Школьны сад на новы лад

- 11:56Выхаванне

Вы працуеце ў сельскай школе і марыце, каб яна стала зялёным аазісам? Каб вучні асвойвалі курс батанікі не ў класе, а на прышкольным участку? Каб яны ацэньвалі перавагі арганічнага земляробства на практыцы, а ў школьнай сталовай круглы год частаваліся экалагічна чыстай садавіной і агароднінай? І пры гэтым не ўкладваць сродкаў на пакупку саджанцаў і абсталявання? Тады праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Школьны сад”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і сафінансуецца Міжнародным Зялёным Крыжам, для вас. 

Экалагічныя перспектывы

Праект разлічаны на 4 гады, і на першым этапе ў яго ўключацца каля 60 сельскіх школ Беларусі, Украіны і Малдовы. У нашай краіне пакуль пад увагу арганізатараў падпалі школы толькі Міншчыны, Гомельшчыны і Віцебшчыны. Ва Украіне — Чарнігаўскай, Кіеўскай і Жытомірскай абласцей, у Малдове — раёны Штэфан-Вода і Крыўляны. У далейшым да іх будуць далучацца зацікаўленыя сельскія школы іншых рэгіёнаў, а ў будучыні — і іншых краін Усходняга партнёрства.

Ідэя праекта ў тым, каб аднавіць прышкольныя ўчасткі ў небагатых сельскіх населеных пунктах, уключыць іх у глабальнае адукацыйнае і эканамічнае асяроддзе, павысіць культуру моладзі ў галіне здаровага харчавання, надаць імпульс для распаўсюджвання эфектыўных і бяспечных агратэхналогій.

Школы з прышкольнымі ўчасткамі стануць інкубатарамі з комплексам адукацыйных праграм па сучасных бяспечных агратэхналогіях, арганічным земляробстве, асновах здаровага харчавання, развіцці прадпрымальніцтва, інфармацыйных тэхналогіях, агратурызме, а таксама з інавацыйнай сістэмай тэсціравання і кансультавання, прадастаўленнем індывідуальных рэкамендацый сельскай моладзі па пытаннях прафесійнай траекторыі росту.

У рамках праекта інкубатары будуць аб’яднаны ў партнёрскую сетку з іншымі сельскімі школамі, мясцовымі ўстановамі, рэгіянальнымі і нацыянальнымі прафесійнымі навучальнымі ўстановамі, сельскагаспадарчымі навукова-даследчымі цэнтрамі, суб’ектамі рынкаў працы і прадуктаў харчавання, у тым ліку праз стварэнне інтэрнэт-платформы “Школьны сад” з базай даных аб партнёрах і іх вопытам у арганічнай сельскай гаспадарцы, павышэнні прафесійных навыкаў і працаўладкавання; аб прапановах па прадпрымальніцтве, сумеснай вытворчасці і прасоўванні “чыстай” прадукцыі, аналізе сітуацыі на рынку і іншых карысных пытаннях.

Плануецца адкрыць і дыстанцыйныя курсы, што зробіць праект даступным для сельскай моладзі іншых краін Усходняга партнёрства. Галоўнымі спікерамі і настаўнікамі будуць італьянскія партнёры з Фонду Яна Паўла II (Таскана), які мае багаты вопыт у арганічным земляробстве і ў навучанні іншых у гэтым кірунку. Фонд спецыялізуецца на аказанні як фінансавай, так і адукацыйнай дапамогі краінам Блізкага Усходу, якія маюць аграрную накіраванасць, але знаходзяцца ў складаных эканамічных і сацыяльных умовах. Акрамя таго, спецыялістамі фонду распрацаваны шэраг праграм, якія навучаць “знайсці сябе” ў дробнай сельгасвытворчасці.

“Ні для каго не сакрэт, што рэпутацыя сельскай працы ў моладзі незайздросная. І як вынік — колькасць насельніцтва ў вёсках памяншаецца. Для змянення сітуацыі сельскім рэгіёнам неабходны перспектыўная прафесійная адукацыя, эканамічныя магчымасці і сацыяльная інтэграцыя для моладзі”, — гаворыць Уладзімір Шаўцоў, кіраўнік Беларускага Зялёнага Крыжа і каардынатар праекта.

“Мы спадзяёмся, што наш праект дапаможа ў вырашэнні галоўнай праблемы — старэння сельскага насельніцтва і яго адтоку. Школьнікі, якія будуць навучацца па-новаму, убачаць перспектывы сельскага жыцця за кошт укаранення новых агратэхналогій, прадпрымальніцкіх навыкаў і г.д., — дадае тэматычны каардынатар праекта Уладзімір Пусташыла. — Па сутнасці, гэты праект — спроба адрадзіць прышкольныя ўчасткі, але ўжо на іншым, больш сучасным узроўні, пашырыўшы іх функцыі. Гэта і навучанне сучасным агратэхналогіям, асновам прадпрымальніцтва і маркетынгу, магчымасць атрымліваць дадатковы даход для ўстановы і саміх дзяцей, патаненне харчавання ў школе і набыццё карысных навыкаў на рэальнай пляцоўцы, магчымасць рэалізоўваць свае ландшафтныя праекты”.

Дарэчы, як адзначаюць арганізатары, назву праекта варта разумець шырэй, чым уласна пладовы сад. Па задуме, гэта будзе вытворчы комплекс, у якім могуць быць агарод, пладовы сад, цяпліцы, пчальнік, зімовыя сады, творчыя майстэрні і інш.

Праблемы вырашаць будзем разам

Тры краіны для пілотнага праекта былі выбраны невыпадкова: іх аб’ядноўвае праблема скарачэння сельскага насельніцтва (прыкладна на 15—20% за 10 гадоў), пры тым, што маецца добрая сельскагаспадарчая база і што ў гэтых краінах важным пытаннем з’яўляецца нацыянальная харчовая бяспека.

Юрый Сапіга, заснавальнік і выканаўчы дырэктар арганізацыі “Зялёны Крыж Украіны”, адзначыў: “Для нас уключэнне ў гэты праект — унікальная магчымасць далучыць да арганічнага земляробства школьнікаў, бо да гэтага мы працавалі толькі са студэнтамі. У праекце мы плануем задзейнічаць каля 20 школ, стварыць 3 інкубатары ў кожным з трох рэгіёнаў. Пакуль нашы дзеці з перыферыі чакаюць выпускнога, каб паступіць ва ўніверсітэты ў Кіеў, Харкаў, Днепрапятроўск і назаўсёды вырвацца з вёскі. Спадзяёмся, што гэты праект дапаможа нам змяніць сітуацыю і дапаможа школьнікам, асабліва з Чарнобыльскага рэгіёна, адчуць, што ў іх праца на зямлі ў родным сяле будзе запатрабавана і зможа забяспечыць годнае жыццё. І для нас найважнейшы ў праекце кампанент — адукацыйны. Асабліва для педагогаў, якія і далей будуць працаваць там з дзецьмі. Яны самі не ведаюць, як весці арганічнае земляробства. Таму мы пачнём навучанне з педагогаў”.

Юліяна Кантарагіу, супрацоўнік Нацыянальнага экалагічнага цэнтра Малдовы, спадзяецца, што новы праект пераверне ў свядомасці моладзі стаўленне да здаровага харчавання.

“Малдова як была спрадвеку аграрнай краінай, такой і засталася. Але ж наша земляробства далёкае ад арганічнага, — адзначае яна. — Нашы фермеры патанняюць вытворчасць сельгаспрадукту за кошт шырокага выкарыстання хімічных угнаенняў і пестыцыдаў, таму пра якасць вырашчанай прадукцыі гаварыць не даводзіцца. Фермеры вельмі марудна перабудоўваюцца на экавырошчванне. Але радуе, што ў нас з’яўляецца попыт на экапрадукцыю, таму першапраходцы сярод фермераў ужо з’яўляюцца. Цяпер наша задача — навучыць моладзь вырошчваць чыстую прадукцыю і праз яе рэалізацыю павышаць здароўе нацыі”.

Увага: конкурс!

Для ўключэння ў праект дастаткова аркуша паперы, алоўка і дызайнерскай думкі. Бо на першым этапе — з 1 па 30 верасня — будзе праведзены адкрыты конкурс праектаў школьных участкаў сярод устаноў адукацыі, уключаных у праект рэгіёнаў. Гэта могуць быць як установы, якія толькі плануюць стварыць прышкольны ўчастак, так і тыя, хто хоча ўдасканаліць ужо існуючы.

 “З усіх праектаў ад беларускіх школ мы адбяром лепшыя, на восеньскіх канікулах сустрэнемся з іх прадстаўнікамі, абмяркуем іх планы, і ўжо вясной мы дапаможам, згодна з іх планам, абсталяваць участкі цяпліцамі, сістэмамі палівання, забяспечым інвентаром, насеннем, саджанцамі і г.д.”, — растлумачыў Уладзімір Пусташыла.

Для ўдзельнікаў праекта “Школьны сад” будуць арганізаваны азнаямленчыя туры ў Італію, дзе яны змогуць бліжэй пазнаёміцца з вопытам дробнага аграбізнесу. У далейшым па адной са школ у кожным рэгіёне, які ўдзельнічае ў пілотным праекце, стануць інкубатарамі, якія будуць наладжваць навучанне для іншых зацікаўленых школьнікаў і маладых людзей, праводзіць для іх экскурсіі. Будуць распрацаваны навучальныя курсы — факультатывы для школьнікаў, прафарыентацыя для моладзі, курсы выхаднога дня для дарослых.

Адзін з важных момантаў праекта — зрабіць прадукцыю прышкольных участкаў канкурэнтаздольнай. У развітых краінах попыт на арганічныя прадукты значна перавышае іх прапанову, хоць і цана на іх высокая. Змяняецца сітуацыя і ў нас: людзі пачынаюць задумвацца пра тое, што і як яны спажываюць.

“Думаю, трэба проста знайсці сваю нішу. Напрыклад, фарміраваць тыднёвыя прадуктовыя кошыкі для небуйных заказчыкаў, бо арганічнае земляробства немагчыма ў вялікіх маштабах”, — прапануе варыянты Уладзімір Шаўцоў.

Да таго ж сацыяльны давер да школы таксама стане своеасаблівым сертыфікатам якасці, таму арганізатары праекта плануюць увесці таварную марку “Школьны сад”. А фарміраванне сеткі вытворчых інкубатараў дазволіць школам рэалізоўваць разам вялікія партыі аднаго прадукту больш буйным пакупнікам, што значна павысіць іх кошт.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота аўтара.