму размова была больш скіравана на тое, як падрыхтаваліся да прыёму сталічныя ўстановы прафесійнай адукацыі, як будзе арганізавана прафарыентацыйная работа школьнікаў у новым навучальным годзе і як ажыццёўлена аптымізацыя тэрмінаў навучання ў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

— Алена Іванаўна, ці змянілася сетка навучальных устаноў прафесійнай адукацыі ў сталіцы? Колькі ўстаноў гатовы прыняць новы склад навучэнцаў?

— На сённяшні дзень у Мінску функцыянуюць 22 установы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія падпарадкаваны камітэту па адукацыі Мінгарвыканкама. Сярод іх — 12 прафесійна-тэхнічных каледжаў, 7 прафесійных ліцэяў і 3 дзяржаўныя каледжы сярэдняй спецыяльнай адукацыі (Мінскі дзяржаўны каледж сферы абслугоўвання, Мінскі дзяржаўны каледж электронікі, Мінскі гарадскі педагагічны каледж).

Навучанне ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі ажыццяўляецца па такіх профілях адукацыі, як “Мастацтва і дызайн”, “Камунікацыі. Права, эканоміка, кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Тэхніка і тэхналогія”, “Архітэктура і будаўніцтва”, “Сельская і лясная гаспадарка, садова-паркавае будаўніцтва”, “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне”, “Служба бяспекі”. А на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі на аснове ПТА — па такіх профілях, як “Педагогіка”, “Мастацтва і дызайн”, “Камунікацыі. Права, эканоміка, кіраванне. Эканоміка і арганізацыя вытворчасці”, “Тэхніка і тэхналогія”, “Архітэктура і будаўніцтва”, “Грамадскае харчаванне. Бытавое абслугоўванне”, “Сацыяльная абарона”.

Кваліфікацыйная структура набору гэтага года, згодна з зацверджанымі кантрольнымі лічбамі прыёму, прадугледжвае падрыхтоўку навучэнцаў па 49 спецыяльнасцях узроўню ПТА, якія ўключаюць у сябе 112 кваліфікацый рабочых. А на ўзроўні ССА — падрыхтоўку па 27 спецыяльнасцях, якія ўключаюць 26 кваліфікацый.

— Як рэагуе сістэма прафесійнай адукацыі горада на змены на рынку працы, на патрэбы ў кадрах сталічных прадпрыемстваў і арганізацый?

— У адпаведнасці з запытамі рынку працы, з патрэбамі арганізацый — заказчыкаў кадраў кваліфікацыйная структура кадраў, якія рыхтуюцца, штогод карэкціруецца як у рамках кожнай асобнай установы адукацыі, так і ў рамках горада ў цэлым.

Напрыклад, у новым навучальным годзе мы плануем набор па новых для горада кваліфікацыях на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі: “памочнік машыніста электрацягніка” ў Мінскім дзяржаўным ПТК чыгуначнага транспарту; “каваль ручнога кавання” і “абліцоўшчык сінтэтычнымі матэрыяламі” ў Мінскім дзяржаўным ПТК дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва; “прыёмшчык заказаў (цырульніцкія паслугі)” у МДПТК лёгкай прамысловасці і бытавога абслугоўвання насельніцтва; “слесар-электрык па рамонце электраабсталявання” і “слесар па зборцы металаканструкцый” у МДПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ; “маляр (па метале)” у МДПЛ № 9 аўтамабілебудавання; “мантажнік каркасна-абшывачных канструкцый сухога будаўніцтва” (новая ў Рэспубліцы Беларусь) у МДПТК будаўнікоў, МДПЛ № 7 будаўніцтва, МДПЛ № 12 будаўніцтва.

Новыя спецыяльнасці будуць адкрыты ў дзвюх установах сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У Мінскім дзяржаўным каледжы сферы абслугоўвання пачнецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Сацыяльная работа”, у Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі — па спецыяльнасці “Візуальны мерчандайзінг”. Дарэчы, навучэнка гэтага каледжа Паліна Гурыновіч заняла 1-е месца ў гэтай прафесійнай кампетэнцыі на III Нацыянальным конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus — 2018.

— Ці ёсць спецыяльнасці, попыт на якія сёння адсутнічае на рынку працы?

— Ёсць такія, і па іх мы будзем прыпыняць падрыхтоўку. Гэта “Сакратар”, “Аператар дыфузійных працэсаў”, “Апаратчык хімічнай чысткі”, “Фатограф”, “Апаратчык шырокага профілю вытворчасці хіміка-фармацэўтычных прэпаратаў”, “Апаратчык ферментацыі прэпаратаў біясінтэзу”, “Дазіроўшчык медыцынскіх прэпаратаў”, “Машыніст крана аўтамабільнага”, “Машыніст крана (кранаўшчык) па кіраванні казловымі кранамі”, “Мантажнік вонкавых трубаправодаў”, “Машыніст аўтаматычных ліній па вырабе кніг”, “Ізаліроўшчык на тэрмаізаляцыі”, “Арматуршчык”.

— Як аптымізаваны тэрміны навучання ва ўстановах прафесійнай адукацыі горада?

— Штогод мы карэкціруем інтэграцыі кваліфікацый, тэрміны навучання на аснове агульнай базавай або агульнай сярэдняй адукацыі. Для груп новага набору скарочаны тэрміны атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі інтэграцыі кваліфікацый “памочнік машыніста цеплавоза”; “памочнік машыніста электравоза”; “слесар па рамонце рухомага саставу” на аснове агульнай базавай адукацыі — з 3 гадоў 5 месяцаў да 3 гадоў; для інтэграцыі кваліфікацый “слесар па рамонце рухомага саставу (рамонт вагонаў)”; “цягніковы электрамеханік” на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — з 2 гадоў да 1 года 8 месяцаў у Мінскім дзяржаўным ПТК чыгуначнага транспарту. А таксама для інтэграцыі кваліфікацый “машыніст крана (кранаўшчык) па кіраванні маставымі кранамі”; “стропальшчык” на аснове агульнай сярэдняй адукацыі — з 1 года 6 месяцаў да 1 года 3 месяцаў у Мінскім дзяржаўным ПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ.

Карэкціруецца таксама спектр падрыхтоўкі кадраў для асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. У новым навучальным годзе плануецца падрыхтоўка навучэнцаў з АПФР у 4 установах ПТА і ССА па 9 кваліфікацыях ПТА і 1 спецыяльнасці ССА, аналагічна набору мінулага навучальнага года.

— Якія крокі зроблены сталічнай адукацыяй у развіцці прафарыентацыйнай работы сярод школьнікаў?

— Мы пашырылі дапрафесійную і прафесійную падрыхтоўку школьнікаў сталіцы. Адпаведныя аддзяленні адкрыты ў 6 установах горада: у Мінскім дзяржаўным ПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ, Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 5 транспартнага будаўніцтва, Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі будаўніцтва № 12, Мінскім дзяржаўным прафесійным ліцэі № 14 дрэваапрацоўчай вытворчасці і транспартнага абслугоўвання, Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва імя М.А.Кедышкі, Мінскім дзяржаўным прафесійна-тэхнічным каледжы лёгкай прамысловасці і комплекснай лагістыкі.

У аддзяленні, створаным у Мінскім дзяржаўным ПТК мантажных і пад’ёмна-транспартных работ, арганізаваны майстар-класы па рабочых прафесіях для вучняў пачатковай школы. У такім раннім узросце дзеці лёгка вучацца, яны з цікавасцю паглынаюць новыя веды, асабліва калі яны гарманічна пераплятаюцца з практыкай і калі навучанне праходзіць відовішчна, у гульнявой форме. У аддзяленні каледжа адкрыта 5 майстэрань, дзе навучэнцы пачатковых класаў знаёмяцца з навыкамі такіх прафесій, як пекар, кветкавод, дэкаратар, афіцыянт, малодшая медыцынская сястра.

Ідэя прыцягваць дзяцей ранняга ўзросту да засваення першасных працоўных навыкаў, фарміраваць у іх жаданне рабіць штосьці сваімі рукамі была рэалізавана ў сталічнай адукацыі пад уплывам расійскага вопыту. Дырэктар каледжа А.І.Гота наведаў у Маскве дзіцячы горад майстроў, у якім на адной пляцоўцы размешчана мноства майстэрань па абслугоўванні насельніцтва і дзе функцыі персаналу вучацца выконваць дзеці. Узнікла жаданне і ў нас стварыць такі горад майстроў.

У час летніх канікул у аддзяленне мінскага каледжа прыходзяць дзеці са школьных лагераў. У будучыні плануецца пашырыць пералік прафесій, а таксама адкрыць цэнтр выхаднога дня, куды б маглі прыходзіць дзеці з бацькамі.

У сталічных УПТА і УССА дапрафесійная падрыхтоўка арганізавана для вучняў 8—9 класаў агульнаадукацыйных устаноў, а прафесійная — для 10—11 класаў. Адзінадцацікласнікі здаюць выпускны кваліфікацыйны экзамен з атрыманнем пасведчання аб прысваенні адпаведнага разраду. Работа ў гэтым кірунку будзе працягвацца і далей.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота аўтара.