Школьны музей прапануе

- 15:13Нам пішуць

Я памятаю, як у дзяцінстве мы любілі купляць паштоўкі і віншаваць сваіх родных, сяброў, аднакласнікаў. І, канечне, самі любілі атрымліваць віншаванні. Чамусьці ў памяці найбольш захаваліся тыя моманты, калі куплялі ў мясцовага паштальёна навагоднія паштоўкі, а пасля вечарамі падпісвалі іх, стараючыся прыдумаць розныя пажаданні. Сёння ж больш віншуюць па тэлефоне.

Як узнікла паштоўка, які быў яе выгляд, дапамагла даведацца кіраўнік школьнага музея Любоў Іванаўна Пляскач. У музеі праходзіць выстава “Навагодняя паштоўка”. Тут можна прачытаць невялікі гістарычны экскурс і паглядзець на ранейшыя паштоўкі, бо на выставе прадстаўлены паштоўкі пачынаючы з 1958 года. Кожны дзень падыходім мы да выставы, любуемся і разумеем, што ў кожнай з гэтых паштовак ёсць душа.

Любоў Іванаўна — чалавек творчы. Яна арганізавала выставу не толькі паштовак, але і мяккіх цацак — сабак. “Галасуем за сімвал Новага года” — так назвала выставу Любоў Іванаўна. Кожны прынёс свае любімыя цацкі, і кожны спадзяецца, што менавіта яго сабачка пераможа ў адной з намінацыі: “Волат”, “Самы-самы-самы”, “Кроха”. Штодзень выхаванцы дзіцячага сада, пачаткоўцы, старшакласнікі, настаўнікі любуюцца выставай і галасуюць за сабачку, які найбольш спадабаўся.

Людміла ТАРАСЕВІЧ,
дырэктар Ярэміцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы
Карэліцкага раёна Гродзенскай вобласці.