Школьны музей — захавальнік гісторыі

Законы фізікі кажуць пра тое, што ў часу няма ні будучыні, ні мінулага. Але ці так гэта? У школьным музеі я знайшла адказ на гэтае адвечнае пытанне.

Музейны пакой сярэдняй школы № 2 Чачэрска быў заснаваны ў 1982 годзе настаўнікам гісторыі Аркадзем Дворкіным. Менавіта ён прынёс першыя экспанаты ў тады яшчэ невялікі музейны пакой. Навучэнцы школы і жыхары горада дзяліліся сваімі знаходкамі, якія пазней таксама сталі экспанатамі. У 1980-х гадах там ужо былі косткі маманта, старадаўнія прасы і многа чаго яшчэ.

У 1991 годзе музейны пакой быў пераабсталяваны і ў ім з’явіліся новыя экспанаты: калекцыя старадаўніх манет, беларускія нацыянальныя гарнітуры. У гэты перыяд Аркадзь Дворкін пачаў весці летапіс горада, які істотна дапамог пры напісанні першай кнігі “Па­мяць” горада Чачэрска.

Вялікая ўвага ў музеі была адведзена захаваным помнікам архітэктуры XVIII стагоддзя: будынкам Ратушы, Спаса-Праабражэнскай царк­вы, сядзібе графа Чарнышова-Круглікава. Карціны гэтых помнікаў архітэктуры былі напісаны спецыяльна для музея навучэнцам школы Андрэем Кутышэнкам.

Каб увекавечыць памяць пра тых, хто вучыўся і працаваў у нашай школе, у 2008 го­дзе музейны пакой набыў назву “Гісторыя нашага горада — гісторыя школы”. Настаўнікам і навучэнцам прысвечаны Летапіс школы, Кніга Пашаны, якія захоўваюць успаміны і мноства фатаграфій.

Музейны пакой увесь час папаўняецца экспанатамі. Ён дапамагае захаваць памяць і пра падзеі Вялікай Айчыннай вайны. Засталося мала яе відавочцаў, і нашым унукам пра гэты перыяд гісторыі ўжо будуць расказваць нашы дзеці па ўспамінах, якія мы захаваем і пакінем для іх.

Асобны аддзел у музеі прысвечаны Героям Савецкага Саюза, народжаным у Гомельскай вобласці. Выхадцамі Чачэрскага раёна з’яўляюцца Ціт Парфёнавіч Новікаў, Мікіта Конанавіч Круглікаў, Аляксей Афанасьевіч Філіпенка, Мікалай Сафронавіч Байкоў, Рыгор Падабедаў. У музейным пакоі выстаўлены экспанаты часоў Вялікай Айчыннай вайны: гільзы, ваенныя запчасткі, частка мінамёта, асколак авіябомбы і г.д.

Асаблівую каштоў­насць уяўляе перапіска навучэнцаў школы з ветэранамі 169-й Рагачоўскай стралковай дывізіі, якая ўдзельнічала ў вызваленні Чачэрска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Ветэранаў ужо няма ў жывых, але матэрыял, які атрымалася захаваць, змяшчае часцінку гісторыі той далёкай і страшнай вайны. Таксама ў музеі ёсць стэнд, прысвечаны ордэнам і медалям Вялікай Айчыннай вайны. Навучэнцы і наведвальнікі з цікавасцю знаёмяцца з баявымі ўзнагародамі — помнікам нашай ваеннай гісторыі, напамінам пра славутыя старонкі барацьбы з ворагамі Айчыны.

Гісторыя — гэта чалавечая памяць. Яна ніколі нічога не забывае — ні добрага, ні дрэннага. Усё ў яе на ўліку. Што нам пакінулі папярэднія пакаленні? Што мы пакінем сваім нашчадкам? Наш музейны пакой — гэта спосаб убачыць мінулае і захаваць яго для будучыні.

Аляксандра НОВІКАВА,
выхавальніца сярэдняй школы № 2 Чачэрска.