Школьны сад на арганічны лад

- 11:22Выхаванне

У Смалявіцкім раёне прайшла Рэспубліканская канферэнцыя “Прышкольны ўчастак як эфектыўная форма папулярызацыі арганічнага земляробства”. На два дні інавацыйныя формы работы на зямлі сталі агульнай тэмай для дзясяткаў кіраўнікоў і педагогаў устаноў агульнай сярэдняй і дадатковай адукацыі экалагічнага профілю з усёй краіны, загадчыкаў прышкольных участкаў, супрацоўнікаў навуковых інстытутаў, экспертаў па арганічным земляробстве і спецыялістаў у галіне аднаўляльнай энергетыкі.

Выхоўваючы павагу да зямлі

Арганізатарам маштабнай двухдзённай сустрэчы выступіла грамадская арганізацыя “Беларускі зялёны крыж”. Канферэнцыя стала выніковым мерапрыемствам яе пілотнай ініцыятывы “Стварэнне сеткі інавацыйна-дэманстрацыйных пляцовак па земляробстве і арганічнай сельскай гаспадарцы для прасоўвання ўстойлівага землекарыстання, папулярызацыі сельскагаспадарчай працы сярод моладзі, паляпшэння харчавання школьнікаў і атрымання даходаў сельскімі школамі ў межах праекта “Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да зялёнай эканомікі”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН.

Тэмамі канферэнцыі сталі перспектывы развіцця арганічнага земляробства на прышкольных участках, роля прышкольных участкаў у экалагічнай адукацыі школьнікаў і мясцовага насельніцтва, сучасныя сусветныя падыходы да землекарыстання, перспектывы выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі на прышкольных участках, асаблівасці функцыянавання і магчымасці выкарыстання сучаснай энергаэфектыўнай круглагадовай цяпліцы — біявегетарыя.

На адкрыцці канферэнцыі галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Смалявіцкага райвыканкама Ірына Сульжыч адзначыла важнасць ініцыятывы для развіцця рэгіёна, для рэалізацыі канцэпцыі бесперапыннага выхавання школьнікаў і выказала спадзяванні, што ідэі арганічнага земляробства будуць укараняцца, а выхаванне падрастаючага пакалення будзе абавязкова будавацца на зялёных прынцыпах.

Юлія Жукоўская, каардынатар ініцыятывы, спецыяліст грамадскага аб’яднання “Беларускі зялёны крыж”, адзначыла: “Мы не сцвярджаем, што наша арганізацыя выканала ўсё, што патрэбна ў кірунку прасоўвання зялёнай эканомікі, але пэўныя крокі мы ўжо зрабілі. І я спадзяюся, што мы знойдзем партнёраў для будучай работы сярод школ, бо планы ў гэтым кірунку ў нас вялікія”.

Спецыялісты арганізацыі пастараліся зняць некаторыя цяжкасці для далучэння школьнікаў да арганічнага земляробства: адсутнасць сістэмы навучання як фармальнай, так і нефармальнай адукацыі ў гэтай галіне, адсутнасць дэманстрацыйных участкаў, на якіх бы дзейнічалі сістэмы арганічнага земляробства. Адсутнічаюць і дакладныя тэхналогіі вырошчвання культур арганічнымі метадамі.

Каб рухацца далей у намечаным кірунку, удзельнікам канферэнцыі была прэзентавана вучэбная праграма заняткаў па інтарэсах “Агратэхніка прыроднага земляробства для школьнікаў”, якая была распрацавана спецыялістамі арганізацыі “Зялёны крыж”, узгоднена з аддзелам адукацыі, спорту і турызму Смалявіцкага райвыканкама і ўжо была апрабавана школамі Смалявіцкага раёна. У праграму ўвайшлі такія курсы: “Агратэхніка прыроднага земляробства для школьнікаў”, “Кампасціраванне на прышкольным участку”, “Чароўная градка: ад ідэі да ўраджаю”, “Асновы пермакультуры для школьнікаў”, “Самаробныя прыстасаванні для прыроднага земляробства на прышкольным участку”, “Арганізацыя навукова-даследчай дзейнасці на прышкольным участку”. Усе праграмы можна знайсці на сайце арганізацыі.

“Усе чуюць і ведаюць, што арганічная сельская гаспадарка — перспектыўная, але паглядзець яе на справе няма дзе, — зазначыў у сваім выступленні Уладзімір Пусташыла, кансультант па ўстойлівым развіцці “Зялёнага крыжа”. — Як ацаніць вынікі апрабавання гэтых метадаў? Як даведацца, ці працуюць яны? У чым цяжкасці пераходу ад тэорыі да практыкі? Запоўніць гэтыя прабелы, вырасціць экалагічна чыстую прадукцыю, папулярызаваць і апрабаваць усе даступныя метады — задача сеткі інавацыйна-дэманстрацыйных пляцовак па арганічным земляробстве”.

Выступоўца падрабязна расказаў прысутным пра агратэхнічныя прыёмы, якія прымяняюцца на ўсіх трох пляцоўках, мульчыраванне, кампасціраванне, вермікампасціраванне, прымяненне сідэратаў і зялёных угнаенняў, севазварот, перавагі добрасуседства раслін, расказаў аб сістэмах аўтаматызацыі паліву, а таксама аб асаблівасцях функцыянавання і перспектывы выкарыстання біявегетарыя — сучаснай энергаэфектыўнай круглагадовай цяпліцы. Эксперты расказалі пра тэхналогіі кампасціравання і вермікампасціравання, паказалі ўзоры гатовага кампосту, біягумусу і вермічаю. Былі прадстаўлены вынікі сеткавага палявога эксперымента па ўжыванні вадкіх зялёных угнаенняў, удзел у якім прынялі 7 устаноў адукацыі Мінскай вобласці.

Пра свае спробы прымяніць зялёныя тэхналогіі расказалі педагогі школ. Так, пра ініцыятыву “Сад на месцы пусткі” расказала яе каардынатар Надзея Лебедзева, настаўніца пачатковых класаў Руднецеляшоўскай базавай школы Гомельскага раёна. Дзякуючы намаганням педагогаў і ўсіх 23 вучняў школы, на прышкольным участку вясной гэтага года быў закладзены арганічны фруктовы сад з 400 яблынь, груш, сліў і абрыкосаў.

У сярэдняй школе № 2 Талачына летась таксама быў закладзены яблыневы сад, наліваецца першы ўраджай парэчак (іх тут 40 кустоў), будзе магчымасць у дзяцей паласавацца і вінаградам.

Сярэдняя школы № 16 Оршы спецыялізуецца на вырошчванні дэкаратыўных і прыгожа квітнеючых кустоў. Восенню школьнікі разам з настаўнікам працоўнага навучання В.А.Роткіным закладуць гадавальнік, у якім будуць вырошчваць расліны для азелянення гарадскога парку.

Аляксандр Чачоткін, дырэктар інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі (Горкі), і Тамара Нікановіч, дацэнт кафедры сельскагаспадарчай біятэхналогіі і экалогіі акадэміі, расказалі пра намаганні павысіць дасведчанасць у арганічным кірунку сярод спецыялістаў. На базе акадэміі штогод праводзяцца семінары па экалагічнай адукацыі, а таксама курсы павышэння кваліфікацыі для выкладчыкаў вышэйшых, сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і настаўнікаў школ. У лістападзе 2016 года на базе акадэміі прайшла Міжнародная канферэнцыя па арганічнай сельскай гаспадарцы. Хутка выйдзе ў свет практычны дапаможнік па арганічнай сельскай гаспадарцы, аўтарамі якога сталі выкладчыкі акадэміі.

Зялёныя прынцыпы на справе

На другі дзень канферэнцыі яе ўдзельнікі змаглі на свае вочы ўбачыць, як працуюць на зямлі ўсе арганічныя метады, падчас экскурсій на інавацыйна-дэманстрацыйныя пляцоўкі, створаныя на базе адукацыйнага цэнтра грамадскага аб’яднання “Беларускі зялёны крыж” і партнёраў ініцыятывы — Воратаўскай сярэдняй школы і Драчкаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Ягаднікі, агароды, фруктовыя сады, парнікі з мульчой і кропельным палівам, кампасціраванне, вермікампасціраванне — усё тут створана па арганічных прынцыпах, галоўны з якіх — павялічыць ураджай, палепшыць яго якасць і пры гэтым максімальна зменшыць фізічную працу. Уразіў усіх і двухпавярховы біявегетарый адукацыйнага цэнтра “Беларускага зялёнага крыжа”: круглы год тут утульна адчуваюць сябе, цвітуць, пахнуць і адорваюць нетрадыцыйным для Беларусі ўраджаем сотні відаў трапічных раслін — ад лімонаў і мандарынаў да бананаў, гранатаў, інжыру і фейхоа.

Асабліва маштабнай выглядае дзейнасць драчкаўскіх школьнікаў. Разам з педагогамі вясной гэтага года яны пасеялі насенне 50 гатункаў агароднінных і збожжавых культур. Нават на тэрыторыі ў 2,2 гектара ім аказалася мала месца для рэалізацыі ўсіх ідэй, у прыватнасці, членам школьнага лясніцтва, якое даўно цесна супрацоўнічае са Смалявіцкім лясгасам, з Драчкаўскім лясніцтвам, дапамагае даглядаць лесапасадкі. У юных лесаводаў зарадзілася ідэя закласці свой гадавальнік і паспрабаваць самім нешта вырасціць. Пачыналі з елкі, сасны, потым з’явіліся насаджэнні самшыту, брызгліны, туі, ядлоўцу, клёну, спірэі, цісу, барбарысу і інш. Сёлета іх разнастаілі некалькі радкоў сібірскай сасны, кедру, лістоўніц.

Аб тым, што дзецям гэта падабаецца, найлепш гаворыць наступнае: амаль трэць выпускнікоў выбірае спецыяльнасці, напрамую звязаныя з лясной гаспадаркай. І сёлета з 8 выпускнікоў трое абралі лесагаспадарчы факультэт.

Шырокі маштаб і ў межах школьнай бізнес-кампаніі, у склад якой уваходзяць усяго толькі 8 чалавек. Яны вырошчваюць з чаранкоў туі на продаж. Абыходзячы школкі для хвойных, у якіх ужо прыжыліся тысячы маленечкіх туй, удыхаючы хвойны водар на па-дызайнерску аформленай тэрыторыі, я засмуцілася адным: такая маштабная дзейнасць школьнікаў прынесла за мінулы год усяго толькі 80 рублёў даходу.

Гэтае пытанне не раз узнімалася падчас канферэнцыі, бо, з аднаго боку, школы стымулююць зарабляць за кошт сваіх участкаў, з другога — няма дакладных механізмаў, як гэта аформіць. У якасці альтэрнатывы ўдзельнікам канферэнцыі была выказана ідэя наладзіць сацыяльнае партнёрства з мясцовымі аграсядзібамі: яны з задавальненнем купляюць лішкі прадукцыі па прыемных для школ цэнах.

Падводзячы вынікі канферэнцыі, яе ўдзельнікі адзначылі, што сама па сабе агранічная сельская гаспадарка — не столькі інавацыя, колькі даўно вядомыя метады, толькі забытыя, “дзякуючы” росквіту хімічнай прамысловасці. А такога кшталту мерапрыемства абавязкова стане нагодай успомніць ці на-новаму засвоіць гэтыя метады і апрабаваць ужо на сваім прышкольным участку.

“Я скептычна адносіўся да арганікі да наведвання Драчкаўскай школы, — прызнаецца Сяргей Зінкевіч, дырэктар Мар’інагорскай гімназіі. — Мяне ўразілі адносіны да праекта, да справы, і канчатковы вынік — відавочны. Гэта патрэбна для прасоўвання экалагічнага земляробства з прышкольных участкаў на дамашнія праз дзяцей, для змяншэння выкарыстання пестыцыдаў і гербіцыдаў, што ўрэшце адаб’ецца на здароўі нашых дзяцей, на змяншэнні анкалагічных і іншых захворванняў. Калі бачыш, з якім імпэтам уключаюцца дзеці, калі ўзахлёб расказваюць пра свае першыя дасягненні, становіцца зразумела, што калі яны застануцца жыць і працаваць у роднай вёсцы, то будуць працягваць працаваць на сваіх участках па-новаму”.

Звяртаючыся да настаўнікаў школ, Ганна Дзірко, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Чашніцкага раёна Віцебскай вобласці, сказала: “Я пераканана, што ўсе без выключэння сельскія школы павінны мець доследныя ўчасткі, у горадзе — максімальна, дзе магчыма. Я два дні хадзіла і знізу ўверх глядзела на вас — практыка-арыентаваных, апантаных ідэяй, бо больш за ўсё натхняе і дае надзею на будучыню ўсіх гэтых пачынанняў агонь у вашых вачах. І пасля гэтай канферэнцыі я зраблю ўсё, каб гэтак загарэліся вочы ў дырэктараў школ і нашага раёна”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.