Школьны прэс-цэнтр: фарміруем актыўную асобу!

- 12:15Выхаванне

Грамадству неабходны актыўныя маладыя людзі, якія змогуць вырашаць новыя эканамічныя, палітычныя, культурныя задачы. Мэта школы — выхаваць сацыяльна сталых людзей, якія адказна выконваюць грамадскія абавязкі, эфектыўна карыстаюцца грамадзянскімі правамі, актыўна і ўпэўнена праяўляюць сваё “Я”.

У Правамастоўскай сярэдняй школе Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці ў гэтым кірунку працуюць не толькі дзіцячыя і маладзёжныя арганізацыі БРПА і БРСМ, але і школьны прэс-цэнтр. Стварэнне газеты “Школьная краіна” паспрыяла фарміраванню жыццёвай пазіцыі і ў маладых журналістаў, і ў іх чытачоў.

Стварэнне газеты варта пачаць з прынцыповых, стратэгічных пытанняў: вызначыць цікавы чытачу змест і падабраць для яго форму — асобныя рубрыкі, ацаніць змест і рэсурсы прэс-цэнтра і ўстанавіць перыядычнасць, вызначыць структуру рэдакцыі і дакладна размеркаваць абавязкі.

У гэтым працэсе мы задзейнічалі не толькі прэс-цэнтр, піянераў і членаў першаснай арганізацыі БРСМ, але і педагогаў, адміністрацыю школы, якая забяспечыла матэрыяльна-тэхнічную базу — яшчэ адзін важны фактар пры падрыхтоўцы газеты.

Нашай задачай было прапанаваць навучэнцам цікавую інфармацыю са сваім поглядам на тэму. Школьнае выданне адрозніваюць цесныя сувязі з чытачом, таму мы хацелі зрабіць газету блізкай, сяброўскай, каб нам давяралі і звярталіся са сваімі праблемамі і прапановамі.

Педагогі, якія працуюць у складзе рэдакцыі газеты (педагог-арганізатар, настаўнік інфарматыкі, настаўнік рускай мовы і літаратуры), арганізавалі ў прэс-цэнтры школу юнкараў. Для навучання і развіцця творчых здольнасцей мы выкарыстоўваем праграмы аб’яднанняў па інтарэсах “Юны журналіст” і “Сучасныя інфармацыйныя тэхналогіі”. -Праводзім тэарэтычныя заняткі, семінары, практыкумы і імкнёмся, каб члены рэдакцыі самі сталі завадатарамі, арганізатарамі і ўдзельнікамі тых спраў, пра якія расказвае газета.

Для выдання ўласнай газеты мы сабралі рэдакцыю і размеркавалі абавязкі паміж зацікаўленымі вучнямі ў залежнасці ад іх навыкаў і захапленняў. За змест нумара і яго выхад адказваюць галоўны рэдактар і намеснік. Сектары апрацоўкі тэкставай і фота-, відэаінфармацыі рыхтуюць матэрыял у адпаведнасці з запланаваным зместам. Ім дапамагае інфармацыйны сектар, які таксама арганізоўвае ўдзел журналістаў у конкурсах, праводзіць мерапрыемствы для чытачоў. За макетаванне і выданне газеты і яе электронную версію адказвае выдавецкі сектар.

Газета выходзіць штомесяц, таму пасяджэнні рэдакцыі праходзяць кожны тыдзень. На першым абмяркоўваюцца вынікі мінулага выпуску, вызначаюцца змест і рубрыкі наступнага, раздаюцца заданні карэспандэнтам. На другі сход аўтары прыносяць нататкі, справаздачы, інтэрв’ю, аналізуюць свае матэрыялы, супастаўляюць іх з макетам, прапанаваным выдавецкім сектарам. У выніку адбіраюцца журналісцкія артыкулы для нумара, частка застаецца ў рэзерве. На трэцяй сустрэчы фатографы падбіраюць найбольш якасныя і змястоўныя здымкі, якія падыходзяць да тэкставага матэрыялу. Адабраныя фатаграфіі пераносяцца ў агульную базу для вёрсткі. Нарэшце, перад выхадам газеты ўсе “супрацоўнікі” збіраюцца яшчэ раз, каб ацаніць і адрэдагаваць свежы нумар.

Прэс-цэнтр рэалізоўвае права навучэнцаў на свабоду меркаванняў, свабоду слова, раўнапраўе, самасцвярджэнне, развівае адказнасць, наладжвае ўзаемадзеянне дарослых і дзяцей. Юнкары адзначаюць, што прэс-цэнтр дапамагае арганізоўваць вольны час і развіваць уласныя ідэі, матывуе на вучобу. Настаўнікі заўважаюць, што дзеці вучацца працаваць з рознымі крыніцамі інфармацыі, больш свядома разважаюць пра выбар будучай прафесіі. Школьнікі ўжо прымералі на сябе ролі паэтаў, празаікаў, журналістаў, фатографаў, мастакоў-афарміцеляў, вэб-дызайнераў, паспрабавалі кіраваць і працаваць у камандзе, падпарадкоўвацца працоўнай дысцыпліне калектыву і, калі браць больш агульна, суадносіць асабістыя інтарэсы з грамадскімі. Такім чынам, нашы навучэнцы атрымліваюць неабходныя ў дарослым жыцці камунікатыўныя навыкі, развіваюць партнёрскія і лідарскія якасці.

З цягам часу актыўнасць, адказнасць, зацікаўленасць юных карэспандэнтаў толькі расце. Акрамя газеты “Школьная краіна”, па ініцыятыве навучэнцаў і педагогаў пачалі выходзіць і розныя дадаткi. Шэфскія арганізацыі МРУСП “Мастаўчанка”, ПК “Мастоўскае райсельэнерга” зацікавіліся газетай і прапанавалі прэміі нашым карэспандэнтам напрыканцы года. Многія школьнікі пайшлі далей і сталі дыпламантамі і пераможцамі конкурсаў друкаваных выданняў і відэафільмаў, публікуюць уласныя матэрыялы ў раённых і рэспубліканскіх выданнях.

Галіна ДРАВІЦА,
педагог-арганізатар Правамастоўскай сярэдняй школы
Мастоўскага раёна Гродзенскай вобласці.