Школьны музей як феномен культуры і адукацыі

- 11:23Навіны рэгіёнаў

Школьныя музеі Гомеля прадставілілі сваю дзейнасць у Бранску на адкрытым фестывалі музеяў і музейных пакояў адукацыйных устаноў “Сувязь часоў, традыцый, пакаленняў”, прысвечаным 1030-годдзю ўтварэння Бранска і 70-годдзю перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Гомельскую дэлегацыю ўзначальвалі намеснік старшыні Гомельскага абласнога аддзялення Беларускага фонду міру Уладзімір Восараў і загадчык аддзела турызму і краязнаўства шматпрофільнага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Гомеля Людміла Прыскока. Гомельскі цэнтр даўно наладзіў супрацоўніцтва з бранскімі калегамі — Цэнтрам дзіцяча-юнацкага турызму і экскурсій Бранска, і сёлета гамяльчане ўжо трэці раз сталі гасцямі традыцыйнага мерапрыемства расійскага абласнога цэнтра. Калі ў мінулым годзе наша дэлегацыя налічвала сем чалавек, то ў гэтым іх колькасць павялічылася амаль да трыццаці.
Удзел у бранскім фестывалі прынялі чатыры лепшыя музеі гомельскіх школ №№ 1, 43, 25 і 27: музей хлеба, этнаграфічны музей “Беларуская хата”, музей баявой славы і музей міру. Усяго ж у гарадскіх школах Гомеля створана каля 30 музеяў ці музейных пакояў.
Школьны музей можна аднесці да аднаго з феноменаў айчыннай культуры і адукацыі. Такі музей мае асаблівы ўплыў на дзяцей, паколькі яны не проста яго наведвальнікі. Як правіла, вучні становяцца яго супрацоўнікамі, займаючыся пошукава-збіральніцкай працай, вывучэннем прыродных працэсаў і з’яў, ходзяць у паходы па родным краі і г.д. Акрамя таго, удзел у музейнай справе дапамагае дзецям атрымаць навыкі прамоўніцкага майстэрства, бо яны самі нярэдка выступаюць у ролі экскурсаводаў. Іншымі словамі, навучэнец у гэтым выпадку выступае не як спажывец прадукту музейнай дзейнасці, а як актыўны яго стваральнік.
— Выступленні нашых юнакоў і дзяўчат на фестывалі ў Бранску паказалі, што школьныя музеі не з’яўляюцца простым зборам калекцыі экспанатаў, — дзеліцца думкай Людміла Прыскока. — Сёння музеі разглядаюцца як эфектыўны сродак далучэння школьнікаў да даследчай работы, павышэння вучэбнага працэсу, пашырэння ведаў, атрыманых на ўроку.
Мабыць, таму і ў многіх настаўнікаў ёсць зацікаўленасць у стварэнні школьнага музея, тым больш што праца музейных работнікаў (а ў іх ролі выступаюць настаўнікі, педагогі дадатковай адукацыі, бібліятэкары) на Гомельшчыне не застаецца незаўважанай. У абласным цэнтры, напрыклад, лепшых захавальнікаў гісторыі аддзел турызму і краязнаўства шматпрофільнага цэнтра і абласное аддзяленне фонду міру ўзнагароджваюць нагруднымі значкамі “Захавальнік памяці”.
Удзел у фестывалі для гомельскіх школьнікаў не абмяжоўваўся толькі прэзентацыяй школьных музеяў. Разам са сваімі педагогамі і іх бранскімі калегамі навучэнцы наведалі мемарыяльныя комплексы “Хацунь” і “Партызанская паляна”. А дарослыя абмеркавалі далейшае супрацоўніцтва ў рамках сумесных культурных праектаў.

Наталля ЛУТЧАНКА.