“Школьны прывал” сабраў турыстаў

Яны прэзентавалі сябе і змагаліся за званне самых крэатыўных, спаборнічалі ў турыстычных конкурсах і імкнуліся ўтрымаць мінулагоднія пазіцыі, былі даследчыкамі, следапытамі, аналітыкамі і нават рэжысёрамі. І ўсё гэта, каб годна прадставіць сваю школу ў традыцыйным раённым піянерскім турыстычным злёце “Школьны прывал”.

У гэтым годзе дзіцячы летнік “Ластаўка” гасцінна сустракаў дзевяць каманд-удзельніц: “Дзеці атама” — гімназіі № 1, “Шукальнікі навукі” — сярэдняй школы № 1, “Стылягі” — сярэдняй школы № 2, “Вышыванка” — Альхоўскай сярэдняй школы, “GOOD-турысты” — Гудагайскай сярэдняй школы, “№3283QА10” — Спондаўскага ВПК, “Улёт” — Варнянскага ВПК, “Экстрым” — Рымдзюнскай сярэдняй школы з літоўскай мовай навучання і “Піраты” — Міхалішкаўскай сярэдняй школы.

Выпрабаванні канкурсантам арганізатары — аддзел адукацыі, спорту і турызму і Астравецкі цэнтр творчасці дзяцей і моладзі — зладзілі яшчэ да пачатку злёту.

Перш чым трапіць на самую відовішчную частку спаборніцтваў, каманды павінны былі зняць “Піянерскі калейдаскоп” — відэаролік пра дзейнасць піянерскай дружыны школы. Гэта быў завочны конкурс. Таму і першыя прызавыя месцы вызначыліся да злёту. Самыя цікавыя і змястоўныя сюжэты атрымаліся ў альхоўцаў, спондаўцаў, гудагайцаў і астраўчан з сярэдняй школы № 2.

Сустрэча на турыстычнай пляцоўцы пачалася са знаёмства — “Белтурыст” стаў першым вочным конкурсам. “Дзеці атама” запрасілі журы ў навукова-даследчую лабараторыю, дзе дэманстравалі розныя доследы. “Улёт” распавёў, якую прафесію можна абраць, калі не атрымаецца пайсці ў вучоныя. Каманда з незвычайнай назвай “№3283QА10” поўнасцю апраўдала яе — гэта былі іншапланецяне, “талерка” якіх прызямлілася ў Дайноўцы і адразу ж прыцягнула ўвагу ўдзельнікаў цікавымі касцюмамі, дэкарацыямі і самапрэзентацыяй. “GOOD-турысты” паказалі, як збіраліся на турыстычны злёт. Менавіта гэтыя чатыры каманды і заваявалі сімпатыю журы, стаўшы пераможцамі.

Пасля “знаёмства” канкурсантаў чакала турыстычная эстафета “Трыумф”. І сапраўды, дасягнуўшы вяршыні на гэтым этапе, можна было называць сябе трыумфатарамі ў поўным сэнсе гэтага слова. Бо тут, у адрозненне ад іншых конкурсаў, каб перамагчы, трэба было прадэманстраваць не тое, што прыдумалі ці загадзя адрэпеціравалі, а фізічныя здольнасці, вытрымку, зладжанасць дзеянняў і ўзаемападтрымку. Устаноўку палаткі, пераправу па бервяне, “мышалоўку”, “маятнік”, распальванне кастра і медыцынскі блок прайшлі за мінімальны час і з найменшай колькасцю памылак. Дарэчы, як і ў мінулым годзе, спондаўцы, другі вынік паказалі “навукоўцы” з сярэдняй школы № 2, трэцімі прыйшлі на фініш гімназісты.

“Загадка прывалу” чакала турыстаў у лясным масіве. Ім спачатку трэба было разгадаць рэбус, у якім зашыфравана месца з “загадкай”, знасці яе, адгадаць і як мага хутчэй вярнуцца на стартавы пункт. Самымі спрытнымі і кемлівымі аказаліся “экстрэмалы” з Рымдзюн, за імі — астравецкія “Шукальнікі навукі”. Замкнулі тройку “ўлётныя” варнянцы.

І апошні, як і першыя два, конкурс турзлёту быў творчым. Пазітыўны настрой яшчэ нікому не зашкодзіць — вырашылі арганізатары, а можа, каму і дапаможа зарабіць рашаючае ачко. “Будучыня за табой” — так называўся гэты этап. І панеслася: песні, танцы, флэш-мобы, каляровыя шоу, касцюміраваная вандроўка ў мінулае — чаго толькі не прыдумалі маладыя і таленавітыя, каб здзівіць сапернікаў і журы! Лепш за ўсіх гэта атрымалася ў “Стыляг” з сярэдняй школы № 2 — яны ўтрымліваюць планку крэатыўнасці трэці год запар, каманд “№3283QА10” са Спондаў і “Дзеці атама” з гімназіі.

Па выніках усіх этапаў турзлёту 1-е месца заняла каманда з незвычайнай і складанай назвай “№3283QА10”. 2-е месца падзялілі “Шукальнікі навукі” і “GOOD-турысты”. На трэцюю прыступку сталі “Стылягі”.

Маргарыта КАЧАН,
метадыст Астравецкага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі.
Фота Аляксандры ЮРЧЫК.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *