Школьны, народны

- 10:11Адукацыйная прастора

ІІІ злёт народных музеяў Гродзенскай вобласці сабраў прадстаўнікоў 24 устаноў адукацыі. Менавіта столькі народных музеяў існуе на Гродзеншчыне.

Вучань Крэўскага ясляў-сада — сярэдняй школы Смаргонскага раёна Сяргей Смолік не проста экскурсавод народнага музея, а пераможца двух рэспубліканскіх конкурсаў юных экскурсаводаў. Тады ён прадстаўляў праграмы, прысвечаныя Першай сусветнай вайне і жыватворным крыніцам Беларусі. На гэты раз Сяргей разам са сваімі сябрамі і настаўнікам гісторыі Міхаілам Анатольевічам Міхалькевічам падрыхтаваў прэзентацыю “Ля сцен Крэўскага замка”. Такі выбар прадстаўлення невыпадковы — тэмай злёту было выбрана Сярэдневякоўе. Працягнулі аповед пад агульным дэвізам “За сівой заслонай часу” вучні школ, якія працавалі ў раздзелах, прысвечаных гісторыі краю тых далёкіх часоў: Гальшанскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна, Любчанскай сярэдняй школы Навагрудскага раёна, сярэдняй школы г.п.Мір Карэліцкага раёна і Лунненскай сярэдняй школы імя Героя Савецкага Саюза Івана Шарамета Мастоўскага раёна.Як адзначыла загадчык аддзела краязнаўства Гродзенскага абласнога цэнтра турызму і краязнаўства Іна Уладзіміраўна Міцкевіч, школьныя музеі — гэта месца пазнання гісторыі свайго краю і грамадзянска-выхаваўчай работы. Тут вядзецца даследчая работа, пастаянна знаходзяцца новыя метады работы, у тым ліку і з дзяржаўнымі музейнымі ўстановамі. Так, вучні Гальшанскай школы кожнае лета ўдзельнічаюць у раскопках і папаўняюць фонды новымі экспанатамі. Наведвальнікі прыязджаюць сюды не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы.
Аб даследчай дзейнасці і ўдзеле ў міжнародным праекце, рэалізацыя якога дазволіла стварыць незвычайную экспазіцыю “Музей валуноў”, расказаў кіраўнік народнага музея Радунскай гімназіі Воранаўскага раёна Іван Іванавіч Фясенка.
Удзельнікі злёту пабывалі ў народным гісторыка-краязнаўчым музеі Бердаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Лідскага раёна. Тут сабрана багатая экспазіцыя, якая налічвае больш за тры тысячы экспанатаў. Экскурсію па шасці залах экспазіцыі, якая размясцілася на плошчы 145 квадратных метраў, правялі юныя экскурсаводы і дырэктар навучальнай установы Анатоль Леанідавіч Крупа.
Першы злёт адбыўся ў 2011 годзе ў Крэве, удзел у ім прынялі тады прадстаўнікі 15 устаноў. За гэты час колькасць народных школьных музеяў у Гродзенскай вобласці значна павялічылася. Сертыфікаты аб прысваенні звання “народны” на злёце былі ўручаны прадстаўнікам пяці навучальных устаноў вобласці. У гэтым спісе ўпершыню з’явілася і прафесійна-тэхнічная ўстанова: званне народнага атрымаў музей баявой і працоўнай славы Гродзенскага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва.
Удзельнікаў злёту гасцінна прымаў Лідскі гісторыка-мастацкі музей, дзе школьнікі азнаёміліся з багатымі і цікавымі экспазіцыямі. А завяршылася праграма ў старажытным Лідскім замку, дзе была прадстаўлена тэатралізаваная праграма “Карона Вітаўта”. Школьнікі былі не проста гледачамі, яны змаглі вывучыць сярэдневяковыя танцы і нават паспрабаваць моц рыцарскіх мячоў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.