Школьны раманс

Псіхолагі да гэтага часу спрачаюцца на тэму “Ці варта працаваць разам мужу і жонцы?”. Большасць з іх даюць адмоўны адказ. Але нядаўна прачытала мудрае, на мой погляд, меркаванне: “Два чалавекі з моцнымі асабістымі межамі, якія могуць падзяліць зоны адказнасці, выдатна спрацуюцца. Калі партнёры прызнаюць безумоўную кампетэнцыю адно аднаго, у іх ёсць усе шансы працаваць разам без шкоды для адносін. Нават калі  муж — начальнік, а жонка — ніжэйшая рангам”.

Такіх пар можна сустрэць нямала. Напрыклад, маладыя педагогі Дзмітрый і Ганна Ярмолічы пазнаёміліся, калі былі студэнтамі БДПУ імя Максіма Танка. Разам вучыліся ў адной групе, але да 4 курса іх адносіны былі сяброўскія.

Іскра паміж маладымі людзьмі ўспых­нула ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Загор’е”, куды практычна ўся група прыехала на педагагічную практыку. Актыўная, паспяховая студэнтка Аня была старастай над важатымі — складала план работы, кантралявала працэс, збірала інфармацыю. А адзінаму хлопцу даверылі спецатрад, які займаўся па спецпраграме. Гэта былі дзеці, якія ўжо прайшлі “школу жыцця” — стаялі на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, знаходзіліся ў СНС. Аня і Дзіма сталі больш часта мець зносіны па рабоце. “У Дзіме я ўбачыла спагадлівасць, далікатнасць, ветлівасць, джэнтльменскую галантнасць. Прапусціць дзяўчыну ўперад, падаць руку, выходзячы з транспарту, — здаецца, дробязі, але яны пра многае кажуць”, — успамінае Ганна.

“Незвычайная”, — праз гады называе жонку Дзмітрый. На філфаках, як вядома, канкурэнцыя сярод дзяўчат вялікая. Але, верагодна, менавіта гэтая якасць вытрымала б любую канкурэнцыю…

Пасля ўніверсітэта маладая сям’я засталася ў сталіцы. Ганна пайшла ў школу — трэба было адпрацаваць абавязковыя два гады. Дзмітрый, маючы на руках свабодны дыплом, пайшоў у бізнес па продажах. “Не ўсё так проста ў гэтым бізнесе, — усміхаецца мой субяседнік. — Нялёгкі хлеб. Паспытаўшы яго, магу сказаць: пасля педагагічнай УВА ў школе не жадаюць працаваць тыя маладыя людзі, якія не працавалі нідзе. Калі паспрабаваў сябе ў іншых сферах і, у рэшце рэшт, прыйшоў у школу, то зразумеў, што тут працаваць значна цікавей, камфортней і ў матэрыяльным плане ўсё ў парадку”.

У 2016 годзе, калі Ярмолічы даведаліся, што ў іх будзе дзіця, вырашылі, што ў сталіцы ім будзе значна складаней, чым у невялікім горадзе. Таму паехалі на радзіму мужа, у Смаргонь. Ганна нарадзіла дзіця, а Дзмітрый яшчэ год не адважваўся пайсці ў школу. Потым уладкаваўся ў школу ў аграгарадку Войстам, праз два месяцы яму прапанавалі пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце, а крыху пазней стаў адказваць і за вучэбную частку. Восенню 2019 года Дзмітрый пайшоў працаваць у астравецкую сярэднюю школу № 1, таксама намеснікам дырэктара, увесь навучальны год ад’ездзілі з жонкай у суседні райцэнтр са Смаргоні. А ў канцы навучальнага года Дзмітрыю прапанавалі ўзначаліць Сінькаўскі яслі-сад — сярэднюю школу, і малады педагог згадзіўся. Месца для жонкі ў школе таксама знайшлося.

Зараз Дзмітрый Андрэевіч узначальвае калектыў з 48 чалавек, 27 з іх — педагогі.

“Нас тут усё задавальняе, — удакладняе Ганна Аляксандраўна. — Ведаеце, як дзеці зараджаюць станоўчай энергіяй! Калі я паступала ў педагагічную УВА, то, шчыра кажучы, не вельмі ўяўляла сябе педагогам — хутчэй, перакладчыкам. Многія нашы аднакурснікі пасля адпрацоўкі пайшлі ў іншыя сферы — нехта ў ІТ, хтосьці манікюр робіць… Але я для сябе вырашыла: калі ў цябе дыплом педагога, то лепш ісці ў школу. Не трэба гэтага баяцца”.

“Так! Не трэба, — пацвярджае думку жонкі малады дырэктар. — У школе можна і развівацца, і грошы зарабляць. Для сябе мы тут бачым заўтрашні дзень. А гэта вельмі важна для любога маладога чалавека”.

Галіна АНТОНАВА.
Фота аўтара.